Грамадства99

Што вядома пра аднакурснікаў-беларусаў Колі Лукашэнкі, што скончылі з ім Пекінскі ўніверсітэт

Падчас паездкі ў Кітай Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Пекінскага ўніверсітэта, а потым выступіў падчас уручэння дыпломаў выпускнікам. Сярод іх быў яго сын Мікалай і яшчэ чацвёра студэнтаў, а таксама іх бацькі, з якімі палітык, па яго прызнанні, пазнаёміўся толькі на ўручэнні дыпломаў. «Люстэрка» высветліла, што вядома пра хлопцаў, якія вучыліся ў Пекіне разам з сынам Лукашэнкі.

Коля Лукашэнка і яго аднакурснікі падчас уручэння дыпломаў БДУ і Пекінскага ўніверсітэта. Фота: БелТА

Распавёў Лукашэнку анекдот пра майку з Гітлерам і трапіў на вірусны скрыншот

Дыпломы з рук рэктара Пекінскага ўніверсітэта і БДУ разам з Колем Лукашэнкам атрымаў Аляксей Гаўрычкоў. Гэты хлопец «засвяціўся» падчас адкрытага ўрока Аляксандра Лукашэнкі 1 верасня 2022 года, які палітык праводзіў у БДУ.

Тады яшчэ першакурснік біяфаку Гаўрычкоў прадставіўся па імені і сказаў, што ён — аднагрупнік Дзяніса Знака, студэнта, які пытаннем пра прапаганду раззлаваў Лукашэнку.

Перад тым як задаць пытанне, Гаўрычкоў расказаў палітыку анекдот.

— Зрабіў сабе хлопец майку з партрэтам Гітлера ў сэрцы — прыляцела некалькі ўдараў па галаве, збілі да паўсмерці, а ён яшчэ з пакоя не выйшаў, — сказаў Гаўрычкоў, але зала адрэагавала вяла, смяяўся толькі Лукашэнка і сам студэнт.

— Раней гэты анекдот здаваўся б абсалютна бязглуздым і смешным, але цяпер я як чалавек, які любіць гісторыю і цікавіцца ёй, часта сяджу ў розных гістарычных супольнасцях і заўважыў тэндэнцыю (і за апошнія некалькі гадоў яна толькі ўзмацняецца), што людзі нашага ўзросту (і яны ўбіваюць гэта ў галаву малодшага пакалення) пачынаюць лічыць, што Гітлер меў рацыю, што быў вызваліцелем. Ці не лічыце вы, што трэба больш далучаць моладзь да гісторыі, каб людзі ведалі?

Аляксей Гаўрычкоў на ўручэнні дыпломаў БДУ і Пекінскага ўніверсітэта. Фота: БелТА

Пакуль Гаўрычкоў задаваў пытанне, за яго спінай студэнт біяфаку Раман Паўлаў напісаў на аркушы паперы слова «Ратуйце». Гэта імгненна стала мемам, і фота з Раманам за спінай Аляксея разышлося па сацсетках і медыя.

Аляксей Гаўрычкоў на першым плане, а за яго спінай аднагрупнік Раман Паўлаў трымае аркуш з надпісам «Ратуйце». Мінск, 1 верасня 2022 года. Скрыншот: відэа АНТ

Цяпер 23‑гадовы Гаўрычкоў вучыцца ў магістратуры. Пра гэта ён расказаў у профілі рэпетытара на сайце «Профі.ру».

— Займаюся даследаваннямі ў галіне малекулярнай генетыкі, маю навуковыя публікацыі, — прэзентуе сябе Аляксей. — Узровень матэматыкі высокі, бо ў сваёй працы шмат займаюся статыстычным аналізам. Ведаю англійскую на высокім узроўні, ёсць досвед міжнароднага супрацоўніцтва. Таксама вывучаю кітайскую мову ўжо тры гады. У школе ўдзельнічаў у алімпіядах па хіміі і біялогіі. Адпаведна цікавяць заказы ў галінах хіміі, біялогіі, матэматыкі, кітайскай і англійскай моў.

Бацькі Аляксея Гаўрычкова

На ўручэнне дыпломаў у Пекін прыляцелі з Мінска і бацькі Аляксея. І калі пра бацьку ў адкрытых крыніцах інфармацыі няма, то пра маці ёсць. Наталля Гаўрычкова працуе загадчыцай дзіцячага сада-ясляў № 76 у сталіцы.

Яна трапляла на вокладку профільнага часопіса ў ліпені 2021 года. Удзельнічала ў рэспубліканскіх з’ездах работнікаў дзіцячых садкоў і праводзіла розныя семінары.

Вырас з маці-сілавіком і граў ролі ў тэатры факультэта

Уладзіслаў Сцяпанаў, які атрымаў дыпломы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта разам з Мікалаем Лукашэнкам. Скрыншот: відэа СТБ

Прысутнічаў на тым рэзанансным адкрытым уроку Лукашэнкі і Уладзіслаў Сцяпанаў. Выпускнік школы № 19 Мінска, ён таксама паступіў на біяфак БДУ па спецыяльнасці «біятэхналогія».

Гады навучання ў двух універсітэтах разам з Мікалаем Лукашэнкам Сцяпанаў апісвае лаканічна:

— Гэта было цяжка і класна. Было насычана, ярка, вельмі запамінальна. Я ўдзельнічаў у вялікай колькасці алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, таму мне гэта дастаткова лёгка далося.

Пры гэтым студэнт паспяваў нават сыграць у тэатры факультэта — «Бія-тэатры». У п’есе «Сэрцу не загадаеш» яму дасталася роля першага рэбра чалавечага арганізма.

На ўручэнні дыпломаў у Пекіне сына падтрымлівала маці Ірына Сцяпанава.

Згодна з данымі з адкрытых крыніц, жанчына, верагодна, працуе ў МУС (прынамсі ў 2021 годзе, наколькі вядома «Нашай Ніве», яна працавала ў дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС). Так, яе можна ўбачыць на фота з азнаямленчай паездкі супрацоўнікаў беларускага міністэрства ў Таджыкістан, якая адбылася ў жніўні 2024 года.

Ірына Сцяпанава падчас азнаямленчай паездкі беларускага МУС у Таджыкістан. Фота: mia.tj

А ў лютым гэтага года Ірына трапіла на фота пасяджэння экспертаў краін СНД. Яны разглядалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю на транспарце.

Школьнікам зрабіў даклад на кітайска-беларускай канферэнцыі, і яго адзначылі

Яўген Жукоўскі (другі справа)

Яўген Жукоўскі з Мінска да паступлення на біяфак БДУ быў актыўным студэнтам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Так, у 2021 годзе яшчэ школьнікам ён паехаў у Гуанчжоу, дзе ўдзельнічаў у чацвёртым Кітайска-беларускім форуме. Яго даклад «Экалагічны сінтэз нанакампазітаў срэбра і полівінілавага спірту» быў адзначаны калегіяй форуму. Кіраўніком працы Жукоўскага быў доктар хімічных навук, прафесар Дзмітрый Грыншпан.

Яўген Жукоўскі (у другім шэрагу трэці злева) падчас навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

З гэтым жа дакладам Яўген удзельнічаў і ў IV Міжнародным студэнцкім экалагічным кангрэсе, які сабраў больш за 100 маладых эколагаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Туркменістана і Бангладэш.

Ужо будучы студэнтам, Яўген атрымаў дыплом трэцяй ступені на алімпіядзе па матэматыцы сярод студэнтаў факультэтаў нематэматычнага профілю БДУ. Дарэчы, ён таксама граў у «Бія-тэатры», як і Сцяпанаў. Толькі ўжо чацвертае рабро.

Падчас уручэння дыплома сыну прысутнічаў і яго бацька Юрый Жукоўскі. Ён працуе ў УП «СТС-Белполіпластык». Гэта найбуйнейшы ў Беларусі пастаўшчык труб.

Удзельнічаў у IT-конкурсах і назваў свой шлях «цярністым»

Разам з Колем Лукашэнкам вучыўся і гамяльчанін Ягор Караткевіч. Выпускнік сярэдняй школы № 40, яшчэ ў школьныя гады ён актыўнічаў у «Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі».

Хлопец займаў прызавыя месцы на розных IT-конкурсах. Напрыклад, у 2019 годзе ў яго было першае месца ў катэгорыі «Вэб-дызайн» рэспубліканскага конкурсу Hi-Tech. А ў 2021 годзе — другое месца ў абласным хакатоне «Ініцыятывы, якія паляпшаюць жыццё». Ён прапанаваў «прататып найпрасцейшай гульнявой кансолі для навучання асновам праграмавання».

Ягор Караткевіч падчас уручэння дыпломаў па выніках Гомельскага хакатона. Гомель, 2021 год. Фота: octt.by

— «Цярністым» [быў шлях], — расказваў Ягор дзяржТБ пра цяжкасці ў вучобе за гэтыя гады. — У прынцыпе, такое прамацванне для сябе новых тэм, новых магчымасцяў, гэта значыць разуменне, як адбываюцца навуковыя працэсы, навуковыя эксперыменты ў рэальнасці, наколькі нашы ідэі, амбіцыі як маладых вучоных рэалізуемыя, у тым ліку і ў нашай краіне.

У Пекіне з ім прысутнічаў і бацька хлопца Аляксандр Караткевіч. Пра яго нічога асаблівага невядома.

Бацька Ягора Караткевіча Аляксандр на ўручэнні дыплома сыну ў Пекінскім універсітэце. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Мужчына знайшоўся толькі на фота сустрэчы з Аляксеем Талаем у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту ў Гомелі. На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі БелДУТ, Гомельскай мытні і «Белмытсэрвіса». Не выключана, што гамяльчанін працуе ў адным з гэтых месцаў.

Нагадаем, 30 чэрвеня дзяржСМІ паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на выпускным малодшага сына Мікалая ў Пекіне — там уручалі дыпломы студэнтам першай сумеснай беларуска-кітайскай праграмы па спецыяльнасці «біятэхналогія». З ім у Пекіне вучыліся яшчэ чацвёра хлопцаў.

Каментары9

  • Андрусь
    01.07.2026
    зараз усіх гэтых выпускнікоў, іхніх бацькоў і дваіх лукашэнак трэба саджаць на карантын - у тых кітайскіх біялабараторыях якіх толькі каронавірусаў не наразрабляюць!
  • нет слов
    01.07.2026
    Какой лютый позор , тетка работает в паспортном столе ,а невероятные ей уже навесили ярлык "мать-силовик". Тьфу, мерзкие создания...
  • нет слов
    01.07.2026
    світа, Таксама, як и Сьвета - усе за свой кошт ,перелеты по странам,быт, развлечения!

Цяпер чытаюць

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі ўжо +30°С

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?28

У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»25

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард13

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць