Мова55

Смаленчукі прыгадваюць свае адметныя слоўцы. У іх рускай мове куды больш беларускага, чым у рускай мове ў Беларусі

Мясцовая блогерка папрасіла свайго нетутэйшага хлопца адгадаць значэнне смаленскіх слоўцаў — у каментах смаленчукі накідалі цэлы слоўнік адметнай лексікі, якую нідзе больш у Расіі яны не чулі. Некаторыя словы вядомыя па ўсёй Беларусі, але многія можна пачуць толькі на яе ўсходніх ускраінах. 

Фота: Wikimedia Commons, калаж «Наша Ніва».

У роліку блогерка прапанавала адгадаць усяго пяць словаў: мурлы́чка (піўнушка), турлы́ (далёкія ўскраіны), чаро́пачка (кантэйнер), хру́лі (раскіданыя рэчы) і сёрбаць. Хлопец з Масквы амаль нічога не адгадаў, акрамя слова сёрбаць, якое ён ужо недзе чуў. Беларусам жа тлумачыць яго не трэба.

Але сапраўднае адкрыццё чакала ў каментарах. Смаленчукі, падхапіўшы тэму, пачалі накідваць сотні сваіх адметных слоў, якія яны чулі з дзяцінства.

Мы прааналізавалі больш за сто такіх адзінак і сабралі ўнушальны слоўнік, на які, прызнацца, нават не спадзяваліся.

Выявілася, што тое, што сённяшнія смаленчукі лічаць сваёй лакальнай рускай экзотыкай, для беларуса — альбо жывая беларуская літаратурная мова, альбо лексіка, добра вядомая ў беларускіх народных гаворках, асабліва ўсходніх — на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. 

Чаму ў рускай мове смаленчукоў больш беларускага, чым у рускай мове беларусаў у Беларусі?

Беручыся пісаць пра смаленскія адметнасці, мы ніяк не чакалі, што ў выніку атрымаецца цэлы слоўнік з больш як сотні пазіцый, у якім абсалютная большасць слоў — гэта беларуская лексіка.

Гэты факт прымушае задумацца: як гэтыя словы зберагліся да нашага часу ў маўленні людзей, якія ўжо стагоддзе жывуць у іншай дзяржаве і лічаць сябе рускімі?

Беларусы ў Беларусі таксама маюць шэраг сваіх адметнасцяў у рускай мове. Часам нават прапануюць вылучаць асобны беларускі варыянт рускай мовы. Але ў параўнанні са смаленчукамі наш «варыянт» выглядае вельмі сціпла.

У нас ёсць лічаныя беларусізмы, якія кожны ведае як «Ойча наш»: шуфлядка, буська, дзюбка, жменя, байка. Гэтага мала для асобнага моўнага варыянту — па сутнасці, гэта чыстая літаратурная руская мова з тузінам украпін.

Беларусы займаюць усю заходнюю частку Смаленскай губерні на «Этнаграфічнай карце Еўрапейскай Расіі», складзенай у 1875 годзе расійскім картографам Аляксандрам Рыціхам на падставе матэрыялаў праведзенай агульнарасійскай рэвізіі 1858 года, спісаў населеных пунктаў 1860‑х гадоў і іншых статыстычных даных. 

Чаму ж смаленчукі могуць прыгадаць у разы больш сваіх слоў? Здаецца, адказ хаваецца ў тым, што яны лічаць сябе рускімі, а сваю мову і мову сваіх продкаў — рускай. Хоць этнаграфія кажа пра іншае, у іх проста не было шанцу на іншую самаідэнтыфікацыю. Пасля таго як у 1920‑я гады з палітычных і фармальных гаспадарчых прычын Смаленшчыну не вярнулі ў склад Савецкай Беларусі, зародкі беларускай справы і школьніцтва там былі цалкам згорнутыя. З масы «тутэйшых» з невыразнай нацыянальнай самасвядомасцю з лёгкасцю зляпілі «рускіх» з іх асаблівым «рускім дыялектам».

Сяляне і сялянкі Смаленскай губерні. «Одежды Русского государства», 1844

Калі сто гадоў таму па абодва бакі мяжы жылі адны і тыя ж беларусы, то цяпер па адзін бок жывуць рускія, а па іншы — беларусы, якія па ступені русіфікацыі ўжо дагналі смаленскіх братоў. Але ёсць адна прынцыповая розніца.

Беларусы ж ведаюць, што маюць дзве мовы, і таму, карыстаючыся рускай мовай, старанна выкідаюць з яе ўсё, што падаецца беларускім, каб не праслыць калгаснікамі, якія мяшаюць дзве мовы ў трасянку. 

У выніку руская мова беларусаў была вычышчана да стэрыльнага літаратурнага стандарту.

Гэты ж фільтр шкодзіць і беларускай мове: мы часта выкідваем з яе спрадвечныя словы, бо яны падаюцца нам падобнымі да рускіх. Асцерагаючыся праслыць невукамі, мы замяняем іх на паланізмы, украінізмы, англіцызмы ці неалагізмы, абы толькі не прапусціць у беларускую мову падступны (і часта ўяўны) русізм.

У смаленчукоў гэтага бар’ера няма. Яны шчыра вераць, што ў іх заўсёды была адна — руская — мова. А значыць, усе гэтыя «ганкі», «дранчукі» і «торкаць» — таксама частка рускай мовы, якую не трэба фільтраваць у побыце.

Вось і атрымліваецца дзіўная сітуацыя: беларусы ў Беларусі апынуліся зрусіфікаванымі больш, чым смаленчукі, бо вычысцілі сваю асноўную, рускую, мову ад усялякіх прыкмет беларускай, якую ведаюць, але якой мала карыстаюцца. У той час як на Смаленшчыне беларуская лексіка жыве пад выглядам мясцовага дыялекту, яе ніхто не цураецца.

Слоўнічак

А

Аба́пал (напісана обапол) — у каментарах значэнне не раскрылі (далей у такіх выпадках заўвага будзе апускацца). Звычыйнае беларускае слова са значэннем 'па абодва бакі'. У смаленскіх гаворках можа таксама азначаць 'край, канец чаго-небудзь'.

Абстрыка́цца / абстру́кацца — у каментарах гэтыя словы патлумачылі як 'апячыся крапівой'. Слова вядомае ў гаворках на большай частцы Беларусі, але чамусьці не ўнесена ў сучасныя слоўнікі, але абстрыка́ць можна адшукаць у дыялектных слоўніках і даваенным слоўніку Байкова і Некрашэвіча (1925).

Адсліні́ць (напісана отслюнить) — у трэдзе значэнне не раскрылі. Гэта экспрэсіўнае размоўнае рускае слова, якое азначае 'адлічваць (звычайна грошы), змочваючы пальцы слінай'. 

Апляву́ха — 'удар далонню па шчацэ'. Слова вядомае як у беларускай, так і ў рускай мове.

Атку́ль — тое ж, што і беларускае адку́ль 'з якога месца'. 

Б

Бе́льмы — у беларускай мове бяльмо́ гэта не толькі ’белаватая пляма на рагавой абалонцы вока’, але і ў форме бе́льмы можа абазначаць ’вочы’ ў цэлым: «вылупіць бельмы».

Бо́лька — 'ранка'. У беларускай мове гэта літаратурнае слова, якое азначае 'гнойную або запалёную ранку, язву, струп'.

Бо́мкаць — каментатары тлумачаць як ’размову п’янага чалавека’. Слова агульнае для ўсходніх славян; у беларускай мове ў пераносным значэнні азначае блізкае ’мармытаць’.

Бружме́ль — беларуская назва кустовай расліны з духмянымі рознакаляровымі кветкамі замест рускага жи́молость.

Бу́бка / бу́бкі — у каментарах тлумачаць як ’ачышчаныя зярняты семак’. У літаратурнай беларускай мове словы бу́бка ці бо́бка таксама азначаюць ’асобнае зерне, зярнятка’.

Бубне́ць замест рускага літаратурнага бубни́ть. У беларускай мове абодва варыянты — бубне́ць і бубні́ць — нарматыўныя і раўназначныя.

Бура́к — замест рускага свёкла. Адзіная назва ў беларускай мове для гэтага караняплода, але ў рускіх дыялектах таксама сустракаецца такі варыянт.

В

Вязёнка — дыялектызм у рускай мове, які пры гэтым шырока зафіксаваны ў беларускіх гаворках у значэннях ’вязаная рукавіца (часта без пальцаў)’, ’вязаная кофта’ і інш. Беларускае літаратурнае вя́занка азначае любую вязаную рэч. Слова вязёнка вядомае таксама на Браншчыне.

Вы́спятак — абласное, але фактычна літаратурнае беларускае слова, якое азначае ’штуршок нагой, пінок’. «Даць выспятка» — ’штурхнуць (ударыць) нагой’.

Г

Га́лачкі / галы́шкі — у каментарах тлумачаць як ’бульбу, звараную цалкам’. У беларускай мове га́лачкі — памяншальнае ад га́лка, а яно азначае тое ж, што і галу́шка — 'страва ў выглядзе клёцак з дранай бульбы або мукі, звараная на булёне ці на малацэ'.

Пры гэтым слова галу́шка сустракаецца ва ўсіх суседніх славянскіх мовах, а га́лка — толькі ў беларускай. На суседняй са Смаленшчынай Мсціслаўшчыне га́лкамі гэтак сама называюць ’звараную непакрышаную бульбу’.

Гале́нь — 'выцерты, аголены венік; голік’. У значэнні ’дзяркач, венік’ слова вядомае на Магілёўшчыне і Віцебшчыне.

Гамані́ць — у каментарах слова патлумачылі як 'гаварыць', пры гэтым спрачаліся, ці з'яўляецца яно выключна смаленскім. Літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'гаварыць, размаўляць', а таксама 'моцна, гучна размаўляць (звычайна пра многіх)'.

Га́нкі — у Смаленскім абласным слоўніку, складзеным Уладзімірам Дабравольскім і выдадзеным у 1914 годзе зафіксаванае такое слова ў значэнні ’крыльцо, прыступкі’. Відавочная сувязь з беларускім словам га́нак з тым жа значэннем, якое вядомае ў старабеларускай пісьмовай традыцыі з XVI стагоддзя.

Гла́зы — на Віцебшчыне сустракаецца слова глазо́, якое найчасцей ўжываецца ў форме гла́зы і азначае ’вока’: «Глазы мне высцебаіш», «Глазы мае ўжо не глядзяць».

Грэ́кі — паводле Слоўніка смаленскіх гаворак, гэта гумовы абутак (накшталт галёшаў) самаробнага вырабу. У беларускіх слоўніках слова не зафіксаванае.

Грыбы́ (з фрыкатыўным «г») — у каментарах тлумачаць як 'губы': «Пайду грыбы намажу». Гэтае пераноснае, часта жартаўлівае значэнне, добра зафіксавана ў дыялектных слоўніках паўночна-ўсходняй Беларусі, напрыклад, у «Віцебскім краёвым слоўніку» (1927) і «Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны» (1970).

Такая замена стала магчымай праз гістарычныя працэсы ў беларускай мове: першапачаткова грыбы называліся словам губы. Пазней, калі асноўнай назвай стала грыбы, адбыўся зваротны перанос: новая назва для грыбоў стала выкарыстоўвацца для абазначэння губ. Прамая ўзаемазамяняльнасць бачная і ў беларускай фразеалогіі, дзе існуюць выразы «надуць грыбы» і «развесіць грыбы».

Гука́ць — у каментарах слова адзначана як «беларускае/прыгранічнае». Літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'клікаць, зваць каго-небудзь' або 'гучна гаварыць, крычаць'.

Гу́тарыць — літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'размаўляць, весці гутарку'.

Д

Дранчу́к — 'яечня'. Слова добра зафіксаванае ў слоўніках смаленскіх гаворак, пачынаючы са Смаленскага абласнога слоўніка У. Дабравольскага (1914). Удакладняецца, што гэта яешня, прыгатаваная на сале або масле, часта з дадаваннем малака і мукі. У беларускім слоўніку Я. Станкевіча яно падаецца як абласное са значэннем 'яешня на патэльні'.

З

Заглумі́ць — ужываецца ў выразе 'заглуміла галаву' ў значэнні стану ад шумнага, актыўнага дзіцяці, ад якога 'звініць у вушах'. Гэтае значэнне наўпрост працягвае сэнс, зафіксаваны ў Слоўніку беларускай гаворкі І. Насовіча (1870), дзе заглумі́ць азначае 'адабраць памяць, пазбавіць увагі'.

Загнё́тка — дыялектная назва пляцоўкі перад вусцем традыцыйнай печы; літаратурны беларускі адпаведнік — пры́печак. Назва паходзіць ад дзеяслова загнесці (захаваць жар), бо на загнетцы трымалі гарачае вуголле, каб хутка распаліць печ нанава. Слова добра зафіксавана ў дыялектных слоўніках беларуска-расійскага прыгранічча, у прыватнасці ў гаворках Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Віцебскі краёвы слоўнік (1927) фіксуе таксама пераноснае значэнне — 'скупы чалавек'.

Заклёкнуцца — у гаворках Браншчыны форма заклёкнуць азначае 'зацвярдзець, стаць шчыльным' (пра што-небудзь вадкае ці глейкае, напрыклад, пра кашу, тлушч). У беларускай літаратурнай мове закля́кнуць азначае 'анямець, здранцвець' (пра часткі цела ад доўгага сядзення або холаду).

За́таўка — беларуская назва заправы (закрасы) са свінога сала, якое звычайна таўкуць або дробна сякуць. Слова паходзіць ад дзеяслова затаўчы́ (ад таўчы́ — 'драбніць'). Зафіксаванае таксама на Браншчыне.

Заўчо́ра — у каментарах патлумачылі значэнне як 'учора', але ў беларускай мове гэтым словам абазначаецца ‘на дзень раней, чым учора; два дні таму назад’. Такое ж значэнне зафіксаванае і ў Слоўніку смаленскіх гаворак.

Збрэзь — 'праз край'. Гэтае слова ў значэнні 'так поўна, што пераліваецца' зафіксавана ў беларускіх гаворках Мсціслаўшчыны. 

Згаро́да — у каментарах патлумачана як 'вялікая і няўклюдная (жанчына)'. Гэтае пераноснае значэнне паходзіць ад асноўнага ў беларускай мове значэння — 'агароджа, плот з жэрдак'. Абодва значэнні добра зафіксаваныя ў дыялектных слоўніках як Смаленшчыны, так і Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Яшчэ Смаленскі абласны слоўнік У. Дабравольскага (1914) падае слова згорода і як 'агароджа', і як лаянкавае слова ў дачыненні да нязграбнага, непаваротлівага чалавека.

І

Іспо́ткі — 'рукавіцы' (варежки). Слова зафіксавана на тэрыторыі Віцебшчыны, Магілёўшчыны і цэнтральных раёнаў Беларусі. Паходзіць ад словазлучэння ісподнія рукавіцы, бо першапачаткова так называлі вязаныя рукавіцы, якія надзявалі пад іншыя, звычайна скураныя або аўчынныя.

К

Казю́лька — 'табурэтка'. Дыялектная беларуская назва для невялікай драўлянай лавачкі, вядомая на Віцебшчыне. Назва, верагодна, паходзіць ад слова каза з-за знешняга падабенства.

Карку́шкі (у выразе «на каркушках») — у беларускай мове выраз «несці на каркушках» азначае 'несці за плячамі'.

Кваку́ха — у беларускай мове квакуха ці квактуха гэта курыца, якая выседжвае яйкі або водзіць куранят.

Кі́жлы — у беларускіх гаворка так называюць ногі: «Ледзьве кіжлы з лесу прыцягла».

Ко́рчык — слова зафіксавана ў Смаленскім абласным слоўніку У. Дабравольскага (1914) і Слоўніку беларускай гаворкі І. Насовіча (1870) са значэннем памяньшальнага ад карэ́ц. Карэц гэта 'коўш, невялікую пасудзіну для сыпкіх рэчываў або вадкасці'.

Ко́смы — у каментарах слова ўжывалася ў фразе «космы свае запляці» ў значэнні 'валасы', звычайна з адценнем 'неахайныя, раскудлачаныя'. Гэта літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'пасмы валасоў, звычайна пераблытаныя, скудлачаныя'.

Кукі́шка — у каментарах адзначылі, што «многія здзіўляюцца гэтаму слову». Паводле Слоўніка смаленскіх гаворак, гэта 'валасы, сабраныя вузлом на патыліцы'. У беларускай мове слова не зафіксавана.

Ку́кса — 'пучок на галаве'. Літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'род жаночай прычоскі: закручаныя ў выглядзе валіка ззаду валасы'.

Куру́ха — паводле Слоўніка смаленскіх гаворак тое ж, што і курыца-квактуха.

Л

Лапе́шка — паводле Слоўніка смаленскіх гаворак так называюць драўляны коўш, міску ці нават саўковую рыдлёўку. Слова таксама зафіксавана на Віцебшчыне, са значэннямі 'частка лыжкі без ручкі'.

Лу́ста — у каментарах патлумачана як 'ежа з сабой, якую звычайна бралі ў поле'. Звычайнае беларускае слова, але менавіта такое значэнне зафіксавана толькі ў паўночна-заходніх беларускіх гаворках.

Лу́стачка — 'кавалак хлеба'. Беларускае слова, памяншальная форма ад лу́ста.

Ля́сік — эмодзі тлумачыць значэння слова як 'веласіпед'.  Гэта пашыраная ў беларускай размоўнай мове назва веласіпеда.

М

Ма́льцы — 'хлопцы, пацаны'. Асабліва ў каментарах адзначалася, што гэта слова — парнае да дзеўкі («есть девки, а есть мальцы»). Літаратурнае беларускае слова, асабліва пашыранае ў паўночных гаворках.

Манту́лікі — у гаворках Гомельшчыны слова манту́лік азначае 'сырнік'. У цэлым, мантулы ў беларускіх гаворках гэта 'ласункі, прысмакі'. На суседняй Браншчыне зафіксаваны дзеяслоў манту́ліцца — 'любіць смачнае, ласавацца'.

Мурлы́чка — 'піўнушка'. У Слоўніку смаленскіх гаворак слова зафіксавана са значэннем 'бруднае, непрыбранае памяшканне': «У мяне хата, как мурлычка кыкая…». Каментатары ж пацвярджаюць тлумачэнне, якое дала аўтарка відэа, удакладняючы, што мурлычкай можа быць любая ўстанова, дзе наліваюць алкаголь і нават месца, дзе «баця з мужыкамі бухае», напрыклад, гараж. У беларускіх слоўніках слова не выяўлена.

Мы́тка — на Магілёўшчыне слова азначае 'анучку для мыцця посуду', а таксама 'ілжывую, хітрую жанчыну'.

Н

Нады́сь / надо́йся — 'нядаўна, на днях'. Цалкам адпавядае ўжыванню ў беларускіх гаворках. На Гомельшчыне слова нады́сь можа таксама азначаць 'цяпер', а надо́ясь — 'ўчора'. 

Намулява́ць (у выразе «намуляваць грыбы») — 'намазаць/нафарбаваць губы'. Відавочная варыяцыя беларускага літаратурнага намалява́ць

Неўкавы́рная — пашыранае па ўсёй Беларусі слова, якое характарызуе чалавека як упартага, непаслухмянага і капрызнага.

Нецялёпаны — слова ўтворана, відавочна, ад беларускага літаратурнага целяпе́нь, якім называюць 'нязграбнага, нехлямяжага чалавека'. Гэтае слова ўтварылася ад гукапераймальнага кораня «цялеп/цялёп», што перадае гук падзення.

Ні ча́пай — варыянт беларускага не чапай 'не бяры, не дакранайся'. 

Ніха́й — дыялектны варыянт беларускай часціцы няха́й ('хай'). Форма ніха́й зафіксаваная ў гаворках усходняй Беларусі, на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне.

П

Падсо́бка — у каментарах значэнне не раскрылі. Хоць гэтае слова можа быць зразумета ў агульнаўжывальным значэнні 'падсобнае памяшканне', гэта выглядае пазбаўленым логікі. У слоўніку Я. Станкевіча падсо́ба і паманшальнае падсо́бка фіксуюцца са значэннем 'дапамога'. На Гомельшчыне выраз «у падсо́бку» азначае 'ў дапамогу'. Гэтыя словы паходзяць ад цалкам літаратурнага падсо́біць — 'трохі дапамагчы'. 

Палёгаць — у каментарах патлумачана як 'паспрабаваць на вагу', з прыкладам «палёгай, якая сумка цяжкая». У гаворках суседняй Магілёўшчыны палёгаць азначае тое ж самае — 'прыблізна ўзважыць, узяўшы рукамі'.

Парткі́ — хоць у беларускай літаратурнай мове нарматыўнай формай з'яўляецца по́рткі  'штаны', варыянт з націскам на другі склад — парткі́ — шырока пашыраны ў жывым маўленні па ўсёй Беларусі. Тая ж форма з націскам на апошні склад (портки́) вядомая і ў рускай мове.

Пасекла — 'падрабніла'. Гэтае значэнне цалкам адпавядае аднаму са значэнняў літаратурнага беларускага дзеяслова пасячы́ — 'рассячы на кавалкі, падрабніць што-небудзь'.

Пача́палі (почапали домой— у каментарах ужыта ў значэнні 'пайшлі', часта з адценнем 'павольна, не спяшаючыся'. Дзеяслоў пача́паць ('пайсці павольна, з цяжкасцю') зафіксаваны ў беларускіх дыялектных слоўніках, у прыватнасці на Мсціслаўшчыне і Мазыршчыне. Адначасова слова прысутнічае і ў рускай размоўнай мове са значэннем 'пайсці, адправіцца куды-небудзь'.

Пешахо́днік — з кантэксту зразумела, што гэта 'пешаходны пераход'. Каментатар адзначыў, што слова «даволі сучаснае» і выклікае непаразуменне ў жыхароў іншых рэгіёнаў. Гэта арыгінальнае мясцовае ўтварэнне, якога няма ні ў рускай, ні ў беларускай мове. Але яно лагічна ўпісваецца ў сістэму беларускай мовы, дзе існуе слова хо́днік ('тратуар'), якога няма ў рускай літаратурнай мове.

Пра́сла — 'агароджа'. Слова існуе як у беларускай літаратурнай мове, дзе азначае ‘секцыю, частку плота або агароджы паміж двума слупамі’, так і ў дыялектах рускай мовы.

Пратарківаць — у трэдзе не патлумачана, але абласныя слоўнікі тлумачаць яго як ‘пратыкаць’.

Пры́талка — звычанае рускае слова, якое азначае 'перакладзіну паміж вушакамі над дзвярамі'. Слова зафіксавана ў беларускіх дыялектных слоўніках, але літаратурным адпаведнікам з’яўляецца — вяршні́к.

Пу́нька — 'загон для свіней'. У беларускай літаратурнай мове пу́нька — гэта памяншальная форма ад пу́ня, якое азначае 'будынак для захоўвання сена, адрына'. 

Р

Рага́ты — у трэдзе слова суправаджалася эмодзі, якое ўказвае на яго значэнне 'тралейбус'. Відаць, арыгінальнае мясцовае ўтварэнне.

Рэ́лі — 'арэлі'. Відавочная сувязь з беларускім літаратурным словам. У форме рэлі слова сустракаецца ў гаворках усходняй Беларусі, у прыватнасці на Магілёўшчыне і Віцебшчыне.

С

Са́жылка — шырока распаўсюджаная ў беларускіх гаворках форма літаратурнага слова са́жалка, якое азначае 'штучны вадаём' або 'садок для рыбы'. 

Сараква́ша — у беларускай мове (таксама сыраква́ша) гэтым словам абазначаюць ’густое кіслае малако’. 

Се́нцы / се́ні — у каментарах патлумачана як 'памяшканне перад уваходам у хату'. Слова неўнікальнае, яно ёсць як у літаратурнай беларускай мове, так і ў рускай.

Сі́вы — 'бландын'. Слова ўвогуле агульнаславянскае, але ў рускай мове цяпер хутчэй кніжнае, а ў беларускай мове асноўнае для абазначэння белых, серабрыстых валасоў. 

Ска́бка — літаратурнае беларускае слова, якое азначае 'стрэмка'.

Скарада́ — 'зануда'. У беларускіх дыялектах слова скарада́ (або ска́радзь, скрэ́нда) мае значэнне 'жмінда, скнара'.

Скі́бка — беларускае літаратурнае слова, якое азначае 'тонкі адрэзаны кавалак хлеба'.

Скры́нка — беларускае літаратурнае слова, якое азначае 'ёмістасць, звычайна чатырохвугольнай формы, для захоўвання чаго-небудзь'. У рускай мове слова, зафіксаванае ў слоўніках, але выйшла ў разрад састарэлых. 

Стадо́лішча — слова, відавочна, утворана ад беларускага стадо́ла ('вялікі хлеў, канюшня'). Згодна з беларускім словаўтварэннем, такая форма слова можна абазначаць месца, дзе знаходдзіцца ці знаходзілася стадола (параўнайце з замакзамшчышча). Назва Стадо́лішча сустракаецца як тапонім у Віцебскай і Магілёўскай абласцях Беларусі.

Стрыка́цца — у беларускай мове стрыкаецца крапіва, апякаючы скуру, а таксама ў пераносным значэнні стрыкацца можа азначаць 'гаварыць колкасці камусьці'.

Сцірашка — 'ласцік'. У Беларусі гэты школьны прадмет часцей за ўсё называюць сцё́рка або сці́рка.

Судачок — 'кантэйнер (для ежы)'. Памяншальнае ад агульнага для беларускай і рускай мовы слова судок, невялікай пасудзіны для страў і подлівак.

Су́караткі — у беларускай мове словам су́каратка называецца 'скручанае месца ніткі, вяроўкі'.

Сёння — звычайнае беларускае слова, якое азначае 'ў гэты дзень’.

Сёрбаць — беларускае літаратурнае слова, якое азначае 'есці вадкую страву або піць, прысмоктваючы'.

Т

Таўка́чык — у беларускай мове так называецца кароткая прылада з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што-небудзь.

То́ркаць — у беларускай мове слова азначае 'таўхаць кароткімі штуршкамі', 'тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці'. Слова з падобнымі значэннямі можна сустрэць і ў слоўніках рускай мовы, але з рознымі паметамі.

То́рнуць — ‘уваткнуць вілку ў разетку’. Беларускае слова, вядомае на большай частцы Беларусі са значэннем ’штурхнуць, піхнуць, ткнуць’.

Тра́піла — ‘пашчасціла, пашанцавала’. Беларускае слова тра́піць са значэннем 'дасягнуць чаго‑небудзь, паразіць якую‑чаго‑небудзь цэль'.

Тро́шкі — беларускае слова са значэнням ‘нямнога, крышку, ледзь-ледзь’.

Ту́йбень — у форме ту́ебень слова пашырана на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне са значэннямі 'дурань, гультай, дармаед'. Магчыма, яно таксама звязнае са словам сту́ібень 'дурань, нязграбны чалавек', але дакладнае паходжанне слова няяснае.

Турлы́ — паводле Слоўніка смаленскіх гаворак слова мае значэнні 'глуш, неабжытае, аддаленае месца'. Прыводзіцца таксама сінонім тру́нда. У беларускіх слоўніках такое значэнне не зафіксавана. Слова турлы і блізкія формы сустракаюцца толькі як гукаперайманне буркавання галубоў.

У

Уру́хацца — 'улезці, завязнуць'. У гаворках Смаленшчыны і Браншчыны дзеяслоў врю́хаться ўжываецца ў значэннях ’сесці, легчы куды-небудзь; улезці’, а таксама пераносна — ’закахацца без памяці’. У беларускай народнай лексіцы уру́хацца таксама вядомае ў значэнні ’закахацца’.

Х

Халтыма́ / халтама́ / халда́ — у каментарах гэтае слова і яго варыянты апісваюць розныя аспекты неахайнасці і нязграбнасці. Яго ўжывалі ў дачыненні да нерасчасанага дзіцяці («як халтыма ходзіш»), вельмі актыўнага, шумнага дзіцяці, ці рассеянай, неахайнай жанчыны. Слова халтама́ зафіксавана ў дыялектных слоўніках паўночнай Беларусі, у значэннях 'неакуратная, неахайная жанчына', 'гультай', а таксама 'пляткарка'. Слова халда́ мае падобныя значэнні: 'неахайная, грубая жанчына'.

Хату́лі / хату́ль — 'рэчы, пажыткі'. «Хатулі сабрала?». Каментатары адзначалі беларускае паходжанне слова і яго пашыранасць нават за межамі рэгіёна. У беларускай літаратурнай мове хату́ль — гэта 'вялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку ці посцілку, які носяць за плячыма'.

Хмы́знік — беларускае дыялектнае слова, якое сустракаецца на Магілёўшчыне і Віцебшчыне, варыянт літаратурнага хмызня́к, якое азначае 'зараснікі кустоўя, дробны лес'.

Хру́лі — 'раскіданыя рэчы'. Слова не мае прамых адпаведнікаў у беларускіх слоўніках. Але ў беларускіх дыялектах зафіксаваны цэлы шэраг падобных формаў (хруль, хрулі, хруля), аднак зусім з іншымі значэннямі. Пры гэтым у Слоўніку смаленскіх гаворак словы хруллі або хрулі таксама адстутнічаюць. Затое там зафіксаваныя блізкія па гучанні і значэнні адзінкі, напрыклад хру́ны, хруннё — ‘рэчы’, якія вядомыя нават са слоўніка Даля, але не засведчаныя ў беларускай мове.

Каментатары ўдакладнялі, што хру́лі — гэта тое ж самае, што транты і пляхоткі. Слова пляхотка добра вядомае ў гаворках Магілёўшчыны і Браншчыны, дзе ім называюць 'рыззё, анучы' і 'пялёнкі'. Слова ж транты — агульнаўжывальнае ў беларускай мове з прыкладна тым жа значэннем.

Ху́стка — у каментарах адзначаюць, што гэта беларускае слова. Сапраўды, у беларусаў хустка — агульнапрынятае слова, якім назваюць тканіну, якую завязваюць на галаву, шыю ці накідваюць на плечы.

Ц

Ціка́ць — форма беларускага цяка́ць ‘хутка сыходзіць, збягаць’.

Цубы́лкі / цурбы́лкі / цурбэ́лкі / цы́блы (і іншыя варыянты) — у каментарах разгарнулася цэлая дыскусія вакол значэнняў гэтага гнязда слоў. Розныя формы маюць розныя, хоць часам і блізкія, значэнні ў залежнасці ад мясцовасці і нават сям'і. Цубы́лкі ў смаленчукоў часцей за ўсё абазначалі 'сцёблы раслін', 'бацвінне, пазбаўленае лісця' (напрыклад, бульбянік), у некаторых — 'цвёрдыя пражылкі ў капусным лісце'. 

Усе гэтыя словы паходзяць ад агульнага кораня цыб-, які звязаны з паняццем чагосьці доўгага, тонкага, падобнага на палку або нагу. Калісьці гэтаму кораню і вытворным словам быў прывесчаны цэлы артыкул у «Нашай Ніве». У літаратурнай беларускай мове ёсць слова цыбу́к ('сцябло'), а ў дыялектах — цэлы шэраг вытворных: цыба́ ('доўгая нага'), цыба́ты ('даўганогі'), цыбо́ўе ('сцёблы раслін без лісця').

Цуке́рка — у каментарах патлумачылі значэнне гэтага беларускага слова, якое азначае салодкі кандытарскі выраб, прамым перакладам на рускую мову.

Цю́пкі — 'батон у малацэ з цукрам'. У беларусаў цю́пка гэта ‘ежа з квасу або малака і накрышаных кусочкаў хлеба, скарынак’.

Цюра́ (напісана тюря) — апісана аналагічна з цюпкамі. У беларусаў цура́ ці цюра́ — гэта традыцыйная страва з пакрышанага ў квас або ваду хлеба з соллю і цыбуляй.

Цэлкаву́ха — у гаворках Магілёўшчыны так называюць яечню.

Ч

Чапо́к — 'замок, запор' з прыкладам «закрыцца на чапок». Слова пашырана ва ўсходніх беларускіх дыялектах і азначае розныя віды простых запораў: 'крук, зашчапку', 'прабой у клямцы'. У старабеларускай мове слова чепо́къ магло азначаць таксама ланцужок.

Чаро́пачка — 'кантэйнер'. Выглядае як перанясенне гістарычнага значэння на сучасную з’яву. У беларускіх слоўніках слова добра зафіксаванае, але з традыцыйнымі значэннямі: чаропачка — гэта памяншальная форма ад чаропка і азначае невялікую гліняную пасудзіну, напрыклад, міску, кубак або маленькі гаршчок. 

Чкацца — 'бадзяцца, сноўдацца па вуліцы без справы'. У каментарах адзначалася, што слова пашырана і ў іншых рэгіёнах, а не з'яўляецца выключна смаленскім. Верагодна, гэта мясцовы фанетычны варыянт вядомага ў беларускіх гаворках дзеяслова ні́каць / ні́чкаць са значэннямі 'сланяцца па кутках, хадзіць без мэты' і 'сноўдацца без справы', якія цалкам супадаюць са значэннем смаленскага слова.

Чува́й — 'чолка'. У беларускіх літаратурных і дыялектных слоўніках слова не зафіксавана.

Чы́сленнік — 'каляндар'. Дыялектная назва каляндара, распаўсюджаная ў гаворках Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Ш

Шапо́ртацца — зваротная форма ад беларускага дзеяслова шапо́ртаць — 'ствараць шорах, шоргат, капацца, шукаць, перабіраючы рэчы'. Слова з'яўляецца гукапераймальным, яно ўтварылася для перадачы гукаў шастання і шораху — шапор-шапор.

Шаро́хацца — зваротная форма ад беларускага дзеяслова шаро́хаць — 'варушыць, выграбаць што-небудзь', 'штурхаць, тузаць каго-небудзь'. 

Шканды́баць — беларускае слова, якое азначае ‘накульгваючы, ісці’.

Шлунь (у выразе «не трапі мае шлунь») — у каментарах даецца пераклад 'не нервуй мяне'. У Слоўніку смаленскіх гаворак зафіксаванае словае шлу́ння, якое азначае 'вантробы'. То ж сама значэнне слова шлу́нне мае і ў беларускіх гаворках: «Так выцяў, што й шлуньне палёзла».

Шлы́ндаць — беларускае слова, якое азначае ‘бадзяцца, швэндацца ўзад і ўперад, з месца на месца без мэты, без пэўнага занятку’.

Шушла́йка — ‘маленькая машына’. Відаць, сучасны наватвор.

Ю

Ю́шка — у беларускай мове слова мае адразу некалькі значэнняў: ‘металічны кружок або чатырохвугольная пласціна, якімі закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра’, ‘страва са свежай рыбы з прыправамі’, ‘поліўка’ ці проста ‘жыжка ва ўсякай страве’.

Я

Ямшчына — у Слоўніку смаленскіх гаворак слова тлумачыцца як месца, дзе жылі ямшчыкі. У беларускіх слоўніках слова не зафіксаванае. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • duck
    01.02.2026
    Пляменніца супрацоўніка з Бранскай вобласці вучылася ў Гомельскім універсітэце. Вельмі хвалявалася што прыйдзецца вывучаць беларускую мову, якую ў прынцыпе ніколі не вывучала.
    Пасля першых пар яе здзіўленне: дык гэта амаль тое як у нашай вёсцы гавораць!
  • смаляне ў вёсках калі ніхто не чуе, паміж сабой размаўляюць мовай
    01.02.2026
    duck, ёсць шмат відэа (NN) як сталыя смаляне ў вёсках калі ніхто не чуе, паміж сабой размаўляюць мовай. Трэба ім дапамагаць сябры
  • Якуб
    01.02.2026
    Я заўважаў у гаворцы расейскіх Невзорава і Ліпсіца праскокваюць беларускія словы слізкій, огульно, абрыдло і інш. Мы гэтыя словы не ужываем у расейскай бо лічым іх беларускімі. А яны пэўна недзе падхапілі з суседскіх рэгіенаў

Цяпер чытаюць

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі37

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Чатырохгадовы хлопчык стаў сведкам жорсткага забойства маці. Праз 20 гадоў ён успомніў дэталі — забойца пакараны5

Туск: Сетка Джэфры Эпштэйна магла быць маштабнай аперацыяй расійскіх спецслужбаў па вербаванні заходніх эліт18

«Я была як пад гіпнозам». Рэальныя гісторыі мінчукоў, якіх махляры прымусілі прадаць кватэры — адна сумная, другая амаль шчаслівая1

Сёння ноччу было да мінус 27,6°C

У злітых файлах Эпштэйна ўсплыла яшчэ адна беларуска, мадэль і жонка футбаліста — расказваем, што пра яе вядома17

«У вас ёсць любімая песня?» Знаёмцеся з Максатам — самым вядомым стрыт-відэографам Мінска1

Чэмпіён Польшчы па боксе, што раптоўна вярнуўся ў Беларусь, патлумачыў нечаканае вяртанне10

Ціханоўскі выступіў у Кангрэсе ЗША31

Цана на золата зноў больш за 5000 даляраў за унцыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі37

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць