Форма зборнай Гаіці выклікала сапраўдны фурор на Зімовых Алімпійскіх гульнях. Але яе ледзь не забаранілі
Хоць Гаіці на Зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў Мілане і Карціна д'Ампеца будуць прадстаўляць усяго два спартсмены, іх цяжка будзе не заўважыць на цырымоніі адкрыцця — інтэрнэт ужо чакае іх з’яўлення. Але такі ажыятаж мог і не здарыцца: першую версію формы не зацвердзіў Міжнародны алімпійскі камітэт, піша Telegraf.news.

Калі думаць пра Гаіці, то зімовы спорт, лыжы і снег — гэта апошняе, што прыходзіць у галаву. Але гэтыя стэрэатыпы не перашкодзілі краіне з Карыбскага рэгіёну адправіць сваіх прадстаўнікоў на Зімовыя Алімпійскія гульні. Гэта толькі другія зімовыя гульні для Гаіці, а прадстаўляюць яе лыжнікі Рычардсан Віяно і Стывенсан Савар. І хоць зборная невялікая, яе абавязкова запомняць — калі не дасягненнямі, то стылёвым выглядам.
Нядаўна ў сетцы паказалі афіцыйную форму гаіцянскай зборнай, і фатаграфіі імгненна разляцеліся па сацсетках. Многія падумалі, што гэта праца штучнага інтэлекту: ну не можа афіцыйная форма выглядаць як паказ мод! Але гэта сапраўдная форма спартсменаў Гаіці, пры тым — адзіная на Гульнях-2026, пафарбаваная ўручную.
Дызайн зрабіла Стэла Жан — італьянская дызайнерка з гаіцянскімі каранямі па мацярынскай лініі. Яна ўжо стварала форму для спартсменаў сваёй радзімы, у тым ліку для Летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. Тады яе дызайн таксама адрозніваўся ад звыклых спартовых касцюмаў і больш нагадваў модны подыум.
Аднак гэты зімовы ажыятаж мог і не адбыцца. Першую версію формы забараніў МАК з-за парушэння правілаў алімпійскага нейтралітэту — нельга выкарыстоўваць палітычныя, рэлігійныя ці расавыя сімвалы.
Першапачаткова на форме была выява гаіцянскага рэвалюцыянера Франсуа Тусена-Луверцюра, які ў 1804 годзе дапамог мясцовым рабам вызваліцца і дасягнуць незалежнасці Гаіці ад Францыі. МОК палічыў такі палітычны сэнс непрымальным. Але і ў змененай версіі ёсць намёкі — на карціну мясцовага мастака Эдуарда Дзюваля-Кары, дзе Луверцюр паказаны на чырвоным кані. Самога вершніка прыбралі, а каня, які «ідзе да перамогі», пакінулі.
«Гаіцянская каманда ўжо перамагла», — часта пішуць у сацсетках.
Самі гаіцяне таксама лічаць, што ўдзел у Зімовай Алімпіядзе — ужо дасягненне.
«Прыняцце ўдзелу Гаіці ў Зімовых Алімпійскіх гульнях — гэта сімвал, гэта заява, а не выпадковасць, — сказаў пасол Гаіці ў Італіі Гандзі Томас. — Магчыма, мы не зімовая краіна, але мы нацыя, якая не абмяжоўваецца чужымі чаканнямі. Адсутнасць — гэта самая небяспечная форма забыцця».
Дзе беларусам глядзець Алімпіяду, бо не ўсё так добра
Джэй Дзі Вэнс прыляцеў на Алімпіяду ў Мілан з флотам з 14 самалётаў і картэжам з 100 аўтамабіляў
Сёння пачынаюцца Зімовыя Алімпійскія гульні
Расклад спаборніцтваў беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе-2026
Італьянская біятланістка перад самым стартам зімовай Алімпіяды праваліла допінг-тэст
Каментары