БелдзяржСМІ і каналы сілавікоў спрабавалі бударажыць Малдову разам з расіянамі. Вось што з гэтага выйшла
Пакуль у Малдове праходзілі парламенцкія выбары, беларускія дзяржаўныя медыя і каналы сілавікоў разгарнулі інфармацыйную кампанію па іх дыскрэдытацыі.

Увесь канец верасня беларускія прапагандысты бамбардавалі тэлеграм, ютуб, сайты ды іншыя платформы паведамленнямі пра Малдову. Пікам стаў дзень выбараў 28 верасня. Выбары сфальсіфікаваныя, людзі выйдуць на вуліцы ў знак пратэсту — паўтаралі, як мантру, яны.
У Малдове падлік галасоў вядзецца на вачах у назіральнікаў, вынікі можна адразу пабачыць анлайн на кожным участку. Сама ўлада ў Малдове змяняльная, у парламенце ёсць апазіцыя, яна ж кантралюе мясцовую ўладу ў многіх населеных пунктах — нічога з гэтага няма ў Беларусі. Малдова небагатая, але дэмакратычная краіна.
Аднак Масква зрабіла стаўку на дэстабілізацыю па такой схеме. Вось як яе рэалізоўвалі мінскія кліенты.

«Калі краіна патэнцыйна можа адмовіцца ад еўракаруселяў, як гэта ўжо было ў Грузіі ці, напрыклад, як цяпер адбываецца патэнцыйна з Малдовай, то абавязкова пачынаюцца нейкія мутныя схемы з бюлетэнямі, асабліва на тэрыторыі краін ЕС», — пісаў «Белорусский силовик».
БелТА і следам за ёй сотні дзяржаўных выданняў аж да раёнак пераконвалі ў шматлікіх парушэннях на выбарах.

«Праваабаронцы выявілі парушэнні на парламенцкіх выбарах у Малдове. Назіральнікі за выбарамі паведамілі аб адмове ў доступе на ўчасткі ў Германіі, Іспаніі, Румыніі і Францыі», — пісала БелТА.
Усё асвятленне выбараў у Малдове было копіяй з таго, як пішуць пра выбары ў краінах, дзе яны фальсіфікуюцца — прытым што ў Малдове яны НЕ фальсіфікуюцца.
Журналістка «Беларусі сегодня» для спецыяльных даручэнняў Людміла Гладкая сцвярджала, што існуюць карэспандэнты на месцах:

«З месцаў паведамляюць: малдаўскія выбары на еўрапейскіх участках толькі пачаліся, а скрынкі для галасавання ўжо чамусьці поўныя. І гэта пры адсутнасці чэргаў».
Аўтары «Белорусского фронта» ўвечары так спяшаліся перапосціць паведамленне сваіх расійскіх куратараў, што нават не змянілі напісанне назвы краіны.
«Парламенцкія выбары ў Малдавіі завершаныя, да гэтага часу выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі краіны закрытыя. «Парад разнастайнасці парушэнняў электаральнага працэсу» абвешчаны закрытым».

Пазней яны працягвалі:
«Кіраўнічая партыя Малдавіі наўкідала сабе бюлетэняў на 42,40%, апазіцыйнаму Патрыятычнаму блоку Санду напісала 29,85%. Паводле даных ЦВК апрацавана 50% пратаколаў».

У той жа час БелТА працягвала даказваць, што на выбарах нібыта перамагае «прарасійскі» блок.

«ЦВК заяўляе, што пасля апрацоўкі 60% пратаколаў партыя Санду атрымлівае на парламенцкіх выбарах 43,05% галасоў, апазіцыйныя партыі — звыш 50%. Лідары Патрыятычнага блоку заявілі аб перамозе апазіцыі на выбарах у Малдове і пікетуюць будынак ЦВК з патрабаваннем не дапусціць фальсіфікацый пры падвядзенні вынікаў выбараў», — пісала БелТА. Пра колькасць удзельнікаў пікета БелТА сціпла маўчала.
«Апазіцыйныя партыі Малдовы, якія чамусьці называюць «прарасійскімі», уключаючы «Патрыятычны блок», набіраюць 51,02%, пераганяючы правячую партыю «Дзеянне і салідарнасць», у якой 42,40%», — сінхронна паведамляў «Белорусский силовик».
Але, разумеючы, што насамрэч перамога будзе за прыхільнікамі праеўрапейскага курсу — яны ў рэальнасці сабралі каля 70 працэнтаў галасоў супраць 25 у прарасійскага блока, літаральна праз 4 хвіліны аўтары канала напісалі:
«Зараз у справу ўключацца «еўрапейскія скрыні» для галасавання», —
даводзячы тым самым, што перамогу Санду забяспечыць не насельніцтва, а маніпуляцыі на выбарчых участках за межамі краіны.

Крыху пазней «Белорусский силовик» дадаў, што ў Малдове «даўно няма прарасійскіх сіл», а выраз «прарасійскія» — клішэ, якое «заходнія СМІ навешваюць на нязручныя ім партыі».
«Можа быць, Маскве і хацелася б аказваць моцны ўплыў на выбары там, але, варта прызнаць, што ён не такі вялікі, як хацелася б. Усё гэта фікцыя і спроба прыхільнікаў Санду забраць частку галасоў на ўяўных сувязях з Расіяй».

У сваю чаргу «Белорусский фронт», паведамляючы пра вынікі выбараў, заўважыў:
«заяўлена пра 236 парушэнняў выбарчага працэсу — гэта малая частка таго, што зафіксавана незалежнымі назіральнікамі».

Усе гэтыя спробы ўзбударажыць народ Малдовы нічога не далі. Сёння апоўдні на скліканую Ігарам Дадонам у Кішынёве акцыю пратэсту сабралася некалькі соцень чалавек. Акцыя доўжылася 15 хвілін.
Каментары