Грамадства

«Хапаюся за ўсе магчымасці». Як справы ў студэнтаў-айцішнікаў, якіх адлічылі, 5 гадоў пасля

Devby.io публікуе гісторыі студэнтаў, якіх адлічылі пасля пратэстаў-2020.

«Працадаўца не змог дапамагчы з працягам ВНЖ, хоць спачатку і казаў, што гэта не праблема»

Уладзіслаў, экс-студэнт БНТУ, вучыцца ў магістратуры Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне, працуе ў сапорце:

— У 2019 годзе я паступіў у БНТУ — а ўжо ў 2020 «вылецеў» адтуль. 

Фармальна мяне адлічылі не за палітыку, а за тое, што не здаў экзамен. Вінаваты ковід — падчас сесіі мяне адправілі на ізаляцыю як кантакт першага ўзроўню. Зачынілі ў інтэрнаце і дазвалялі адлучацца толькі на 20 хвілін у краму ў масцы і ў пальчатках — і больш нікуды.

Неяк у 6:00 раніцы да нас нават міліцыя завітала — спраўдзіць, ці выконваем мы каранцін. Пагражалі немалымі штрафамі (да 50 базавых велічынь — гэта амаль 2000 рублёў), калі толькі ўбачаць нас у аўдыторыях універсітэта.

У выніку мяне перавялі на другі курс без адной адзнакі з абавязацельствам здаць іспыт у верасні. Але калі я прыйшоў на гэты экзамен, высветлілася, што ўжо падпісаны загад аб маім адлічэнні. Намеснік дэкана растлумачыў, што «мяне бачылі з іншымі студэнтамі на пратэстах» у галоўным дворыку БНТУ. 

Праз нейкі час са мной звязаліся хлопцы з універсітэцкай ініцыятывы «ЧУ» і спыталі, ці хачу я вучыцца ў Еўропе. Я быў не супраць, але грошай на гэта не было. Яны расказалі, што Універсітэт Вітаўта Вялікага ў Коўне прымае беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі з-за пратэстаў, без аплаты.

Ва універсітэт мяне залічылі проста ў сярэдзіне семестра. Спачатку я быў вольным слухачом, у мяне было ўсяго два прадметы (але пры гэтым 5 разоў на тыдзень) — літоўская і англійская. Адміністрацыя ВНУ закрыла вочы на тое, што мой узровень англійскай ніжэй за B2 — і я ім вельмі за гэта ўдзячны. 

Ужо летам я змог выбраць факультэт (я выбраў факультэт інфарматыкі — мне заўсёды гэта было цікава). Вядома ж, мяне залічылі без аплаты — нават за інтэрнат не трэба было плаціць. Але была ўмова: бясплатна можна скончыць толькі бакалаўрыят, а магістратура — ужо за грошы.

Далей я збіраўся знайсці працу — і атрымаць Blue card. Але, на жаль, мой працадаўца не змог дапамагчы мне з працягам ДНЖ (хоць спачатку і казаў, што «гэта не праблема»). 

Шукаць іншую працу не было часу — мой дазвол на жыхарства заканчваўся ўжо ў верасні. Таму я прыняў рашэнне пайсці ў магістратуру. За год вучобы трэба было заплаціць 4500 еўра — адным плацяжом. Сума велізарная, я б не змог знайсці столькі, але бацькі маёй дзяўчыны прапанавалі выйсце: яны пазычылі мне грошы — а я аддаваў ім часткамі кожны месяц з заробку.

Зараз усё змянілася: мы расталіся з дзяўчынай. Мне трэба заплаціць за год навучання 5220 еўра. Універсітэт гатовы падзяліць плацеж на два: да лістапада я павінен унесці 2610 еўра — але ў мяне няма такіх грошай, на жаль. Я падаўся на стыпендыю, і яе хутчэй за ўсё ўхваляць, але яна выплачваецца невялікімі плацяжамі па 550 еўра ў месяц (і часта з затрымкамі), я не паспею сабраць патрэбную суму да лістапада. 

Я спрабаваў аформіць крэдыт — але мне паўсюль адмовілі, маўляў, для гэтага трэба, каб у мяне быў ПМЖ (але калі б ён у мяне быў, мне не прыйшлося б вучыцца платна ў магістратуры). Грукаўся ў розныя ініцыятывы і фонды — яны толькі парэкамендавалі звярнуцца да чытачоў devby. Зараз ва ўсіх цяжка з грашыма.

Усе навокал кажуць: не хвалюйся, калі што паедзеш у Польшчу (у Беларусь, зразумела, мне нельга), знойдзеш там працу — на першы час хоць якую. Так, гэта варыянт. Але я пражыў у Літве 4 гады — засталося крыху, каб прэтэндаваць на ПМЖ. А ў Польшчы прыйдзецца пачынаць з нуля. 

Мой заробак зараз — 925 еўра (і гэта нармальна, я ж джун), але 600 з іх ідзе на кватэру. Зараз я знайшоў іншую — танней. Спрабаваў знайсці падпрацоўку — але пакуль безвынікова. Калі хтосьці гатовы мне дапамагчы з працай або яшчэ як-небудзь, калі ласка, пішыце на [email protected].

«У Беларусі мне не далі атрымаць адну адукацыю, таму я вырашыла атрымаць дзве ў Еўропе»

Кася, сышла пасля 3,5 гадоў у БДЭУ, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, намагаецца ўвайсці ў ІТ як DA:

— У 2020 годзе я вучылася на 4 курсе БДЭУ на факультэце фондавых рынкаў. Абрала гэты напрамак, бо добра ведала матэматыку і хацела падвучыць ангельскую. 

Перспектыва працаваць з акцыямі і аблігацыямі мне падабалася. Але ў 2020 годзе я далучылася да стачкама — таму прыйшлося тэрмiнова з’ехаць пасля таго, як я здала залікі (лiтаральна ў апошні дзень, калі наземныя межы былі адчынены. Потым іх зачынілі, бо кавід). Напісанне дыпломнай працы аддзяляла мяне ад статуса дыпламаванага спецыяліста ў эканоміцы.

Пасля пераезда паўстала пытанне, а што ж рабіць далей. Атрымалася паступіць у ЕГУ на Сусветную палітыку і эканоміку на 4 семестр на пастаянную сесійную форму навучання, бо я жыла ва Украіне. 

На першы час, калi я толькi з’ехала, у мяне была «падушка», бо я працавала на выходных, калі яшчэ вучылася ва ўніверсітэце ў Беларусі. Мне пашанцавала, што ў нас было крутое кам’юніці студэнтаў, дзе ўсе адзін аднаго падтрымлівалі. Я прыехала «на ўсё гатовае». Адна дзяўчына ўжо здымала кватэру — i я заехала да яе і не плаціла залог за кватэру і пра ўсё, што трэба ў першую чаргу зрабіць, мне расказала яна.

Потым для мяне зладзiлi збор. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся і заданаціў. Гэта дапамагло выйграць час, каб зразумець, што рабіць.

Калі казаць пра ЕГУ, то мае навучанне там было бясплатным. Адзiн раз я нават атрымала сацыяльную стыпендыю — мо 150 еўра. 

Хаця я больш страціла, чым атрымала. Бо на апошнім курсе ЕГУ на летніх канікулах днём даслалі паведамленне, што трэба запоўніць заяву, каб і далей бясплатна вучыцца, а раніцай наступнага дня выдалілі пошту. І пакуль я разбіралася, чаму я не магу ўвайсці ў сваю пошту, пачаўся навучальны год (яны мне не напісалі, што гэта ў іх збой, таму я думала, што забыла пароль). А потым я раптам атрымала паведамленне, што ў мяне ёсць тыдзень, каб заплаціць 1200 еўра. 

Сваю памылку яны не прызналі і сказалі, што ў мяне ў верасні (а навучанне пачынаецца з кастрычніка, то бок, гэта былі канікулы) ад 15:00 да 8:00 быў час убачыць паведамленне і падаць заяву на атрыманне фінансавання на навучанне. У выніку мне далі месяц, каб знайсці грошы i аплаціць. Паўстала пытанне, ці працягваць там вучыцца. Другі раз сыходзіць з апошняга курса ўніверсітэта я не хацела. Таму мае накапленні пайшлі на аплату ЕГУ.

Потым я пераехала ў Польшчу, пачала вучыць мову і для падтрымання ўзроўня польскай мовы, а таксама ж для паляпшэння ангельскай і проста для душы паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт на беларускую філалогію з ангельскай мовай. 

Шчыра кажучы, была яшчэ адна прычына — у Беларусі мне не далі атрымаць адну адукацыю, таму я вырашыла нагнаць час і атрымаць паралельна дзве ў Еўропе.

На гэты момант я ўжо маю бакалаўра ў ЕГУ і вось-вось атрымаю бакалаўра ў Варшаўскім ўніверсітэце. 

Трэба зазначыць, што я вывучала польскую па праграме Калiноўскага i атрымлiвала там стыпендыю. Але, калі я жыла ў Варшаве, гэтых грошаў не хапала нават на аплату кватэры. Пасля пачатку паўнамасштабнай вайны я ўзяла сабе сабаку, якога вывезлі з-пад Кіева, — таму ў інтэрнаце жыць не магла.

Паралельна з навучаннем я займалася актывізмам і працавала ў грамадскай арганiзацыi, НДАшны сектар вельмі дапамог развіць софт скілы і там я змагла спалучыць усе свае адукацыі, бо мы працуем як раз з палітыкай, эканомікай і прасоўваем беларускую ідэнтычнасць.

Калі паўстала пытанне пошуку працы, мне трапіліся марафоны, дзе я цягам некалькіх дзён магла затэсціць розныя IT-прафесіі. І калі мы дайшлі да аналітыкі даных, я зразумела, што гэта маё. 

Тыя прафесіі, дзе трэба багата камунікацыі, я адкінула адразу. Рэкруцёр, проджэкт менеджмент, бізнес аналітыка — гэта тое, дзе патрэбна багата камунікаваць з рознымі людзьмі, я разумею, што такой камунікацыіі мне хапае ў грамадскай арганiзацыi. Хацелася нечага спакойнага, дзе ёсць тое, што я люблю і тое, што можна яшчэ пракачаць. Я люблю лагічныя задачы, люблю сядзець і капацца ў інфармацыі, люблю працаваць сам-насам, але таксама ўмею выступаць перад аўдыторыяй і ўпэўнена, што змагу ў ДА палепшыць гэты скіл. 

Цяпер я хапаюся за ўсе магчымасці паглыбіць веды ў DA. Бачу круты курс — сюды яго! Праходзім!

На гэты момант я ўжо месяц шукаю працу. Вельмі хачу працаваць у беларускай ці ўкраінскай кампаніі. Мяне ўжо запрашалі ва ўкраінскую кампанію, якая для мяне была на 10 з 10, бо ў іх хоць і афлайн-фармат (нічога не маю супраць, а толькі за; тым больш першы час, калі магчымасць падысці да кіраўніка і спытаць нешта — скарб), але ёсць офісы ў Варшаве і ў Кіеве і ты можаш працаваць у любым з іх. Гэта быў для мяне ідэальны варыянт, бо гэта гарады паміж якімі я часта езджу і магчымасць працаваць і бачыцца з сям’ёю для мяне важна. 

Карацей, я адкрыта для прапаноў. Шкада, што няма нейкага буйнога спіса кампаній з беларускімі фаундэрамі. Я б з задаваленнем даслала б сваё рэзюмэ ім.

Ці ёсць нешта, пра што я шкадую зараз? Нядаўна злавіла сябе на думцы, што калі б пасля ад’езду з Беларусі пачала будаваць кар’еру, я была б ужо DA з 5 гадамі досведу, але пакуль што я junior DA з 2 «вышкамі», 5 мовамі, моцнымі софт скіламі і 3+ гадамі працы ў грамадзкай арганiзацыi.

А для большасці вакансій патрэбен досвед у аналітыцы даных. Упэўнена, як толькі я знайду сваю першую працу як DA, гэты сум знікне. Чакаю гэтага моманту.

Кожны дзень я правяраю LinkedIn і вакансіі, якія мне пасуюць (я маю свой спіс кампаній з беларускімі каранямі і праглядаю іх сайты ў пошуку вакансій). На жаль, маё рэзюмэ заўсёды адкідваюць, хаця я намагаюся падвучваць тое, што магло б дапамагчы падвысіць шанцы. Напрыклад EY набіралі трэйні DA і я падала CV + прайшла курс ад EY і Prometheus пра аўдыт і дадала сертыфікат. Але ўсё адно не прайшла далей. 

Была на двух сумоўях. І на апошніх этапах не праходзіла далей. Хаця ў першы раз было групавое заданне і я паказала сябе лепей за ўсіх з маёй групы. Разумею, што ёсць багата прычын, па якіх кандыдатаў скіпаюць і было б вельмі каштоўна атрымліваць фідбэк на ТЗ ці размовы з рэкруцёрам/лідам, пакуль што такога не было і мае просьбы пра фідбэк застаюцца без увагі.

«Па позве ў ваенкамат я не прыйшоў. За дзень да пазначанага тэрміна я з’ехаў ва Украіну» 

Вадзiм, былы студэнт БрДТУ, зараз працуе як Software Engineer у Польшчы:

— У Беларусі я вучыўся ў Берасці у БрДТУ па спецыяльнасьці Штучны інтэлект (так-так, гэта амаль тая ж спецыяльнасць што і ў БДУІР — па ўсёй краіне толькі ў дзвюх ВНУ на яе вучылі). На трэцiм курсе хадзіў на ўніверскія акцыі пратэсту, апошняй з якіх была забастоўка. Пасля забастоўкі ўдзельнікаў аператыўна пакаралі вымовамі, а неўзабаве і ўвогуле адлічылі. 

Мне дзядзька ваенком прынёс позву ў ваенкамат. Яе трэба было абавязкова атрымаць перад тым, як мне бы далі азнаёміцца з загадам на адлічэнне. Сфатаграфаваць яго не дазволілі, сказалі да рэктара ісці па гэта. Але як вызначылася рэктар недзе таемным чынам знік і некаторы час нібы спецыяльна не з’яўляўся. Позва была раздрукавана з няправільным годам, прыйсці сказалі ўжо ў наступны панядзелак.

Як можна здагадацца, па позве ў ваенкамат я не прыйшоў. За дзень да пазначанага тэрміна я з’ехаў ва Украіну. Там атрымаў гуманітарную візу, залічыўся на праграму для рэпрэсаваных студэнтаў (iмя Кастуся Каліноўскага) пасля чаго пераехаў жыць і вучыцца ў Польшчу. 

Польскай на пачатку я не ведаў, той узровень, што маю, атрымаў за некалькі месяцаў інтэнсіўных моўных курсаў. Тым не меньш гэта не перашкодзіла мне паступіць і скончыць універсітэт на польскай мове. Не скажу што адчуваў нейкі дыскамфорт датычна моўнага пытання па выніку, усё прайшло даволі добра.

Падчас майго навучання распачалася вайна ва Украіне. Прыкладна з таго моманту я канчаткова вырашыў перайсці на беларускую мову. Цяпер так сталася, што беларуская для мяне больш звычайная, чым расейская мова, і пасля доўгага перапынку мне было нават крыху складана на ёй размаўляць, прыходзілася падбіраць словы.

У гэтым годзе я скончыў польскі бакалаўрыят і атрымаў спецыяльнасць інжынера. Пасля ўнівера ўладкаваўся на пазіцыю Software Engineer у кампанiю, дзе працую і зараз (трэці месяц ужо пайшоў — мне падабаецца). 

Наколькі складана было ўладкавацца, мне складана ацаніць — гэта быў мой першы вопыт пошуку менавіта фултайм-працы. 2 месяцы ў мяне прайшло ў рэжыме «дашлі рэзюмэ — атрымай адмову праз 2 тыдні» у лепшым выпадку, некаторыя ўвогуле так і не адпавялі. Але праца па выніку сама мяне знайшла. Мне напісала рэкруцёрка з месца, дзе я зараз і працую.

Ва Украіне я жыў разам з аднагрупнікам, якога таксама адлічылі. У нас быў нейкі запас грошаў, на які мы з ім першы час i жылі. Потым мы падаліся на збор для рэпрэсаваных студэнтаў, і да пераходу на стыпендыю жылі на тыя грошы. Ва Украіне здымалі кватэру, а ў Польшчы першы час ужо жылі ў інтэрнаце.

Час ад часу я перабіваўся праектамі рознымі, але потым ужо з’явілася патрэба ў паўнавартаснай працы — ну i, як вынiкае, я яе знайшоў. Што яшчэ: я шмат добрых знаёмстваў знайшоў у замежжы. Цудоўныя людзі!

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса3

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць