У апошнія гады ў Беларусі фіксуецца гістарычна найвышэйшы, як казаў сам Аляксандр Лукашэнка, падзеж буйной рагатай жывёлы. У 2024 годзе загінула амаль 148 тысяч галоў, а за першыя чатыры месяцы 2025 года — ужо 52 тысячы. Прычыны гэтай сітуацыі 7 ліпеня абмеркавалі прадстаўнікі Мінсельгасхарчу і Акадэміі навук.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў, што нічога «катастрафічнага» не адбылося.
Паводле яго, рост лічбаў звязаны не толькі з рэальным павелічэннем падзяжу, але і з тым, што цяпер больш дакладна вядзецца ўлік дзякуючы новай інфармацыйнай сістэме, а таксама выяўленню схаванага падзяжу, які раней маскіравалі, напрыклад, пад продаж мяса насельніцтву.
Паводле слоў першага намесніка дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Кірылы Глушчанкі, здароўе жывёлы трымаецца на трох «кітах»
- Кармленне;
- Умовы ўтрымання;
- Догляд, уключаючы ветэрынарны нагляд і прафілактыку.
Парушэнне хоць аднаго з гэтых пунктаў вядзе да праблем. Асабліва адчувальны да дрэннага догляду маладняк, на які прыпадае да 40% усяго падзяжу.
Асноўныя прычыны падзяжу, дарэчы, адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёну. Так, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях праблема часта звязаная з нізкай якасцю кармоў.
У той жа час у заходніх Брэсцкай і Гродзенскай абласцях вінаватая нібыта высокая прадукцыйнасць жывёлы. Напрыклад, у гэтых рэгіёнах сярэднія надоі складаюць больш за 7,5 тысяч літраў малака на карову ў год, і гэта таксама нагрузка на арганізм жывёлы.
Уладзімір Каранік дадаў, што пры такой інтэнсіўнай жывёлагадоўлі патрэбныя новыя падыходы да захавання здароўя статка.
У сферы ветэрынарнага абслугоўвання, па словах Караніка, у Беларусі дастаткова спецыялістаў, але не заўсёды эфектыўна выкарыстоўваюцца іх магчымасці. Асабліва ў слабых гаспадарках, дзе спецыялісты атрымліваюць нізкія заробкі, што ўплывае на якасць догляду.
Таксама Каранік падкрэсліў, што ў адносінах да маладняку галоўнае — гэта «навядзенне элементарнага парадку», што ён назваў «палітыкай НЭП».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары