Грамадства1414

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы

Сотні беларусаў ужо трапілі за краты па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Затрыманні за ўдзел у пратэстах працягваюцца дагэтуль, але хутка заканчваецца тэрмін даўніны па гэтым артыкуле, які складае пяць гадоў. Што гэта значыць?

Беларускі адвакат, які займаўся абаронай палітвязняў (яго імя не называецца ў мэтах бяспекі), патлумачыў «Нашай Ніве», што зменіцца для ўдзельнікаў пратэстаў з заканчэннем пяцігадовага тэрміну даўніны.

Ёсць дэманстрант, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 года (тут можна падстаўляць і любую іншую дату). Што яму пагражае цяпер і што будзе пагражаць далей?

Калі чалавека ўжо асудзілі па артыкуле 342 і ён трапіў у калонію ці на хімію, то заканчэнне тэрміну даўніны ніяк не паўплывае на яго лёс.

Калі чалавека нядаўна арыштавалі — напрыклад, адзін-два месяцы назад, — то ёсць вялікая розніца, ці паспеюць яго асудзіць да 16 жніўня 2025 года. Прычым важны не дзень суда, а дата, калі прысуд набудзе моц. Калі асуджаны ў першасным судзе не піша апеляцыйную скаргу, то гэта адбываецца праз 10 дзён пасля вынясення прысуду. А калі асуджаны падае на апеляцыю, то ў дзень апеляцыйнага разгляду.

Адпаведна, калі прысуд па артыкуле 342 не ўступіў у сілу да пятай гадавіны «злачынства», справа мусіць быць спыненая. Суддзя павінен спытаць у абвінавачанага, ці згодны ён на спыненне справы ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. І калі атрымае згоду, на гэтым крыміналка будзе скончаная. З іншага боку, калі абвінавачаны скажа «не», яму выносяць прысуд, але вызваляюць яго ад пакарання праз заканчэнне тэрміну даўніны.

Адвакат тлумачыць, што гэтая логіка працуе і ў выпадках, калі б тэрмін даўніны скончыўся да падачы на апеляцыю ці да яе разгляду. У такім выпадку менавіта апеляцыйны суд мусіць спыніць справу.

Гэта значыць, што калі чалавека арыштоўваюць па 342-м артыкуле зараз, то ёсць вялікія шанцы, што пакаранне абмяжуецца чаканнем суда ў СІЗА. Бо нават калі пасадзілі за марш, які адбыўся ў кастрычніку 2020 года, пакуль справа пройдзе ўсе інстанцыі, то ўжо наступіць кастрычнік 2025 года — і чалавека давядзецца адпускаць.

Але ёсць некалькі важных нюансаў.

Можа быць так, што на пратэстоўца яшчэ раней завялі крыміналку па народным артыкуле, але чалавек здолеў перабрацца за мяжу. Тэрмін даўніны і ў такім выпадку заканчваецца праз пяць гадоў ад «злачынства», але ёсць адно выключэнне.

Калі чалавека абвясцілі ў вышук па артыкуле 342, яго асабісты тэрмін даўніны павялічваецца з 5 да 15 гадоў. Гэта датычыць і сітуацый, калі чалавек хаваецца ўнутры краіны.

Прычым няма спосабу аддалена праверыць са стопрацэнтнай дакладнасцю, абвешчаны ў вышук ці не.

Іншы важны момант — ці вы не здзейснілі за гэтыя пяць гадоў тэрміну даўніны нешта яшчэ, што дзяржава можа кваліфікаваць як крымінальнае злачынства. Напрыклад, напісалі нейкі рэзкі каментар, які ў вас знойдуць падчас агляду мабільніка пры ператрусе.

У такім выпадку тэрмін даўніны па артыкуле 342 адлічваюць нанава з даты здзяйснення новага «злачынства». Напрыклад, калі вы ўдзельнічалі ў пратэстах 9 жніўня 2020-га і напісалі каментар або зрабілі данат у жніўні 2021-га, ваш тэрмін даўніны па артыкуле 342 скончыцца ў жніўні 2026-га.

Эксперт тлумачыць:

«Нават калі такі каментар пакінуць 8 жніўня 2025-га, тэрмін даўніны па артыкуле 342 пачне ісці нанава з гэтага дня, хаця і прайшло амаль пяць гадоў. Лічыцца па апошнім злачынстве».

Юрыст нагадвае: магчыма, цягам гэтых пяці гадоў чалавек пабыў у нейкім чаце, пазней прызнаным экстрэмісцкім, ці рэпосціў нешта забароненае. Таму і праз пяць гадоў пасля пратэстаў ніякіх гарантый для яго няма.

Больш за тое, нават калі тэрмін даўніны сышоў і беларус ні ў чым новым за гэты час не ўдзельнічаў, яго могуць затрымаць:

«Каб спыніць справу, па якой скончыўся тэрмін даўніны, трэба згода абвінавачанага. Магчыма, ён хоча рэабілітавацца і таму не жадае сканчваць справу, хоча пайсці ў суд і там даказаць, што ён невінаваты. У такім выпадку справу павінны разглядаць.

Адпаведна, гэтыя справы застаюцца ў вытворчасці органаў. І калі тэрмін даўніны скончыўся, гэтыя справы ўсё адно могуць выкарыстоўваць, каб затрымліваць людзей, знаходзіць у іх нешта новае і асуджаць за гэта — напрыклад, за каментары ці нейкія кантакты з «экстрэмістамі».

Суразмоўца лічыць, што калі быў факт удзелу ў пратэсце і пра гэта ведаюць сілавікі, нельга лічыць, што пратэстовец будзе ў бяспецы праз пяць гадоў пасля акцыі. Проста ў такім выпадку, калі на яго не знайшлі нічога іншага, яго не могуць адправіць у калонію па артыкуле 342.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Gust
    09.07.2025
    У Беларусі не да законаў было, ёсць і будзе далей, таму разважаць наконт гэтага не мае сэнсу
  • Поцык
    09.07.2025
    Вы точно о Беларуси говорите? Захотят - посадят вне зависимости от срока истечения ответственности
  • Ніколі яшчэ
    09.07.2025
    Наколькі памятаю, нейкі з чынуш у якога юрыдычная адукацыя казаў, што тэрмін даўніны адлічваеццца не з моманту ўчынення "злачынства", а з моманту яго выкрыцця. Людзей у турму за рыпосты 2019 года забіралі.

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы9

Пад Мінскам машына збіла лася — загінулі два чалавекі, пацярпеў вядомы комік2

У Расіі хлопец на «Лексусе» эфектна вылятаў на набярэжную дзеля прыгожага відэа. Загінуў сам і дзве сяброўкі15

«Вітаем на радзіме». Беларус распавёў пра затрыманне на мяжы за лайк і сапсаваны адпачынак10

У Італіі знайшлі цела 18-гадовай украінскай студэнткі. У дзень смерці ёй адмовілі ў працягу стажыроўкі

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Толькі адзін выпускнік здаваў цэнтралізаваны экзамен па гэтым прадмеце3

Наталля Пяткевіч працягвае выгульваць амерыканскі гардэроб16

Кінолаг расказала пра просты тэст на выхаванасць сабакі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць