Грамадства11

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Праз месяц пасля свайго вызвалення і дэпартацыі ў Літву прафсаюзны дзеяч Аляксандр Ярашук падзяліўся ў фэйсбуку гісторыяй свайго «хаджэння па пакутах» — па лагерах і турмах Беларусі.

Аляксандр Ярашук у верасні 2025 года. Скрыншот з відэа

Выгаранне напярэдадні катастрофы

«Шматгадовы стан напружання, балансаванне на вастрыні нажа прывяло да таго, што да 2019 года адбылося маё поўнае эмацыйнае выгаранне. (…) Трывога, страх, панічныя атакі, прыгнечанасць, дэпрэсія, бяссонніца сігналізавалі пра відавочныя непаладкі майго арганізма», — пачынае свой аповед Ярашук і згадвае, што пройдзены курс лячэння ў псіхатэрапеўта дапамог пераадолець крызіс.

Але наперадзе быў «эпічны 2020 год», удзел у падзеях якога зноў вярнуў яго ў стан псіхафізічнага знясілення. Новы курс лячэння пачаць мужчына не паспеў.

«19 красавіка [2022 года] ў офіс імкліва ўварвалася група «Альфы» і КДБ чалавек з васьмі, надзела кайданкі, прыціснула маю фізіяномію да стала».

Аляксандр Ярашук да 2020-га. Фота:Наша Ніва

Допыты і «жарты» ў КДБ

Як згадвае Ярашук, пасля шматгадзіннага вобшуку яго даставілі ў КДБ:

«Гэты шматпакутны дзень працягнуўся двума начнымі допытамі, супрацоўнікі беларускага КДБ любяць працаваць па начах, як іх папярэднікі са сталінскага НКВД. І завяршыўся ён а 4‑й гадзіне раніцы ўжо ў камеры СІЗА КДБ.

На наступны дзень а 11‑й гадзіне раніцы адбыўся чарговы допыт у КДБ. Новы следчы з ходу спытаў: «Аляксандр Ільіч, ведаеце, як каментуе ваша затрыманне беларуская апазіцыя?» «Здагадваюся», — адказаў я. «Арыштаваны памагаты рэжыму». І дадаў: «Мусіць, яна ўдзячная вам за гэта».

«Хоць я і дазваляў сабе жартаваць, але мне было не да жартаў», — згадвае мужчына і заўважае, што знаходжанне ў СІЗА КДБ, а потым на Валадарцы стала сапраўдным выпрабаваннем на трываласць:

«Я проста выжываў, не спадзеючыся, што доўга працягну. Трывога, страх, панічныя атакі навальваліся хваля за хваляй, я не выходзіў з дэпрэсіі, бяссонніца набыла хранічны характар».

Следства, каб давесці справу да суда, пайшло на беспрэцэдэнтны крок, дазволіўшы візіт псіхатэрапеўта, які прызначыў антыдэпрэсанты. Запрошаны з Навінак псіхіятр пацвердзіў дыягназ, пра які сам Ярашук даведаўся толькі на судзе ў канцы снежня 2022 года: «у мяне вызначаны псіхічны разлад асобы». Гэта, аднак, не перашкодзіла суду вынесці прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі.

Аляксандр Ярашук і Сяргей Антусевіч у судзе. Фота: БелТА

Шклоўская «фабрыка катаванняў»

Як згадвае Ярашук, пасля вынясення прысуду яго перавялі ў СІЗА-4 Магілёва, а пасля адмовы на пададзеную апеляцыю этапавалі ў папраўчую калонію №17 у Шклове, якую ён называе «фабрыкай катаванняў». 

«На гэтай фабрыцы катаванняў узяліся з першага дня рабіць з мяне злоснага парушальніка правілаў унутранага распарадку.

Становішча было настолькі крытычным, што псіхолаг, прачытаўшы маю анкету, кінулася глядзець мае запясці. «У вас анкета суіцыдніка! — усклікнула яна. — Вы думаеце пра суіцыд?» «Хоць думкі пра смерць мяне не пакідаюць, але вы можаце быць спакойныя, я нічога з сабою не зраблю. Я абяцаў сям'і вярнуцца, і слова сваё стрымаю», — быў мой адказ», —

згадвае былы палітвязень і дадае, што за пяць месяцаў у Шклове ён чатыры разы пабываў у ШІЗА і на два месяцы быў адпраўлены ў ПКТ.

Шклоўская калонія. Фота: Ударны фронт

Нечаканая сустрэча з начальнікам калоніі прывяла да яго пераводу ў турму Магілёва:

«Падчас адной з праверак (…) у камеры з'явіўся сам гаспадар зоны, палкоўнік Карніенка. І мусіць, вельмі пашкадаваў пра гэта, калі я прапанаваў яму падзяліцца досведам лекавання майго псіхічнага разладу катаваннямі ў ШІЗА і ПКТ.

Карніенка куляй вылецеў з камеры. І неўзабаве мой лёс быў вырашаны. Рашэннем раённага суда горада Шклова я быў адпраўлены адбываць пакаранне да канца тэрміну на строгі рэжым, у крытую турму горада Магілёва (СТ-4)».

Выжыванне ў турме

Турэмны рэжым, па словах Ярашука, значна больш жорсткі, дэпрэсіўны і прыгнятальны. «У крытай турме можа адбыцца ўсё што заўгодна. У СТ-4, напрыклад, у адной камеры звялі двух неадэкватаў, у выніку адзін другому адрэзаў галаву. Пасля чаго ў асуджаных забралі станкі для галення і выдавалі раніцай на абмежаваны час».

«Выжыць можна было толькі за кошт выключнай канцэнтрацыі валявых намаганняў, поўнай мабілізацыі арганізма. Кожнае напісанне лістоў родным я ператвараў у антыдэпрэсіўны сеанс. Ні ў маёй гаворцы, ні ў лістах, ні ў зносінах з сукамернікамі ніколі не гучала тэма турмы. Нібы яе для мяне не існавала, быццам у ёй я не знаходзіўся», — працягвае былы палітвязень.

Магілёўская турма №4. Фота: svaboda.org

Па яго словах, з сукамернікамі ён імкнуўся знаходзіць супольную мову, кіруючыся простай ісцінай: «у кожным з асуджаных, нават па цяжкіх артыкулах, захавалася хоць нешта людскае». Ярашук ніколі не называў нікога па мянушцы, а толькі па імені, і хутка адчуў павагу турэмнай супольнасці:

«Многія з іх часта станавіліся маімі сябрамі, і пра іх я сёння з цеплынёй успамінаю. Адзін, пераходзячы ў іншую камеру, пакінуў мне сваю вату (матрац), другі — падушку. Таму што тое, на чым я спаў як палітычны 10 прафуліку, цяжка было назваць пасцельнай прыналежнасцю».

«Свае адносіны з адміністрацыяй я будаваў па прынцыпе вязняў ГУЛАГа — «не вер, не бойся, не прасі», —

працягвае Ярашук і адзначае, што за два гады яму было абвешчана 5 ці 6 вымоў, ён быў пазбаўлены спатканняў, але ў ШІЗА не адпраўлялі ні разу.

«Можа, таму што адміністрацыю задавальняла тое, што ў камерах, дзе я знаходзіўся, ніколі не ўзнікала канфліктных сітуацый. Магчыма, адбівалася тое, што я быў найстарэйшым у турме асуджаным. Да таго ж я ніколі ні на што не скардзіўся, нічога не прасіў і не патрабаваў», — выказвае свае здагадкі былы палітвязень.

У той жа час, «бывала так, што пасля чарговага дурноцця каго-небудзь мяне на чатыры месяцы пазбаўлялі прыёму антыдэпрэсантаў. Столькі ж часу не прыносілі дасланыя жонкай таблеткі ад ціску, якія я павінен быў прымаць штодня — у турме з гіпатоніка я ператварыўся ў гіпертоніка.

Да ўсіх такіх перыпетый я прывучыў сябе ставіцца стрымана, бо лічыў сябе не асуджаным, а хутчэй ваеннапалонным».

Адмова ад «пакаяння» і нечаканая свабода

Як піша Ярашук, 23 ліпеня 2024 года ў яго адбылася сустрэча з пракурорам, які прыехаў з Мінска. Той прапанаваў напісаць прашэнне аб памілаванні. Размова доўжылася чатыры гадзіны.

«Добра, — пагадзіўся я нарэшце, — напішу, але не па прапанаванай форме. Пісаць пра тое, што прызнаю Лукашэнку, Канстытуцыю і УНС, я не буду». «Тады ў нас нічога не атрымаецца», — сказаў пракурор. «А я вас ні пра што не прашу. Вы прыехалі да мяне, а не я да вас». На гэтым усё і скончылася».

«Мой тэрмін павінен быў скончыцца 1 лістапада [2025 года]. Але, назіраючы за тым, што адбываецца, я без асаблівай радасці прыходзіў да высновы, што за якіх-небудзь месяц-паўтара да вызвалення мяне могуць памілаваць. Рэжым любіць на такой псеўдагуманнасці зарабляць сабе балы», — даводзіць Ярашук.

У выніку так і атрымалася. За паўтара месяца да вызвалення яго «памілавалі». Але замест таго, каб адправіць дадому, вывезлі ў Літву, пазбавіўшы пры гэтым дакументаў і, па сутнасці, беларускага грамадзянства.

Жыццё пасля турмы

Асвойваючыся на волі, 73‑гадовы Аляксандр Ярашук пераасэнсоўвае перажытае. Ён сцвярджае: «Турма мяне шмат чаму навучыла, я шмат у чым стаў іншым. Яшчэ больш умацаваўся ў меркаванні, што чалавека можна знішчыць, але перамагчы немагчыма. Падобна да таго, хто цудам выжыў у авіякатастрофе, я стаў па-сапраўднаму цаніць жыццё».

Былы палітвязень выказвае ўдзячнасць велізарнай колькасці людзей ва ўсім свеце, якія аказвалі яму падтрымку. Як адзначае Ярашук, нягледзячы на зняволенне і ліквідацыю незалежных прафсаюзаў, міжнародная супольнасць працягвала яго падтрымліваць, пераабраўшы віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў і пацвердзіўшы мандат у Міжнароднай арганізацыі працы. Гэты статус ён мае намер выкарыстаць напоўніцу.

«Я маю намер і далей рабіць усё, каб мая краіна, Беларусь, здабыла выпакутаваную свабоду, каб душы беларусаў пакінулі рабства, страх і пакорлівасць. А ідэалогіяй краіны стала не насаджэнне канфрантацыі і нянавісці паміж грамадзянамі краіны, а ўзаемаразуменне і салідарная падтрымка адно аднаго. Што так адпавядае ментальнасці талерантных і міралюбных беларусаў», — завяршае свой допіс Аляксандр Ярашук.

Каментары1

  • Былы палітвязень
    18.10.2025
    Ніякіх талерантных і міралюбівых беларусаў няма і ніколі не было. Мы сьмелая і рашучая нацыя. Мы нацыя Ваяроў.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука1

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Усе навіны →
Усе навіны

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў3

79‑гадовую пенсіянерку ў Столінскім раёне шукалі 4 дні і знайшлі жывой5

У Кітаі працягваюцца жорсткія чысткі ў арміі: паляцела галава другога чалавека ў войску3

«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну». Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зяленскім22

Філосаф Мацкевіч прапануе стварыць варыянт беларускай рускай мовы, каб зблізіць яе з беларускай125

Польскі суд адмовіўся выдаваць Германіі абвінавачанага ў падрыве «Паўночнага патока»4

Аляксандр Азараў закрывае фонд Bypol4

У «Беларуснафце» расказалі, як вырашаюць праблему чэргаў на АЗС6

У мінскай Камароўкі з'явіўся канкурэнт. Якія цэны на гэтым «сакрэтным» рынку?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука1

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць