Сем лістоў з такімі прызнаннямі ў каханні, а выйшла замуж за агента КДБ
Любоўныя лісты да 15‑гадовай вучаніцы Віленскай беларускай гімназіі Зоі Коўш паказаныя на выставе ў Вільні. Незвычайная гісторыя жыцця і мізантропіі стаіць за імі зданню.

Калі Зоі Коўш пісалі тыя лісты, ёй было 15. Каб яна магла вучыцца ў беларускай гімназіі, якіх за палякамі, як цяпер у РБ, былі адзінкі, у 1925 годзе яе сям’я пераехала ў Вільню. Бацькі купілі там дом на вуліцы Летняй на Антокалі. Пасля поўнага трывог дзяцінства ў Зоі пачалося, на першы погляд, абсалютна шчаслівае юнацтва.
Зоя нарадзілася ў 1911 годзе ў нябеднай сям’і банкаўскага работніка Аляксандра Каўша. Яе мама Лізавета была з сям’і гарадзенскіх мяшчан, яе дзявочае прозвішча было Суравец. Бацька — з працавітага сялянскага роду: яму перайшоў у спадчыну немалы кавалак зямлі пад Ваўкавыскам. Але здарылася вайна, і з Любліна іх эвакуявалі ў Разань, а пасля ў Майкоп.

Толькі ў 1921 годзе разам з іншымі беларусамі-ўцекачамі Каўшы здолелі вярнуцца на радзіму. Тата пад уплывам ваенных падзей перавучыўся на святара, але ў Вільні паралельна будзе працаваць і па сваёй першай адукацыі рахункавода.
Экзамены ў Віленскую беларускую гімназію Зоя Каўшанка (так у добрай старой традыцыі называлі дзяўчат: дачка Каўша — значыць, Каўшанка; Алаіза з Пашкевічаў — Пашкевічанка…) вытрымала паспяхова. Яе сям’я належала да ліку «найлепшых беларускіх сямей». 1926 год быў момантам, калі можна было ўздыхнуць пасля войнаў, пасля небяспечных матанняў па тмутараканях расійскіх, пасля змен сістэм і ўладаў. Была праца, было жыццё, свяціла сонца ў дворыкі каля Базыльянскіх муроў.

Праўда, абсалютна шчаслівай сям’ю Каўшоў (маю на ўвазе асабістае, не грамадскае) можна было назваць толькі з першага погляду, але пра тое будзе ніжэй.
Наступны 1927 год для сям’і Каўшоў будзе чымсьці падобны да беларускага 2021‑га для многіх сучасных сем'яў, але ў лёгкай форме.
Беларускасць была свядомым выбарам Каўша-таты, справай яго душы.
У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады святара Аляксандра Каўша арыштуюць польскія ўлады, аднак у 1928 годзе ён будзе апраўданы. Вярнуўшыся ў Вільню, ён працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве — самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, заснаванай яшчэ ў XIV ст. пры Альгердзе (праўда, перабудаванай не да спазнання за Мураўёвым). Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні.

На фоне гэтага ўсяго юнакі і дзяўчаты жылі тым самым, чым жывуць усе маладыя: яны шукалі кахання. Ад таго, як напісаны ліст, залежала, ці зверне на юнака ўвагу дзяўчына, таму — стараліся, пасланні тыя часам — цэлая драма.
Пераборлівая Зоя замуж не спяшалася. У 1939 годзе, калі выбухнула Другая сусветная, ёй было 28 гадоў. Па тых часах гэта лічылася ўжо вельмі шмат для дзяўчыны. А тады стала ўжо і не да шлюбаў. Вільню занялі саветы, людзі, а можа і тыя хлопцы, якія шукалі яе сэрца, сталі знікаць без следу.

Зоін бацька Аляксандр Коўш застаўся на свабодзе, але служэнне ў царкве вымушаны быў спыніць. У 1941 годзе прыйшлі ўжо немцы, Коўш паехаў у Мінск аднаўляць царкоўнае жыццё: перад 1941 на ўсю Усходнюю Беларусь заставалася толькі дзве дзейныя цэрквы, амаль усіх святароў саветы расстралялі. Каўша прызначаюць у Плешчаніцы. Там яго і расстраляюць — толькі ўжо гестапа за тое, што ён ратаваў яўрэяў. Было яму на той момант 59 гадоў. Ён загінуў амаль тады ж, калі згарэла Хатынь. Ад Плешчаніц да Хатыні кіламетраў 25 па дарозе і яшчэ менш — калі напрасткі.
І вось: тату расстрэльваюць гестапаўцы, а яго дзеці, 32‑гадовая на той момант Зоя і 27‑гадовы Святаслаў (таксама ў будучыні святар), застаюцца працаваць на нямецкія структуры. Славік — старшынёй Клецкага павета, а Зоя — юрысконсультам у Беларускім нацыянальным камітэце ў Вільні.
Можа быць, ключ да разумення такога канфармізму — у атмасферы сям’і? Сяргей Шупа, які кватараваў у Каўшанкі ў 1990-я, расказвае, што маці Зоі — гарадзенская мяшчанка — усё жыццё не магла сабе дараваць ганебны мезальянс з выхадцам з сялян Аляксандрам, у канцы 30‑х перапісала хату на сябе і выгнала а. Аляксандра з хаты. Апошнія свае віленскія гады ён жыў на Вялікай, каля Мікалаеўскай царквы. Выгнала яна з хаты і сына Святаслава, бо той ажаніўся з паповай дачкой — і той вымушана здымаў катушок у Падагеляў, таксама на Летняй, за сем дамоў ад «бацькоўскай» хаты. Ці не ад такой ганарлівай маці перадаўся характар і Зоі?

У сваіх успамінах Зоя Коўш апраўдвала свой выбар тым, што на гэтай пасадзе рабіла што магла — пісала прашэнні да нацыстаў, дамагалася вызвалення людзей з засценкаў, нават партызанаў удавалася ёй адмазваць.
У 1944 годзе Зоя адступіла разам з немцамі — тымі самымі немцамі, якія расстралялі яе тату. А куды ёй было дзявацца? Нейкі час яна працавала сакратаркай у прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага (а ён, дарэчы, у 1920‑х быў дырэктарам гімназіі, дзе вучыліся Зоя і яе патэнцыйныя кавалеры).
Успаміны Зоі Каўшанкі «Фройляйн з Беларускага камітэта» былі апублікаваныя ў свой час у адноўленай «Нашай Ніве».
Да 1947 года Зоя перабівалася ў Нямеччыне, нават выехала ў лагер для ўцекачоў у Ватэнштат. З нейкай прычыны: ці то па наіўнасці, ці каб прадаць рэчы, сама яна казала, што памылкова выйшла ў туалет не на той станцыі — вярнулася ў Берлін, дзе ў 1947 годзе яе арыштавала савецкая контрвыведка і асудзіла на 10 гадоў лагераў — дзясятку тады давалі тым, якіх не было ў чым абвінаваціць. Для параўнання: упартай Ларысе Геніюш уляпілі 25.
З савецкіх канцлагераў Зоя Коўш вярнулася толькі пасля амністыі для палітвязняў, абвешчанай 17 верасня 1955 года. У Вільню яны трапіла толькі праз паўгода пасля смерці маці. Сваякоў тут ужо нікога не было і вельмі мала — з даваеннай беларускай тусоўкі. Зоя вярнула сабе дом на вуліцы Летняй (Vasaros) 7, куплены і разбудаваны ў свой час бацькам. На момант яе вяртання там ужо жылі самасёлы.
У Вільню вярталіся і іншыя беларусы — вязні ГУЛАГа, якія спрабавалі сацыялізавацца ў новых, ужо літоўскіх умовах, трымацца адны за другіх. Адным з такіх быў Аляксандр Кратовіч. У пачатку 1960‑х гадоў 50‑гадовая Зоя Коўш выходзіць за яго замуж, пазнаёміў іх Адольф Клімовіч. Яна не ведала, што ў лагеры Аляксандр Кратовіч даносіў на іншых вязняў-беларусаў, а сам яго шлюб з немаладой Зояй некаторыя гісторыкі лічаць часткай спецзадання па пранікненні ў беларускае кола. Ягоным агентурным псеўданімам быў «Шквал» і ён метадычна збіраў інфармацыю пра беларускіх дзеячаў — у тым ліку пра Ларысу Геніюш.
Дакументальныя доказы гэтага знайшліся, калі Літва адкрыла архівы савецкага КГБ.

Агент Шквал і агент Арэф’еў: як КГБ атачаў Ларысу Геніюш сексотамі, на якіх яна не магла і падумаць
Але і Кратовічу жыццё адпомсціла. Нямоглы і хворы «Максімыч» пад канец жыцця быў паселены ў колішні пакойчык «для прыслугі» з прагнілай падлогай і пазбаўлены якой бы там ні было ўвагі і апекі. Бо ў хаце жылі «сабачкі» — чатыры дробныя звяглівыя дварнякі, якія спалі на канапах і замянілі пані Зоі сям'ю і сяброў. Так ён у той кануры і памёр ад раку. Ад той самай хваробы ў поўнай маральнай адзіноце і азлобленая на цэлы свет неўзабаве памрэ і сама адрасатка тых любоўных лістоў. Гэта піша Сяргей Шупа: у яго выключна цікавыя ўспаміны пра Зою Каўшанку, пра яе дзікую мізантропію і мяшчанскую фанабэрыю.


Але пры ўсім сваім характары лісты тыя з юнацкімі прызнаннямі ў каханні Каўшанка зберагла да канца жыцця, і так яны трапілі ў калекцыю Віленскага беларускага музея.
На выставу варта схадзіць, каб учытацца ў іх, пабачыць тую паперу, тыя почыркі, кнігі і прадметы таго часу. Экспанаты, паказаныя на выставе, даюць магчымасць убачыць, што і як хвалявала тагачасных беларусаў.
Выстава пра беларускае жыццё сто гадоў таму, у 1926 годзе, будзе дзейнічаць да 18 лютага. Яе можна агледзець у працоўныя дні музея — гэта значыць, з серады па нядзелю ў 14:00-20:00. Уваход на выставу вольны. Музей знаходзіцца ў Вільні на вуліцы Віленскай, 20 (Vilniaus g.), уваход са двара. А тых, хто не ў Вільні, музей запрашае азнаёміцца з экспанатамі выставы на сваім віртуальным сховішчы, дзе можна пагартаць выстаўленыя кнігі і бліжэй паразглядаць лісты.
«Праз сто гадоў зробім выставу пра 2026-ты», — пагрозліва папярэджваюць музейніцы, прымушаючы задумацца пра тое, што ж мы каму пішам у нашых трэдсах.
Каментары
-NN
[Зрэдагавана]