У Маскве побач з цэнтрам, які распрацоўвае інструменты масавага сачэння за расіянамі, узарвалася машына
Раніцай у чацвер на захадзе Масквы адбыўся выбух ля будынка Галоўнага навукова-даследчага вылічальнага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (ГалоўНДВЦ).

ГалоўНДВЦ стварае інструменты масавага сачэння за расіянамі ў інтэрнэце, а таксама сэрвісы маніторынгу і дэананімізацыі карыстальнікаў сацсетак, піша «Агенцтва».
Baza апублікавала фота, на якім здалёку відаць падпаленую машыну перад пяціпавярховым адміністрацыйным будынкам. Машына, якая выбухнула, спачатку задымілася, а затым прагрымеў выбух.
Мяркуецца, што выбухнуў аўтамабіль Mercedes ML350, усярэдзіне якога ў момант выбуху нікога не было. Магчымай прычынай выбуху стала праводка.
Паводле апублікаванага у 2019 годзе расследавання «Медузы», ГалоўНДВЦ распрацоўвае сістэмы маніторынгу і дэананімізацыі карыстальнікаў сацсетак.
У прыватнасці, як высветліла выданне, цэнтр прадаваў сэрвісы «Пскоў» і «Шэрлак» страхавым кампаніям і службам бяспекі кампаній для праверкі сумленнасці супрацоўнікаў і вывучэння даных кандыдатаў пры найме на працу. ГалоўНДВЦ таксама стварыў для МУС сістэму «Пасейдон», якая «дазваляе шукаць у сацсетках экстрэмістаў». Распрацаваныя цэнтрам сэрвісы агрэгавалі персанальныя даныя расіянаў не толькі з адкрытых крыніц, але і са злітых баз.
Цэнтр таксама адказвае за распрацоўку агульнарасійскай сістэмы відэаназірання з распазнаннем твараў. З яе дапамогай сілавікі ў Расіі ладзяць аблавы як на палітычных актывістаў, так і на тых, хто, напрыклад, спрабуе пазбегнуць адпраўкі ў войска.
Каментары