Двое замежных грамадзян спрабавалі ўехаць у Беларусь з Польшчы, не задэклараваўшы буйную суму наяўных грошай. Абодвум мужчынам па 45 гадоў, і кожны з іх вёз з сабой больш за 75 тысяч даляраў, піша Генеральная пракуратура.

Інцыдэнт адбыўся 28 студзеня. Пры запаўненні мытнай дэкларацыі мужчыны пазначылі толькі часовы ўвоз аўтамабіля і перавоз сабакі, але пра наяўныя грошы не паведамілі. Падчас праверкі, аднак, беларускія мытнікі знайшлі валюту як у асабістых рэчах, так і ў машыне. Самі іншаземцы патлумачылі гэта тым, што не былі знаёмыя з правіламі дэкларавання.
Усе грошы былі канфіскаваныя. Мужчын часова вызвалілі пад заклад сумай 11 250 рублёў з кожнага, улічыўшы, што ў іх ёсць на ўтрыманні малалетнія дзеці.
Паводле заведзеных крымінальных спраў ім можа пагражаць штраф, абмежаванне волі або пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў.
Каментары