Яндзы і Дзіньпін. У беларускай мове змянілі нормы перадачы кітайскіх назваў — новае напісанне дакладней перадае кітайскае гучанне
У першым акадэмічным «Кітайска-беларускім слоўніку», які выйшаў у 2026 годзе, выкладзеная і зацверджаная навукоўцамі нарматыўная беларуская сістэма. Беларуская фанетыка значна дакладней, чым многія іншыя мовы, здольная перадаваць складаныя кітайскія гукі.

Нядаўна пабачыў свет амаль тысячастаронкавы «Кітайска-беларускі слоўнік», выдадзены сумеснымі намаганнямі Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Гэта фундаментальная праца на 30 тысяч слоў, якую ўклалі айчынныя мовазнаўцы Мікіта Баравік, Яўгенія Волкава, Ігар Капылоў, Уладзімір Кошчанка і Марына Яромка.
У ім была апублікавана новая нарматыўная табліца транскрыпцыі кітайскіх складоў (піньіня) на беларускую мову. Гэта не проста рэкамендацыя, а новы стандарт, зацверджаны Вучонай радай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Рады Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, які мусіць забяспечыць аднастайнасць у адукацыі, афіцыйных дакументах, навуковых працах, СМІ і картаграфіі.
Разам з табліцай быў апублікаваны і нарматыўны спіс назваў найбольш важных і часта ўжываных геаграфічных назваў Кітая, замацаваных паводле новых правіл. Беларуская мова нарэшце атрымала ўласны самадастатковы інструмент для працы з кітайскімі тапонімамі і імёнамі ўласнымі.
Дагэтуль транскрыпцыя кітайскіх уласных імёнаў на беларускую мову адбывалася выключна праз калькаванне рускай транскрыпцыі, створанай яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Менавіта тады рускі праваслаўны місіянер архімандрыт Паладый (свецкае імя Пётр Кафараў) распрацаваў, а пазней папулярызаваў праз свой слоўнік сістэму транскрыпцыі кітайскай мовы.
Ні ў часы Расійскай Імперыі, ні ў часы Савецкага Саюза, натуральна, ніхто і не задумваўся пра нейкую асобную сістэму для беларускай мовы. Толькі цяпер, калі Беларусь здабыла незалежнасць і мае шчыльныя сувязі з Кітаем, не толькі эканамічныя і палітычныя, але і культурныя, узаемная цікавасць з абодвух бакоў прывяла да неабходнасці ўласнай сістэмы перадачы кітайскіх уласных імёнаў на беларускую мову без чужога пасрэдніцтва.

Не варта шукаць тут палітыкі. Сапраўдная прычына ў тым, што беларуская фанетыка істотна адрозніваецца ад рускай, і некаторыя кітайскія гукі беларуская мова здольная перадаць лепш.
Напрыклад, у рускай мове адсутнічаюць афрыкаты «дз» і «дж», якія ёсць у беларускай. Спрабавалі калі-небудзь хутка і выразна вымавіць слова «Цзянсу» ці «Цзэдун»? Гукаспалучэнне «цз» у беларускай мове абсалютна невымоўнае, яно гучыць зусім не так, як пішацца. Запісаць яго правільна на слых яшчэ цяжэй. Тое ж самае тычыцца і паладыеўскага «чж», як у назве правінцыі Чжэцзян.
Беларус тут чуе і вымаўляе натуральныя для яго афрыкаты «дз» і «дж» адпаведна. І, як падкрэсліваюць самі беларускія лінгвісты-ўкладальнікі слоўніка, менавіта яны дазваляюць перадаць кітайскія гукі z і zh значна больш дакладна і блізка да арыгінальнага вымаўлення. Чаму тады мы мусім пісаць замест іх нейкія «цз» ці «чж»?
Яшчэ адна фундаментальная хіба рускай транскрыпцыі — цвёрдасць там, дзе кітайцы вымаўляюць мяккія (палаталізаваныя) гукі. Узяць хаця б кітайскі склад qi. У расійскай сістэме Паладыя ён гістарычна перадаецца праз літару «ц» — напрыклад, у назве правінцыі «Цинхай» або горада «Чунцин». Гэты гук [ц] заўсёды цвёрды ў рускай, таму пры далейшым калькаванні транскрыпцыі на беларускую мову атрымліваюцца грубыя па гучанні Цынхай і Чунцын, хоць у беларускай мове гэты гук можа быць і мяккім — Цінхай, Чунцін.
Як падкрэсліваюць самі аўтары-ўкладальнікі выдання, такія сродкі беларускай фанетыкі дазваляюць перадаць арыгінальнае кітайскае вымаўленне куды больш дакладна, чым гэта рабілася раней.
Месцы, адкуль пайшла пандэмія і дзе робяць айфоны — як цяпер іх называць
У спецыяльным дадатку да слоўніка прыводзіцца цэлы спіс геаграфічных назваў Кітая, запісаных згодна з новай сістэмай.
Паўднёвы прамысловы хаб і адзін з найбуйнейшых гарадоў Кітая, які мы ўсе ведалі як Гуанчжоу, па-беларуску трэба пісаць як Гуанджоў. Месца, адкуль па ўсім свеце распаўсюдзіўся каранавірус, больш не Ухань — цяпер гэта Вухань (бо кітайскі піньінь Wuhan пачынаецца менавіта з губнага гуку [w], які гістарычна апускаўся ў рускай транскрыпцыі). Мегаполіс, дзе знаходзіцца гіганцкі завод Foxconn і збіраецца большасць айфонаў у свеце, па-расейску пішацца Чжэнчжоу, а па-беларуску фанетычна больш дакладнае Джэнджоў.


Змены закранулі і назвы правінцый. Усходні рэгіён, вядомы сваім эканамічным цудам і штаб-кватэрай Alibaba, правільна пісаць не Чжэцзян, а Джэдзьян.
Правінцыя Цынхай, вядомая аднайменным высакагорным возерам, зараз будзе пісацца Цінхай.
А велізарны аўтаномны раён на паўночным захадзе цяпер будзе пісацца Сіньдзьян-Уйгурскім (замест ранейшага Сіньцзян), што таксама больш адпавядае кітайскаму маўленню.
Для складоў, якія кітайцы вымаўляюць з прыдыханнем, у беларускай сістэмы выкарыстоўваецца раздзяляльны апостраф пасля цвёрдых зычных. Так гіганцкі горад цэнтральнага падпарадкавання побач з Пекінам ператварыўся правільна не Цяньцзінь, а Т'еньдзінь.
Запомніце і нарматыўнае напісанне назваў знакамітых прыродных аб'ектаў. Самая доўгая рака Еўразіі цяпер афіцыйна Яндзы (па-руску Янцзы), а магутная горная сістэма — Т'еньшань (па-руску Тянь-Шань).
Некаторыя назвы засталіся без змен, або праз традыцыйнасць, або праз супадзенне беларускай і рускай фанетык: Пекін, Шанхай, Гуандун, Хайнань, Сычуань, а таксама рака Хуанхэ.
Дзіньпін і Дзэдун
Калі напісанне геаграфічных аб'ектаў прама замацавана ў дадатку да слоўніка, то імёны палітыкаў, гістарычных асоб і зорак у ім не пералічваюцца. Аднак, маючы на руках афіцыйную нарматыўную табліцу перадачы складоў, можна выводзіць іх самастойна, каб захоўваць аднастайнасць.
Змены закрануць напісанне імёнаў. Цяперашні старшыня Кітая Xi Jinping, які раней транслітараваўся праз расійскую кальку як Сі Цзіньпін, па-беларуску будзе правільна пісаць Сі Дзіньпін. Кітайскі правадыр Mao Zedong мае пісацца згодна з вымаўленнем: Дзэдун. Цяперашні прэм'ер Дзяржрады Li Qiang павінен пісацца як Лі Цьян (па-руску: Лі Цян).
Старажытны кітайскі філосаф, які ў рускай традыцыі пішацца Чжуан-цзы, па-беларуску мае пісацца Джуан-дзы, а аўтар знакамітага трактата «Мастацтва вайны» — Сунь-дзы (з працяжнікам, бо кітайскае «-zi» (子) тытул, які азначае настаўніка ці мудраца).
Беларускія тапонімы на кітайскай мове
Яшчэ адно цікавае месца слоўніка: ён упершыню замацаваў напісанне беларускіх тапонімаў па-кітайску не з рускага іх напісання, а непасрэдна з беларускага.
Гістарычна склалася так, што ў іншыя мовы, не толькі кітайскую, нашы геаграфічныя назвы прыходзілі праз рускую. Па-кітайску Гомель транслітараваўся як Gēméilì (ад расійскага Gomel), Гродна — як Géluódénuò (Grodno), а Магілёў — як Mòjíliàofū (Mogilev).

Цяпер жа лінгвісты прапануюць іншую транскрыпцыю, якая абапіраецца на беларускае напісанне і вымаўленне. У акадэмічным слоўніку менавіта яна пастаўлена на першае месца як асноўная норма, а некаторыя старыя транскрыпцыі з рускай даюцца толькі ў дужках.
Цяпер назва Гродна пішацца і вымаўляецца па-кітайску як Hèluódénà, а Гомель запісваецца як Huòméilì, адлюстроўваючы беларускі фрыкатыўны «Г». Магілёў запісваецца як Mǎjíliàowū, спрабуючы перадаць беларускае «-ёў» на канцы. Гэты ж прынцып закрануў і дзясяткі іншых гарадоў — напрыклад, Ганцавічы цяпер афіцыйна транслітаруюцца як Hàncháwéiqí (замест русіфікаванага Gāncǎiwéiqí).
Кітайскія студэнты і навукоўцы, якія будуць вывучаць Беларусь і карыстацца гэтым слоўнікам, будуць засвойваць назвы геаграфічных аб’ектаў Беларусі, якія абапіраюцца непасрэдна на беларускае гучанне, без пасрэдніцтва іншых моў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
хіба кепска ,што беларускія лінгвісты-філолагі робяць такія слоўнікі?
яны малайцы ўжо таму,што выдалі слоўнік кітайска-БЕЛАРУСКІ,а не китайско-русский ,пад кіраўніцтвам беларусаў.