У Мінску расследуюць справу пра асабліва жорсткі замах на забойства. Мужчына ў парыве рэўнасці нанёс сваёй жонцы 27 удараў нажом, паведамляе Следчы камітэт.

Сям’я жыла разам 18 гадоў, мела трох дзяцей, але ў апошнія гады ў адносінах мужа і жонкі ўзнік крызіс. Мужчына нідзе не працаваў і пастаянна падазраваў жонку ў нявернасці. Жанчына, стомленая ад сварак, прапанавала яму развесціся, але муж адмовіўся ад гэтага і стаў яшчэ больш падазраваць яе.
У красавіку паміж імі здарыўся чарговы канфлікт. Жанчына пайшла адпачываць у пакой да дачкі, а муж тым часам таемна прагледзеў яе тэлефон і знайшоў перапіску з іншым мужчынам, што палічыў доказам нявернасці.
Выклікаўшы жонку да сябе, ён закрыў дзверы, паказаў ёй перапіску, у злосці штурхнуў яе на ложак, а пасля, лаючыся, стаў наносіць ёй удары нажом па шыі, грудзях і жываце. Жанчына крычала і абаранялася. Праз некалькі хвілін мужчына спыніўся, але жонцы не дапамог.
У пакой увайшла іх 17‑гадовая дачка, якая выклікала хуткую дапамогу і перавязала маці раны. Мужчына сядзеў каля акна і паліў, пакуль не прыехалі медыкі. Пасля таго яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі, а пацярпелую ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу.
Мужчына прызнаў, што хацеў забіць жонку, будучы ўпэўнены ў яе нявернасці. Судова-псіхіятрычная экспертыза паказала, што ён мог усведамляць свае дзеянні. Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя як замах на наўмыснае забойства з асаблівай жорсткасцю. Ён узяты пад варту.
Жыццю і здароўю пацярпелай цяпер нічога не пагражае.
Каментары