Расіянін папрасіў парэкамендаваць беларускі горад для пераезду. Беларусы параілі Смаленск
«Навошта вам сюды? Засяліць Беларусь рускімі і сказаць, што так і было?», «Ну вось, пачынаецца, пацукі з карабля, які тоне?)»

«Ці ёсць тут нехта, хто пераехаў з Расіі жыць у Беларусь? Якія гарады можаце параіць, дзе ёсць развітая прыватная інфраструктура: садок, школа, басейны і розныя секцыі?» — звярнуўся па параду жыхар Расіі, які рэкламуе сябе як інтэрнэт-маркетолага.

Здавалася б, звычайнае пытанне ў трэдс выклікала шквал адмоўных рэакцый з боку беларусаў.
«Навошта вам сюды? Расія — вялікая краіна, і ўсе вам зайздросцяць! Ці ў расіян нейкі план? Засяліць Беларусь рускімі і сказаць, што так і было?» — заўважыў адзін з карыстальнікаў. І яго каментар падтрымала больш за 500 іншых чытачоў.
«У Цюмень едзь, у Краснаярск… Што вам тут мёдам намазана?» — параіў іншы. Яго каментар атрымаў амаль 300 лайкаў.

«Не трэба вам у Беларусь, мы вас не чакаем», — шчыра заявіў яшчэ адзін.

Нехта з сарказмам дадаў:
«Вельмі рэкамендую беларускі горад Смаленск».

Яшчэ адзін параіў звярнуць увагу на іншы горад Расіі:
«У Белгарад. Нават пачатак як у Беларусі».

Іншы каментатар падкрэсліў:
«Не трэба. У вас у Расіі шмат гарадоў з інфраструктурай. Сызрань, Чалябінск, Белгарад, Сочы, Уладзівасток. Жывіце ў сябе. Там у вас і рускі свет, і Руссю пахне».

«А навошта сюды ехаць? У Расіі ёсць практычна ўсе кліматычныя зоны і часавыя паясы. На любы густ і колер. У чым праблема знайсці ў вас добры горад? Што канкрэтна не задавальняе?» — пацікавіўся яшчэ адзін карыстальнік.

Нехта зрабіў больш далёкасяжныя высновы:
«Ну вось, пачынаецца, пацукі з карабля, які тоне?)»

Яшчэ адзін пацікавіўся:
«Беларускую мову будзеш паважаць і вучыць?»

Іншы карыстальнік проста пералічыў гарады, большасць з якіх знаходзіцца ў пацярпелых ад радыяцыі рэгіёнах:
«Лепель, Астравец, Брагін, Хойнікі, Чачэрск, Ельск, Лоеў, Магілёў, Віцебск».
Людзі зразумелі схаваны сэнс і пачалі дапаўняць спіс:
«Толькі не ў Лепель, калі ласка:)»
«Жабінкі не хапае)»
«Ды ў Столін трэба, будзеце яго развіваць».
«Трэба паднімаць маленькія гарады. Яшчэ Петрыкаў, вось».
«Плешчаніцы».
«Яшчэ можна дадаць вельмі недаацэненыя Шаркаўшчыну, Дуброўна, Дрыбін».

Нехта паспрабаваў папужаць рэаліямі:
«У Беларусі няма прыватных школ і садкоў… Басейны і гэтак далей — у буйных гарадах. Дзіця абавязана будзе вучыць беларускую мову, а вы — здаць адбіткі пальцаў:)))»

Хтосьці больш дыпламатычна патлумачыў, чаму не варта пераязджаць:
«Не трэба сюды ехаць да нас, тут узровень жыцця ніжэйшы, чым у вас».
«Без афіцыйнага працаўладкавання вам няма чаго рабіць у Беларусі, а з зарплатай як у Беларусі вы будзеце выжываць. Так што, калі такое вас не палохае — прыязджайце».
«У Беларусі хутка нічога прыватнага не застанецца, не трэба сюды пераязджаць. Жывіце дома і карыстайцеся сваімі прыватнымі структурамі».

«Мікіта, у вас на застаўцы такое прыгожае фота, такі фон, ён цудоўны, у нас так не атрымаецца, заставайцеся дома…» — напісаў іншы.
«Гэта з Беларусі», — адказаў аўтар.

«Ужо ніякія. У Беларусь варта было ехаць у прамежку 2011—2019. А пасля 2019‑га ехаць трэба з Беларусі», — з сумам заўважыў яшчэ адзін каментатар.

Праўда, знайшліся і тыя, хто паспрабаваў знізіць градус негатыву:
«Мінск, Гродна. І не слухайце асобных персанажаў — яны самі, як правіла, пішуць не з Беларусі і злыя на ўвесь свет. Мы рады ўсім нармальным людзям!»
«Я не веру, што адказваюць карэнныя беларусы, мне сорамна за сваіх землякоў. Хіба так можна абражаць? Прыязджайце, у нас добра, і ў крамах усё ёсць».
«На жаль, невукаў значна больш, чым прыватных садкоў і школ, але не большасць, на шчасце. Калі не Мінск, то я раіла б разгледзець Гродна: вельмі камфортны, утульны і зялёны горад. Будзем рады вас бачыць у нас».

Пры гэтым некаторыя далікатна звярталі ўвагу на сапраўдны стан рэчаў:
«Блін, беларусы, вы чаго такія злыя і агрэсіўныя? Аўтар, калі паедзеце жыць у РБ з маскоўскай зарплатай, то можна стартаваць з Мінска або прыгарада, калі вабіць жыццё ў прыватным сектары. Калі работа не аддаленая, то трэба шукаць свой кірунак па рабоце, ці будзеце вы запатрабаваныя. З работай, асабліва не ў сталіцы і не ў абласных цэнтрах, сітуацыя не такая вясёлкавая. Інфраструктура ў сталіцы, абласных і шмат у чым нават раённых гарадах развітая неблага, дзяцей дакладна ёсць чым заняць».

Іншыя давалі больш канкрэтныя парады:
«Любы горад, але не Мінск. Мінск проста не хачу, каб разрастаўся) Брэст або Гродна разглядай. Брэст паўднёвейшы, там і на пару градусаў цяплей заўсёды. Спакойны ціхі горад, але ўсё там ёсць…»
«Калі не Мінск, то Гродна ці Брэст. Гродна добра захаваўся падчас вайны, прыгожы цэнтр. Брэст цёплы (у плане клімату) і актыўны горад».
«Гледзячы што шукаеце. Самыя гасцінныя людзі на Піншчыне, Пінск — гэта палешукі. Калі працаваць, то Мінск. Гродна — правінцыйная раскоша. Поўнач краіны — цудоўная прырода і цішыня…»

Былі і тыя, хто дзяліўся сваім вопытам.
Як станоўчым:
«Я пераехала летась з Варонежа ў Мінск! Мне вельмі падабаецца горад, пераехала, бо першапачаткова зачапіў) Мяне тут усё задавальняе) Знайшла працу на месцы, інфраструктура мне падабаецца! Трэніруюся ў басейне, знайшла класную школу плавання, тут шмат школ і для дарослых, і для дзяцей».
«Гродна — найпрыгажэйшы горад. Вельмі кампактны і ўтульны. Секцый дастаткова. Сады, школы, басейны ёсць. Ёсць школы з басейнам. Наконт прыватных не ведаю, ёсць шмат дзяржаўных вельмі добрых. Былі ў двух садах з трыма дзецьмі — усюды было выдатна: і харчаванне, і адукацыя, і супрацоўнікі. Толькі станоўчыя водгукі. Выхавацелі ў нашых дзяцей былі цудоўныя».
«Так, мы з Піцера ў Гомель. Муж карэнны пецярбуржац. Вельмі любіць Беларусь, і Гомель больш за Мінск спадабаўся. Калі ў вас дзеці, то ідэальна. Жывём каля Лядовага палаца».

Так і не вельмі аптымістычным:
«Я пераехала, але шкадую, так што падумайце спачатку».

«Прыватных садкоў і школ у Беларусі амаль няма. Басейны і секцыі — усё гэта добра развіта».
«Мінск — самы дарагі горад. Калі ёсць пасіўны даход або запатрабаваная спецыяльнасць, то можна ў Мінск. Калі не, то ў Мінск ехаць не варта. Будзеш працаваць на арэнду жылля і ежу. У цэлым работы ў РБ мала і зарплаты меншыя ў 2 разы. Гомель другі ў РБ, але цяпер ужо таксама даражэе і гэта пераўшчыльнены горад. Мазыр — 150 тысяч чалавек, танны яшчэ, паўднёвы, цяплейшы, сонечнейшы і прасторнейшы. Я б у Мазыр пераязджаў. З вялікіх — самы танны і з лепшым кліматам. Тэмп жыцця ў РБ больш павольны, размераны».
«Калі ў вас няма афіцыйнай працы і ВНЖ, але вы плануеце плаціць падаткі, то будзе складана. Адразу ўсё ўдакладняйце».
«Прыватных садкоў і школ у піцерскім ці маскоўскім разуменні няма. Калі там быў узровень вышэйшы за сярэдні, нават у Мінску будзе цяжка асвоіцца і прывыкнуць. Не тое што ў абласных гарадах. Басейны і секцыі ёсць, але лагістыка з некаторымі будзе п**дзец. Інфраструктура рэальна ёсць толькі ў сталіцы».

Каментары