22‑гадовы Тайлер Робінсан, абвінавачаны ў забойстве амерыканскага кансерватыўнага актывіста Чарлі Кірка, учора ўпершыню за тры месяцы пасля арышту паўстаў перад судом.

Супраць Робінсана сабрана шмат доказаў: у яго кватэры знайшлі запіску, у якой ён напісаў: «У мяне ёсць шанец прыбраць Чарлі Кірка, і я гэта зраблю». Забойства ён таксама абмяркоўваў у чаце з сябрамі. Акрамя таго, на зброі выявілі яго ДНК, а сляды яго абутку знайшлі на даху, з якога быў зроблены стрэл, нагадвае Bild.
Юрысты мяркуюць, што адвакаты Робінсана спрабуюць перш за ўсё выратаваць яго ад смяротнага прысуду. Каб пазбегнуць пакарання смерцю, Робінсан можа прызнаць сваю віну, што дазволіць завяршыць працэс без вынясення смяротнага пакарання.
Пасяджэнне часткова транслявалася ў прамым эфіры Fox News. Адвакаты Робінсана патрабавалі забараніць здымку ў зале суда і абвінавацілі СМІ ў «недапушчальных паводзінах», бо журналісты здымалі дакументы і экраны. На іх думку, празмерная ўвага прэсы можа парушыць права Робінсана на справядлівы судовы працэс. СМІ ж сцвярджаюць, што грамадскасць мае права ведаць усе падрабязнасці.
Робінсан уважліва сачыў за пасяджэннем, седзячы за сталом абароны. Ён выглядаў адначасова зацікаўленым і спакойным — у блакітнай кашулі, гальштуку і кайданках.
Наступнае пасяджэнне прызначана на 29 снежня.
***
31‑гадовы Чарлі Кірк, кансерватыўны блогер і актывіст, 10 верасня быў забіты стрэлам у шыю. У гэты момант Кірк выступаў ва ўніверсітэце штата Юта. Трамп назваў злачынства «жахлівым».
Кірк лічыцца адным з тых, хто дапамог Рэспубліканскай партыі ЗША і самому Трампу заручыцца падтрымкай вялікай колькасці маладых выбарцаў на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года.
Каментары