Дык што за аб'ект ляціць праз Сонечную, які нагадвае кіраваны касмічны карабель? Навукоўцы далі канчатковы адказ
NASA апублікавала здымкі.

Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (NASA) апублікавала выявы міжзорнага аб'екта 3I/ATLAS. Публікацыя была адкладзена з-за 43‑дзённага прыпынення працы ўрада ЗША, што выклікала павышаную грамадскую цікавасць і спарадзіла спекуляцыі пра магчымае штучнае паходжанне аб'екта.
Як паведамляе The New York Times, на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі агенцтва абверглі гэтыя здагадкі, пацвердзіўшы, што аб'ект з'яўляецца каметай.
«Хачу адразу развеяць чуткі. Гэты аб’ект — камета. Ён выглядае і паводзіць сябе як камета», — заявіў прадстаўнік NASA Аміт Кшатрыя. Навукоўцы падкрэслілі, што не было выяўлена ніякіх «тэхнасігнатур» — прыкмет, якія б паказвалі на тэхналагічнае паходжанне.
Даныя былі сабраныя некалькімі касмічнымі апаратамі, уключаючы Mars Reconnaissance Orbiter і місію Lucy, якая цяпер на шляху да Юпітэра. Гэта дазволіла атрымаць выявы з розных ракурсаў і стварыць больш поўнае ўяўленне пра аб'ект.

3I/ATLAS — трэці вядомы аб’ект, які трапіў да нас з-за межаў Сонечнай сістэмы. Камета праляцела каля Марса ў кастрычніку, паспеўшы даць магчымасць шматлікім апаратам зірнуць на яе зблізку.
Даследаванні паказалі, што камета мае іншыя суадносіны вуглякіслага газу і вады, а таксама прапорцыі нікелю і жалеза. Ад яе пылавога воблака таксама «нетыповым» чынам адбіваецца святло, што сведчыць пра іншы памер яго часціц.
Навукоўцы параўналі гэтыя адрозненні з розніцай паміж гатункамі кавы: «яна іншая, але ўсё адно застаецца кавай».

Выява з высокім разрозненнем, зробленая з арбіты Марса, хоць і атрымалася крыху змазанай з-за тэхнічных асаблівасцяў камеры, выразна дэманструе каметную прыроду аб'екта — наяўнасць яркага цэнтра і газава-пылавога воблака.
Камета 3I/ATLAS рухаецца з хуткасцю больш за 240 000 км/г, што пацвярджае яе міжзорнае паходжанне. Яна ўжо пакідае межы Сонечнай сістэмы. Назіранні за аб'ектам працягнуцца, у прыватнасці, з дапамогай касмічнага апарата Juno, калі камета будзе пралятаць каля Юпітэра.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
А "нагадала кіраваны касмічны карабель" яна толькі фрыкам - генератарам фэйкаў пры падтрымцы СМІ.
Трэці раз падача навіны, лаяльная да канспіролагаў. Параўнайце з:
"Так што за істота замужам за Макронам, якая нагадвае мужчыну? Экспертыза дала канчатковы адказ"