Меркаванні2020

«Ну да». Два словы, якія могуць змяніць жыццё беларуса — прынамсі, варта паспрабаваць

Нашу краіну часта ўспрымаюць як краіну сумных песень, людзей і размоў. Нярэдка можна пачуць, што беларуская літаратура і музыка нібыта наскрозь прасякнутыя песняй-жальбай. Але чаму так адбываецца? Можа, беларусы самі сябе на гэта праграмуюць і нават не заўважаюць гэтага?

Фота: LookByMedia

У гутарцы беларусаў практычна на ўсе пытанні ў адказ часцяком чуеш сцвярджэнне «ну да». Людзі, карыстаючыся беларускай мовай, не звярнулі ўвагу на самае важнае і простае слова «так», а калькуюць з расейскай «да», ды яшчэ часцяком дадаюць часціцу «ну». У расейскай гэтае «ну да» не нясе ніякай стылістычнай афарбоўкі. А вось для беларусаў мае негатыўную канатацыю, бо беларусы такім чынам самі сябе нібыта накіроўваюць на лад бяды-гора.

Вось, напрыклад, абмяркоўваюць каляжанкі канцэрт. На пытанне «Ці спадабалася?» гучыць адказ «Ну да». Далібог, ну якая ж нуда? Усцяж весялосць!

«Файны спектакль?!» «Ну да», — зноўку ў адказ. З той «нудой» суіснуе практычна кожны другі беларус, нават не заўважаючы гэтага.

Некалі адолеўшы сваю ўласную «нуду», я пачала дапамагаць пазбавіцца ад яе іншым. Людзі, дарэчы, па-рознаму рэагуюць на гэткія спробы. Сёй-той радуецца і просіць папраўляць памылкі. У такім выпадку чалавек вучыцца і ўдасканальвае сваю мову.

Часам людзі вельмі злуюць на моўныя заўвагі, некаторыя нават крыўдуюць, маўляў, сам(а) ведаю, як правільна! Альбо шчыра не разумеюць, у чым тут закаключка.

Але ёсць і пазітыўны выпадкі! Неяк аднойчы паехала я ў падарожжа ва Украіну з сяброўкай Мар’янай. А яна на працягу ўсяго падарожжа чаўпе: «ну да, ну да». На аўтамаце, бо так звыкла.

Ну і вось надумала я кінуць выклік той «нудзе». Кажу жартам: «Мар’яна, а давай за кожную «нуду» буду табе налічваць сімвалічны штраф адну грыўню». Адпачываем далей. Усё выдатна: і вандроўкі, і кавярні, і піва. Праўда, «ну да» скача як вавёрка па дрэве. Калі ж сума набегла немалая, Мар’яна пачала больш старанна сачыць за сваім маўленнем.

Пад канец нашага ўкраінскага побыту «ну да» з’яўлялася ўсё радзей, але «карная» сума выйшла ніштаватая. Сяброўка ўрэшце папрасіла аб літасці: «Ты ж мяне па свеце з торбай пусціш!

Вось як свой досвед барацьбы з нудой апісвае сама Мар’яна: «Я заўсёды прашу, каб сябры папраўлялі мае памылкі, бо я не знаходжуся ўвесь час у беларускамоўным асяроддзі, дый на працы вымушаная ўсю дакументацыю весці па-расейску; таму маё пераключэнне на беларускую мову займае пэўны час. Ну і вядома ж, калі паразмаўляць па-беларуску няма з кім, то мова забываецца. І калі мяне папраўляюць не злосна, без кпінаў і папрокаў, то я радуюся, што маю такую магчымасць паляпшэння.

Але страшэнна не люблю, калі ў грамадзе пачынаюць даваць мне моўныя заўвагі, пагатоў людцы, што не вызначаюцца дасканалымі ведамі ў нашай мове. Тады гэта мае адваротны эфект, пачуваюся, як быццам мяне прыніжаюць публічна. З «нудой», дарэчы, мы рассталіся. Але час, праведзены ў эксперыменце, люблю згадваць і пераказваць іншым як свой жыццёвы досвед і прыклад, што ўсе магчымае (амаль)».

Ці мае гэта значэнне?

Дык усё ж ці ўплывае такое спалучэнне слоў «ну да» на нашае жыццё, ці нясе яно эмацыйны цяжар, ці гіпнатызуе нас на сумны настрой, на бяду ды гора?

З такім пытаннем звярнуліся да Ганны, спецыялісткі ў галіне сямейнай псіхалогіі ды гештальт-тэрапіі:

«Словы, прамоўленыя неўсвядомлена, не ўплываюць на жыццё магічным чынам. Чалавек не прыцягвае нуду толькі таму, што сказаў «ну да».

Але мова — гэта люстра ўнутранага стану. Звыклыя словы і інтанацыі паказваюць, у якой пазіцыі чалавек жыве: з цікавасцю і ўключанасцю або болей са стомленасцю і пасіўнай згодай.

Калі чалавек часта кажа «ну да», «як заўсёды», «няхай» — гэта зазвычай не пра ўласна словы, а пра ўнутранае «я згодны без удзелу». І калі такі стан становіцца звыклым, ён ужо ўплывае на якасць жыцця, пастановы і ўзровень энергіі. Таму важна не баяцца слоў, а прыслухоўвацца да сябе: з якога стану я гэта кажу і чаго напраўду хачу».

Людзі часта гавораць аўтаматычна, не зважаючы на інтанацыю. Але ж менавіта інтанацыя — стомленая, іранічная, абыякавая — нясе асноўны сэнс, а не самі гукі.

Ганна раіць час ад часу лавіць сябе на звыклых фразах і пытацца: «Гэта сапраўды мая згода ці проста звычка не супраціўляцца?»

Такая кароткая паўза ўжо вяртае чалавеку больш аўтарства ў жыцці. Калі мяняецца ўнутраная пазіцыя, натуральным чынам мяняецца і мова.

Ганна сцвярджае, што мова заўсёды ідзе следам за псіхікай. Таму найлепшы спосаб змяніць сваю «мову жыцця» — не забараняць сабе словы, а выпраўляць і вяртаць сабе цікавасць, выбар і кантакт з сабой.

Кожны можа прыслухацца да свайго цела і паправіць недарэчную памылку ў маўленні ды напоўніць сваё жыццё новай сілай. Мар’яна здолела выкараніць фразу-паразіт за тыдзень. Паспрабуйце і вы! Скажу так: змяні словы — і зменіш лёс.

Каментары20

  • 16.02.2026
    Прапаную беларусам - бізнесоўцам наладзіць на захадзе вырабніцтва
    лялек Вуду . Ў выглядзе 3% га . Ў камплекты з голкамі і падручнікам па ужіванню .
  • Filipp
    16.02.2026
    "У расейскай гэтае «ну да» не нясе ніякай стылістычнай афарбоўкі. А вось для беларусаў мае негатыўную канатацыю, бо беларусы такім чынам самі сябе нібыта накіроўваюць на лад бяды-гора."©
    Хто такое прыдумаў, быццам гэта накіроўвае чалавека на лад бяды- гора?)
    Проста трэба адрозніваць беларускае " так ", ад беларускага "ну да". Калі на пытанне "Хадзіў ты на канцэрт" адказ "Так", гэта простая канстатацыя факта таго, што ты на яго хадзіў, калі ж адказ "ну да", гэта значыць, што ёсць нейкія нюансы: альбо спазніўся, альбо не спадабалася, альбо нешта там сталася, альбо быстра ад туль сышоў.
    Нам не абавязкова баяцца замежных моў, можна праз запазычанне павялічваць багацце нашай мовы ( нават калі гэта расейская мова ).
  • Авохці
    16.02.2026
    Як казаў мой настаўнік, “нуда горш каросты”

Цяпер чытаюць

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра 13‑гадовую дачку Кім Чэн Ына, якую лічаць пераемніцай11

У Польшчы пачаўся суд над бандай наркагандляроў, якіх расійскія спецслужбы наймалі для дыверсій. Сярод абвінавачаных трое беларусаў5

Месцамі да +13°С. Надвор'е на апошнія дні зімы2

Lamborghini адмяняе выпуск свайго першага электрамабіля: зусім няма попыту

Ліндсі Вон расказала, як яе нагу выратавалі ад ампутацыі

«Не мае значэння, ідзе гаворка пра Кіеў ці Валдай». Буданаў выказаўся супраць удараў па «палітычных цэнтрах»5

Заснавальніца Gutenberg: Калі прыйшла навіна пра смерць Цымберава, многія забылі пра асцярожнасць і раскрыліся8

Біл Гейтс прызнаўся ў шлюбных здрадах з расіянкамі і ў тым, што Эпштэйн яго гэтым шантажаваў13

Апошняя прадстаўніца Беларусі на «Еўрабачанні» спрабуе прадаць праз аўкцыён старыя джынсы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў79

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць