«Польшча стала не тая, што раней». Эмігранты, якія вярнуліся ў Беларусь, патлумачылі чаму і падзяліліся ўражаннямі
Кожны год у Польшчу эмігруюць беларускія грамадзяне. Хтосьці — у пошуках высокааплатнай працы ці на вучобу, хтосьці вымушана — праз рэпрэсіі на радзіме. Але некаторым гэтая краіна «не заходзіць», і яны вяртаюцца. Most сабраў гісторыі беларусаў, якія прынялі такое рашэнне.

«Дакументальныя пытанні настолькі выцягвалі сілы, што прасцей аказалася вярнуцца»
Марына з'ехала ў Польшчу разам з мужам-айцішнікам. Ён атрымаў працоўную візу, а яна прыехала як сямейнік — па ўз'яднанні. Пакуль Марына чакала дазвол на жыхарства (ДНЖ), працаваць не магла.
«Прыходзілася ўдваіх жыць толькі за заробак мужа. Гэта вымотвала, хацелася ўжо працаваць, мне таксама хацелася рэалізоўвацца», — згадвае яна.
Калі муж вырашыў пайсці з найму і заняцца ўласным праектам, праблемы з дакументамі толькі ўзмацніліся: чыноўнікі вярталі паперы, для легалізацыі пастаянна не хапала нейкіх дакументаў, тэрміны зацягваліся.
З'язджаць з Польшчы пара да апошняга не хацела, але ўсё ж вырашыла вярнуцца ў Беларусь.
«Нам вельмі падабалася Польшча: кватэра, горад, у якім мы жылі, і кола сяброў. Але дакументальныя пытанні настолькі выцягвалі з нас сілы, што прасцей аказалася вярнуцца», — кажа Марына.
Зараз, паводле яе слоў, галоўная змена ў тым, што знік пастаянны стрэс. Але жыццё прыходзіцца выбудоўваць нанова, а звыклага кола стасункаў ужо няма.
«Трыста разоў пашкадавалі, што вярнуліся ў Беларусь»
Кацярына і яе муж ездзілі ў Польшчу на заробкі яшчэ ў 2020 годзе. Рабіць дазвол на жыхарства яны не сталі — разлічвалі кожны раз афармляць новыя візы і прыязджаць на сезонныя работы.
«Калі тэрмін дзеяння дакументаў скончыўся, мы спакойна вярнуліся ў Беларусь, адпачылі паўгода і хацелі нанова іх аформіць. Але пачаўся нейкі візавы калапс: атрымаць дакументы было немагчыма нават з дапамогай «памагатараў» (візавых пасярэднікаў)», — расказвае яна.
Амаль год пара спрабавала зноў аформіць візу на выезд у Польшчу. Але ў выніку з'явілася магчымасць паехаць працаваць у Іспанію.
«Мы паехалі туды на год, але Польшча ўсё роўна для нас бліжэйшая, таму зноў вярнуліся ў Беларусь з надзеяй аформіць менавіта польскія дакументы. Трыста разоў пашкадавалі, што вярнуліся ў Беларусь», — кажа Кацярына.
Жанчына тлумачыць, што раней яны некалькі месяцаў жылі ў Беларусі на сабранае за час працы ў Польшчы. Цяпер жа магчымасці перыядычна адпачываць ад працы няма: заробкі ў Беларусі ніжэйшыя, і каб зарабіць столькі ж, колькі раней, прыходзіцца працаваць больш.
«Надакучыла цягацца па хостэлах і здымным жыллі, калі сваё ёсць»
У сацсетках беларусы таксама актыўна дзеляцца вопытам вяртання з Польшчы. Многія пішуць, што адчуваюць сябе ў Беларусі камфортней праз уласнае жыллё, рост цэн у Польшчы і ўзмацненне ксенафобіі.
«Вярнулася ў Беларусь з дзіцём: Польшча стала не тая, што раней, ды і свая кватэра тут. Перыядычна накатвае: вельмі сумую і хачу вярнуцца, але вучуся адаптавацца да жыцця тут. І не вярнуся туды дзеля дзіцяці: не хачу чуць хейт, як апошнія два гады, «Сп**даляй да Украіны», толькі таму, што ў мяне зазваніў тэлефон і я размаўляю з бацькамі на рускай», — дзеліцца Настасся.
«Вярнуўся пасля пяці гадоў жыцця ў Польшчы, часткова ў Вялікабрытаніі. У асноўным тая ж прычына — надакучыла швэндацца па хостэлах і арэндным жыллі, калі сваё ёсць. Цэны жылля завышаныя да нябёсаў», — піша Аляксандр.
«Магу купіць хіба што гараж ці падвал»
«Жылі ў Макотаве ў Варшаве. Але нам зусім не зайшло жыццё там: высокія падаткі, дарагая арэнда. Медыцына — цяжкая гісторыя, мяне ледзь не ўбайдосілі. Навучанне ў пачатковай школе слабейшае, чым у Беларусі, і вішанька на торце — замкнутыя крамы і цэнтры па святах і нядзелях. Вярнуліся назад і шчаслівыя», — расказвае Аліна.
«Пражыў крыху больш за пяць гадоў, прадаў кватэру ў Мінску, паўгода хадзіў з дарадцам у Кракаве — зразумеў, што магу купіць хіба што гараж ці піўніцу (падвал). Цэны пасля 2022 года ўзляцелі за аблокі: 600—650 тысяч злотых ( 168‑182 тысячы даляраў) за кватэру, плюс рамонт і мэбля. Як купляць жыллё, нават Том Круз не ведае», — піша Сяргей.
«У Беларусь не цягне зусім»
Ёсць і тыя, хто вярнуўся ў Беларусь, але не плануе заставацца тут надоўга.
«З'ехалі з Польшчы пасля чатырох гадоў жыцця. У Беларусь прыехалі па справах — у выніку правялі там шэсць-сем месяцаў. Ужо на другім месяцы мне хацелася хутчэй з'ехаць. У Польшчу вяртацца не сталі. Спачатку з'ехалі ў Грузію, потым у Сербію. У Беларусь не цягне зусім. З першых хвілін у Сербіі адчуванне, што мы дома», — дзеліцца jast_rundom_user.
«Я вярнулася ў Беларусь пасля чатырох гадоў жыцця ў Еўропе. І гэта адчуваецца як новая эміграцыя: нібы ўсё знаёмае, але нанова вучышся пабытовым рэчам — ад камуналкі да школы для дзіцяці», — расказвае яшчэ адна карыстальніца.
«Дома больш няма». Як беларускія айцішнікі вяртаюцца на радзіму пасля жыцця за мяжой
Беларуска-эмігрантка аддае нырку мужу, каб выратаваць яго
У пачатку 2000‑х трое настаўнікаў гісторыі збеглі ва Украіну ад «генацыду беларускага народа», які чыніў рэжым Лукашэнкі. Як склаўся іх лёс?
Зорны беларускі акцёр Ігар Сігоў пайшоў у кіроўцы аўтобуса. Кажа, што гэта лепш, чым у таксі
Апытанне: 46% жыхароў Польшчы адчуваюць непрыязь да беларусаў
Каментары