У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм папраўкі па мігрантах: іспыт па літоўскай мове для тых, хто падае заяву на трэці дакумент на пражыванне за 10 гадоў (і не толькі на ДНЖ). Што гэта азначае і каго закране, піша «Волна».

Учора прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм папраўкі да закона «Аб прававым становішчы замежнікаў». Сярод прапаноў — новы двухгадовы фармат дазволу на часовую працу і экзамен па літоўскай мове для часткі замежнікаў, якія атрымліваюць ужо не першы дакумент, што дае права на пражыванне ў Літве.
Пакуль гэта не дзейны закон. Папраўкі яшчэ павінны быць разгледжаны і прыняты Сеймам. У праекце пазначана, што ў выпадку прыняцця яны павінны ўступіць у сілу з 1 студзеня 2027 года.
Што менавіта прапануецца адносна мовы?
У праекце ёсць дзве розныя нормы.
1. Для новага двухгадовага дазволу на часовую працу прапануецца абавязковае пацвярджэнне ведання літоўскай мовы на ўзроўні А2.
Замежнік павінен прадставіць дакумент, які пацвярджае валоданне літоўскай мовай не ніжэй за ўзровень А2.
Аднак гэта датычыцца не ўсіх, а толькі тых, для каго запытваемы дазвол на часовую працу стане ўжо трэцім дакументам, які дае права жыць у Літве, за апошнія 10 гадоў (напрыклад, нацыянальная віза D таксама будзе лічыцца адным з трох дакументаў).

2. Для часткі дазволаў на жыхарства (ДНЖ) прапануецца патрабаванне ведання літоўскай мовы на ўзроўні B1.
Замежнік, які просіць выдаць часовы ДНЖ паводле пунктаў 4 або 6 часткі 1 артыкула 40 закона, павінен прадставіць дакумент, які пацвярджае валоданне літоўскай мовай не ніжэй за ўзровень B1.
- Пункт 40(1)(4) — часовы ДНЖ для працы ў Літве.
- Пункт 40(1)(6) — часовы ДНЖ для навучання ў Літве.
Такім чынам, паводле тэксту праекта, экзамен па літоўскай мове на ўзроўні B1 прапануецца для тых, хто падае заяву на працоўны або студэнцкі ДНЖ і пры гэтым атрымлівае ўжо трэці дакумент на пражыванне ў Літве за апошнія 10 гадоў.
Экзамены А2 або B1, паводле прапанаваных паправак, будуць патрабавацца ў трох выпадках:
- пры атрыманні звычайнага працоўнага ВНЖ — калі гэта трэці дакумент на пражыванне за апошнія 10 гадоў;
- пры атрыманні студэнцкага ВНЖ — калі гэта трэці дакумент на пражыванне за апошнія 10 гадоў;
- пры атрыманні новага двухгадовага дазволу на часовую працу — таксама калі гэта трэці дакумент, але патрабаваны ўзровень мовы — А2.
Каго гэтая норма, паводле праекта, не закранае
- уладальнікаў Blue Card, паколькі яна выдаецца паводле асобнага пункта закона — 40(1)(4¹), які ў праекце не згадваецца;
- асоб, якія знаходзяцца ў Літве па гуманітарных падставах, з-за немагчымасці вяртання, атрымалі дадатковую абарону і ў іншых падобных выпадках — яны рэгулююцца іншымі пунктамі артыкула 40;
- тых, хто атрымлівае ВНЖ па ўз'яднанні сям'і, літоўскім паходжанні або іншых падставах, якія таксама не названы ў гэтай норме.
Прадугледжаны выключэнні
Патрабаванне аб пацвярджэнні ведання літоўскай мовы не павінна распаўсюджвацца на:
- дзяцей;
- асоб, старэйшых за 65 гадоў;
- людзей з устаноўленым узроўнем працаздольнасці ад 0 да 55 %;
- асоб, якім вызначана патрэба ў індывідуальнай дапамозе;
- людзей з цяжкімі хранічнымі псіхічнымі і паводзінскімі разладамі.
Каментары
Яны навезуць індусаў і пакістанчыкаў, тыя як заўжды, атрымаюць фэйкавыя сертыфікаты мовы, як яны атрымліваюць фэйкавыя дыпломы, пасведчанні, правы кіроўцы і г.д.
І ўсё будзе добра. Як у Канадзе з Аўстраліяй.