Грамадства44

Экс-маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі, які ваяваў і жыў ва Украіне: Каб атрымаць валанцёрскія боты, трэба было мець рахунак у банку

Былы актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі стаў знакамітым, пасля таго як прыкуў сябе кайданкамі да бампера «МАЗа» ў Курапатах падчас пратэсту супраць будаўніцтва забаўляльнага цэнтру ў 2017-м. Потым ён з’ехаў з краіны ў эміграцыю. Сяргей ваяваў ва Украіне і ўжо з тры месяцы застаецца ў Польшчы, але плануе вярнуцца ва Украіну. Пальчэўскі адказаў на пытанні «Белсата».

— Вы былі на вайне на перадавой. Мінула якіх тры месяцы ў бяспечнай Польшчы — і хочацца вярнуцца жыць у краіну дзе ідзе вайна?

— Так. Я б палічыў за лепшае жыць ва Украіне. Яна для мяне псіхалагічна бліжэйшая. Ёсць, праўда, праблемы там у беларусаў і ў беларускіх добраахвотнікаў. Пакуль ты ваюеш, дык у лепшым становішчы за іншых. А так, вядома, ёсць праблема на кожным кроку. Напрыклад, каб адкрыць рахунак у банку, трэба прайсці кучу бюракратычных працэдураў, і гэта яшчэ не самае кепскае. Шмат залежыць ад дробнага чыноўніка ў любой установе. Купіць кватэру — праблема. Купіць машыну — праблема. Кожная дробязь — гэта пераадоленне бюракратычных перашкодаў. Зачаста ўсё развязваецца на ўзроўні так званай падзякі. Вось мне трэба было атрымаць валанцёрскія боты. Здавалася б, элементарная рэч, але і тут праблема. І, на першы погляд, амаль невырашальная. І толькі таму, што я беларус. Мне сказалі, што я павінен даць нумар рахунку ў банку. А гаворка пра боты, якія проста раздаюць.

— Але ж нашыя добраахвотнікі ваююць на пярэднім краі, атрымліваюць раненні, гінуць. Ці ёсць нейкі клопат з боку Украіны?

— Мой таварыш быў вельмі цяжка паранены. Са стратаю канечнасцяў. Яго нават адправілі на лячэнне за мяжу. Плацілі нейкія грошы. Няшмат. Потым паведамілі, што трэба прыехаць і прайсці яшчэ раз медкамісію, каб пацвердзіць, што няма канцавінаў. А ў яго нават грошай няма на дарогу. Добра яшчэ, калі іх на ежу хапае і лекі. Вось яму і перасталі плаціць. Розныя выпадкі бываюць. Пакуль ты ваюеш, не можаш гэтымі пытаннямі займацца, а потым сутыкаешся з такімі праблемамі, што сам іх не развяжаш. Тады трэба для ўсякага паходу ў любую інстанцыю наймаць адваката. А гэта страта і грошай, і часу. ДНЖ пад рознымі падставамі імкнуцца не даць. Без гэтага вельмі цяжка нешта рабіць. Нават правы кіроўцы памяняць цяжка. Прыходзіш у ДАІ, а там кажуць, што трэба ДНЖ, хаця вайсковы білет яго замяняе. Нешта невыразна кажуць, але правоў не мяняюць.

Сяргей Пальчэўскі, прывязаны да аўтазака. Мінск, Беларусь. 7 сакавіка 2017 года. Фота: svaboda.org

«Разумеў, што жыць не дадуць, і выехаў»

— Давайце ўспомнім, што папярэднічала выезду з Беларусі. Як падаюцца тыя акцыі амаль дзесяцігадовай даўніны ў «Маладым фронце»?

— Мы ў 2016-м што толькі ні рабілі. Збіралі подпісы за бел-чырвона-белы сцяг, каб яму надаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. Пікет пад судом у Эдуарда Пальчыса, калі яго судзілі. Акопы ездзілі капаць у Ветку ў Гомельскую вобласць на мяжы з Расеяй. Там расейцы побач з мяжою пачалі нейкую базу вайсковую будаваць. Вось мы гэтую акцыю і правялі. Змітру Дашкевічу далі штраф за тое, што ён у лесе газон сапсаваў сваёй ямай. Сарвалі дзвюх настаўніц з лекцыяў тады, каб яны Дашкевіча перакладалі. У мяне толькі за 2016 год было з 20 судовых пратаколаў. А затрыманняў яшчэ больш. Тады ўсё абыходзілася штрафамі. Ну, а ў 2017-м я ўжо прыкуў сябе кайданкамі да бампера «МАЗу» ў Курапатах. Мы з Дашкевічам тады атрымалі па трое содняў арышту. Тым, каго затрымлівалі пасля нас, давалі больш — па 10 і 15 содняў. Неўзабаве акцыі «недармаедаў» пачалася, і рэпрэсіі пачалі ўзрастаць. Перад Днём Волі нас пасадзілі на Валадарку паводле крымінальнай «справы патрыётаў». Мы там былі з Міраславам Лазоўскім, яшчэ некалькі чалавек, і нас шасцярых маладафронтаўцаў прышылі туды.

— Была нейкая гісторыя з КДБ…

— Я ж у СІЗА даў падпіску аб супрацы. Калі выйшаў, адразу расказаў пра гэта Дашкевічу. Што з гэтым рабіць? Ну і вырашылі, што трэба гэта апублічыць. Я напісаў пост у «Фэйсбуку». А тым часам справу закрылі «за адсутнасцю складу злачынства». І значыць, падпіска аб нявыездзе ўжо не дзеяла. Разумеў, што жыць не дадуць, і выехаў.

— Чаму ж Украіна?

— Ды яшчэ ў 2014-м, калі там усё пачалося, была такая думка. Але мяне першы раз не пусцілі ва Украіну з Польшчы. Толькі ў ліпені 2017 года туды прыехаў. Быў на Данбасе. Тады там і вайна была іншая. Па нас стралялі з тэрыкону шахты «Працоўная», але гэта было не так, як пасля поўнамаштабнага ўварвання.

— 2020-ы быў у Польшчы? Як гэта — не браць удзелу, а назіраць збоку?

— У дзень выбараў быў каля беларускай амбасады, апытваў людзей на выхадзе, якія ішлі галасаваць. Там галасаванне было да абеду, потым пару гадзінаў абед і зноў галасаванне ўвечары. Вось увечары прайшлі крыху больш за 30 чалавек, і толькі адзін быў за Лукашэнку. Гэта была сям'я глуханямых. Дык вось муж быў за Лукашэнку, а ягоная жонка — за Ціханоўскую. Усе аддавалі галасы за Ціханоўскую.

— Чаму вырашылі зноў вярнуцца ва Украіну?

— Я разумеў з навінаў, што будзе наступ. Патэлефанаваў свайму камбату, і ён сказаў, каб прыязджаў без праблемаў. Зрабіў усе даведкі, прывёў дакументы да ладу і 17 лютага паехаў, але беларусаў ужо не ўпускалі ва Украіну. Усе спробы былі марнымі. І толькі пасля 24 лютага ў складзе беларусаў з Літвы калонаю машынаў нас прапусцілі. Не без дапамогі некаторых дэпутатаў. З Кіева мы з некалькімі хлопцамі паехалі на базу «Азова». Там фармавалася рота з беларусаў. Праз месяц з намі заключылі кантракт і перавялі ў Інтэрнацыянальны легіён. Там з замежнікаў беларусаў больш за іншых, яшчэ і грузінаў.

— Стаўленне да беларусаў ва Украіне неяк мянялася?

— З боку народу ніякіх праблемаў. Наадварот: калі даведваюцца, што беларус ды яшчэ і ваюеш за іх, то вельмі добра ставяцца. Ні разу ніякіх эксцэсаў не было. Іншая рэч, калі гаворка пра дзяржаву. Праблемна зрабіць любы дакумент. Звальняешся — і чамусьці ў нас забіраюць вайсковыя білеты. Можа, каб не заставаліся ва Украіне і пасля звальнення ехалі ў іншыя краіны. Цяжка сказаць, чаму, але, магчыма, не жадаюць, каб тут заставаліся людзі, якія прайшлі вайну, якія маюць праблемы з псіхікай і пры гэтым валодаюць ваеннымі навыкамі. Магчыма, не жадаюць, каб у іх заставаліся беларусы, настроеныя супраць Лукашэнкі, бо вайна скончыцца, і трэба будзе з ім неяк мірыцца. Дзяржава не спяшаецца дапамагчы нам з легалізацыяй.

— Ці змянілася вашае стаўленне да расейцаў?

— Я падлеткам цікавіўся гісторыяй, і ўжо тады разумеў, як на нашую гісторыю паўплывалі суседзі з усходу. Сябрую з расейкаю, з якою пазнаёміўся ў Варшаве. Яна ўсё разумее і перажывае, дык яна і не жыве ў Расеі, даўно жыве ў Францыі. Але гэта, хутчэй, выключэнне. Пасля ўсяго, што перажыў, мне не захочацца апынуцца на адпачынку ў адным гатэлі з расейцамі. Гэта няпроста пераадолець. Некаторыя расейцы ваююць на баку Украіны, але я б не хацеў ісці ў бой разам з імі.

— Людзі, якія прайшлі ўсе жахі вайны — горы трупаў, штодзённую рызыку сваім жыццём, страту таварышаў, — у чым маюць патрэбу ў мірным жыцці?

— Думаю, ім не пашкодзіў бы звычайны санаторый. Што да псіхіятра, то тут усё павінна быць індывідуальна. Асабіста мне найлепш падыходзіць змена абстаноўкі і стасункі з нармальнымі людзьмі, якія мяне разумеюць. Але ўсё ж я палічыў бы за лепшае жыць ва Украіне дзе-небудзь на Валыншчыне, калі б гэта зрабілася магчыма.

— Дык ці варта беларусам ваяваць ва Украіне ды яшчэ пры такім стаўленні да іх з боку дзяржавы?

— Ідзе вайна паміж цывілізацыямі, паміж свабодай і тыраніяй. І беларусаў усё больш прыходзіць ваяваць. Калі раней былі дзясяткі чалавек, то цяпер гэта сотні. Ваюючы за Украіну, мы ваюем за Беларусь. І нарэшце шмат хто пачаў гэта разумець.

Каментары4

  • Навошта
    29.08.2025
    Ну і навошта беларусам гінуць за такую "дэмакратыю"? Нават калі У́краіна і пераможа стау́ленне "незламных" да ваяроу́-беларусау́ дай божа, каб не змянілася, не тое што не паляпшэе.
  • Varona
    29.08.2025
    Peter, не дыктатура, але карупцыя і алігархат. Знаёмы з Луганскай вобласці расказваў, што для здачы тэстаў на правы ў іх ёсць адмысловы дадатак: калі не "аддзячыў" - тэст не здасі, усе адказы будуць няправільнымі.
  • Какие ваяроу?Наемников
    30.08.2025
    Навошта, Которых еще и кот наплакал

Цяпер чытаюць

Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны18

Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны

Усе навіны →
Усе навіны

Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення вайны ці заключэння мірнай дамовы з Украінай9

У Пекіне прайшоў маштабны вайсковы парад. Лідар КНР заявіў, што Кітай не спыніць5

Амерыканскі горад запаскуджваюць гусі. Улады выдаткуюць амаль 400 000 даляраў, каб адпудзіць птушак

Карпушонак апублікавала тэкст сваёй заявы на Латушку ў іспанскую пракуратуру25

«Гэта месца, дзе трупы абмываюць?» Тыктокераў уразіў выгляд лагойскай грамадскай лазні2

Ва Украіне падалі пазоў у суд аб ліквідацыі Кіеўскай мітраполіі УПЦ Маскоўскага патрыярхату4

Трамп даведаўся «цікавыя рэчы» пра Расію і Украіну, але пакуль пра іх не гаворыць6

Мартынава: Карпушонак сказала мне, што вылецела з Іспаніі12

«Мне нават здаецца, што Франак зусім не спіць». Новая асабістая памочніца Ціханоўскай расказала пра сваю працу ў Офісе35

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны18

Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць