Эканоміка88

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Беларускі — некалі толькі кніжны — маркетплэйс Oz.by не вытрымлівае канкурэнцыі з боку расійскага капіталу. Кампанія масава закрывае крамы і атрымлівае позвы ад контрагентаў. Але сітуацыю можна паправіць. 

Oz.by (юрыдычная асоба — ТАА «Прыносім радасць») гэта прыклад якаснага айчыннага маркетплэйса, за які не сорамна. 

Кампанія была створана беларусамі ў 1999-м і дагэтуль ім належыць, дзейнічаючы ў складаных умовах і на сціплым рынку. 

Кампанію заснаваў тагачасны студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Андрэй Грыневіч, які падпрацоўваў у выдавецтве і напісаў для таго просты сайт, праз які можна было прадаваць кніжкі. 

Андрэй Грыневіч, стваральнік Oz.by. Фота: probusiness.by

Потым ён напісаў такі самы сайт ужо для сябе — прымаў на яго замовы, а потым на аўтобусе раніцай ездзіў на кніжны кірмаш на «Дынама», каб там купіць замоўленыя кніжкі і паспець за выходныя расцягнуць іх па замоўцах. Адтуль бізнэс і вырас.

У 2018 новым уласнікам кампаніі стаў выгадаваны ўнутры яе Дзяніс Ткачоў, які адпрацаваў унутры амаль усю ўсвядомленую кар'еру і вырас да топ-менеджара. Цяпер яму належыць 100% «Прыносім радасць». 

Дзяніс Ткачоў. Фота: gorodw.by

Але апошні часам справы ідуць не вельмі. «Наша Ніва» валодае фінансавай справаздачнасцю кампаніі за апошнія гады, і з дакументаў малюецца такая карціна. 

На пачатку 2020-х кампанія рэзка нарасціла крэдытную нагрузку (з 761 тысячы рублёў у 2020-м да 7,32 мільёна рублёў у 2022-м), адначасова пачалі расці інвестыцыі ў асноўныя сродкі і фонд аплаты працы, што азначае стаўку на агрэсіўнае заняцце рынку. 

Кампанія, па сутнасці, нарошчвала колькасць крамаў і пунктаў рэалізацыі. Гэтаму спрыяла наяўнасць у краіне плацежаздольнай публікі і большай эканамічнай актыўнасці «знізу». Напэўна, гэта было правільным і відавочным на той момант рашэннем па развіцці. Але беларускі бізнэс не можа ні ведаць, ні пралічваць доўгатэрміновыя трэнды, абумоўленыя палітыкай. 

Калі 2021 год яшчэ быў закрыты з невялікім чыстым прыбыткам, то з 2022-га ў гадавым балансе пачала расці сума непакрытых страт, а прыбыткі па выніках году пайшлі ў мінус.

Ужо тры гады запар кампанія стратная і праядае крэдытныя рэсурсы і тлушч папярэдніх гадоў. 

За 2024 год кампанія мае 719 тысяч рублёў страт ад бягучай дзейнасці, 490 тысяч рублёў чыстых страт па выніках году і 1,17 мільёна рублёў непакрытых страт за папярэднія перыяды. 

Стаўка на агрэсіўны рывок не можа акупіцца, хаця іншыя аперацыйныя паказчыкі ў норме: выручка складае 62,28 мільёна рублёў, з саліднай рэнтабельнасцю продажаў у 41%. 

Але яскрава выражана праблема росту: расходы на рэалізацыю (22,58 мільёна рублёў) амаль роўныя валаваму прыбытку (25,43 мільёна рублёў). 

Валавы прыбытак 2024-га ў адносінах да 2023-га вырас толькі на 4%, а затраты на яго атрыманне выраслі да таго ж перыяду на 10%. Дэльта ў выпадку Oz.by — гэта страты. 

Грашовы паток пры гэтым з 2021-га вырас толькі на 7% — гэта вельмі сціплая лічба рэальнага фінансавага росту адносна ўкладзеных рэсурсаў. 

Пачынаючы з 2024, кампанія фактычна вымушана пачала здаваць назад, адмовілася ад экспансіі любой цаной і пачала рэзаць сваю сетку. 

За 2024 год закрылася пяць крам у Жодзіне, Мінску, Брэсце і Гродне. 

І толькі за паўгода бягучага году закрылася ўжо 12, па наступных адрасах:

  • Мінск, Партызанскі праспект, 85
  • Слуцк, Леніна, 183
  • Мінск, Кірылы Тураўскага, 12 
  • Мінск, Ждановіча, 7
  • Жодзіна, Леніна, 17/2
  • Мінск, Лабанка, 94
  • Орша, Леніна, 17
  • Мінск, Казінца, 120
  • Мінск, Бяды, 46
  • Магілёў, Мінская шаша, 31
  • Мазыр, Юнацтва, 59А
  • Мінск, Харужай, 17.

З мая 2025-га пастаўшчыкі і контрагенты масава пайшлі на Oz.by у суд, патрабуючы выплат сціплых па мерках індустрыі сум. У рамках прыказных вытворчасцяў Oz.by павінен 11, 28, 2, 16, 6, 4, 5, 20, 21, 11 тысяч рублёў…

Агулам цягам 2025 году кампанія мае выплаціць контрагентам 7,5 мільёна рублёў па кантрактах пастаўкі. 

Да 2024 года эканоміі за кошт людзей, як можна меркаваць са справаздачы, не адбывалася: зарплатны фонд стабільна рос з года ў год пры стабільнай колькасці супрацоўнікаў (каля 500 чалавек). Але, па нашай інфармацыі, сёлета здараліся і праблемы з выплатай заробкаў.

Кампанія б'ецца за адносныя капейкі (200, 300, 500 рублёў) на тэндарах; а ўласнік выплачвае сабе вельмі сціплыя дывідэнды — менш за два сярэднія заробкі па Мінску. 

Пагаршэнне сітуацыі ў Oz.by адбываецца на фоне агрэсіўнага заходу на беларускі рынак расійскага гіганта «Вайлдберыз», які сотнямі адкрывае свае пункты выдачы. Кампаніі не канкуруюць па ўсёй наменклатуры тавараў, але перасячэнні істотныя і вялікія. 

Пры гэтым у кампаніі расійскай мільярдэркі Таццяны Кім існуюць вялікія нярынкавыя перавагі.

Па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі «Вайлдберыз» вызвалены ад падатку на прыбытак на 10 гадоў (пасля чаго да 2026 будзе плаціць толькі палавінны), да 2062 года «Вайлдберыз» не плаціць падатак на нерухомасць і зямельны падатак, першыя пяць гадоў з моманту атрымання прыбытку не плаціць падатак на дывідэнды, а таксама ПДВ на тавары, вырабленыя на тэрыторыі ЕАЭС, падаходны для супрацоўнікаў «Вайлдберыз» — 9%. Гэтыя льготы распасюджваюцца на гіганцкі лагістычны цэнтр у «Вялікім камяні», у які Таццяна Кім абяцае інвеставаць 120 мільёнаў даляраў (а Лукашэнка, у сваю чаргу, цешыць сябе надзеяй, што «Вайлдберыз» уздыме продажы тавараў дзяржвытворчасці). 

У гэты цяжкі для айчыннай кампаніі перыяд выглядала б адказным запланаваць там пакупкі. 

У выпадку, калі Oz.by не зможа выбрацца з сітуацыі і закрыць даўгі папярэдніх перыядаў, траекторыя лёсу гэтай арганізацыі абсалютна ясная: кампанію выкупляць расіяне, і яшчэ адна ніша беларускага рынку канчаткова адыдзе ім. 

Каментары8

  • Фиксируем информацию
    23.07.2025
    Никаких 4.6 штрих кодов, только беларуские, европейские и американские. Запомните, мелочевку которую предлагает WB, вы можете прекрасно заказать на алике, сами, без посредников и наценок. Помогайте беларускому производителю. лука решил полностью ушатать беларускую экономику, чтобы в 30 году отдать эту страну без задней мысли. Помогайте беларускому бизнесу: 7745, 21век, oz.by и другим. Бойкотируйте российское и внимательно изучайте ценник в магазине. Ни копейки россиянским террористам!
  • Вредные советы
    23.07.2025
    Фиксируем информацию , Алик - это автоматом +20% к стоимости, что часто не выгодно. И давайте польские яблоки бойкотировать! Отомстим за полонизацию!
  • Сергей
    23.07.2025
    Они свои цены на книги и другие товары видели?

Цяпер чытаюць

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае8

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Усе навіны →
Усе навіны

На плошчы Якуба Коласа ў Мінску прыбралі знакамітую тратуарную плітку з васількамі3

На некаторыя спецыяльнасці ў БДУ прахадны бал склаў 396 і 398 балаў3

Трамп плануе вывесці ЗША з ЮНЕСКА3

Жанчына ў кафэ ў Грузіі сыграла для наведвальнікаў «Завіруху» ВІДЭА2

У Мінску пабудуюць мост, які злучыць Каменную горку і Ціміразева

«Прынялі рашэнне пакінуць». Айцішнікі жывуць за мяжой, а іх дзеці — у Беларусі5

«Хай спяць пад кустамі!» У Барысаве патрабуюць зрабіць штосьці з бяздомнымі на вакзале11

Расійскія ДРГ праніклі ў Пакроўск5

«Чакаю афіцыйных прабачэнняў». У беларускі згарэў адпачынак у Пакістане з‑за памылкі ў візе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае8

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць