У Расіі Z-блогера запісалі пры абмеркаванні адкату на пастаўках гуманітарнай дапамогі
Z-блогера Рамана Алёхіна западозрылі ў адмыванні грошай пры куплі гуманітарнай дапамогі для патрэб «СВА».

Тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім Алёхін размаўляе з нейкім бізнесменам. З іх гутаркі вынікае такая схема: прадпрымальнік пераводзіць 200 мільёнаў рублёў у дабрачынны фонд Алехіна, пасля чаго той набывае ў яго лекі для вайскоўцаў на 150 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 1,8 млн даляраў).
Частка грошай вяртаецца бізнесмену, а Алёхін атрымлівае камісію — 50 мільёнаў рублёў (каля 600 тысяч даляраў). Пры гэтым лекаў паставяць менш, чым заяўлена.
Сам Раман Алёхін відэа пакуль не каментаваў.
Былы саветнік губернатара Курскай вобласці Раман Алёхін вядомы тым, што актыўна збіраў дапамогу для вайскоўцаў, а пазней, паводле Z-паблікаў, набыў электрамабіль за 6 млн расійскіх рублёў (каля 70 тысяч даляраў), хоць да вайны, як сцвярджаецца, жыў з маці ў здымнай кватэры.
Акрамя таго, у лютым 2025 года ён падпісаў кантракт з Мінабароны, правёў 23 дні ў складзе «Ахмата», а затым звольніўся, назваўшы службу «памылкай», піша ASTRA.
Каментары