Беларуска адначасова мела два грамадзянствы — але даведалася пра гэта толькі ў 21 год. Як так выйшла?
Яна Дзенісюк нарадзілася ва Украіне, у Валынскай вобласці, у 2000 годзе. Неўзабаве пасля гэтага яе сям’я пераехала ў Беларусь, на Брэстчыну — шукалі працу і лепшыя ўмовы для жыцця. На новым месцы яны адмовіліся ад украінскага грамадзянства і атрымалі беларускае ў 2013 годзе. Але некалькі гадоў таму дзяўчына выпадкова высветліла, што яна ўсё яшчэ застаецца грамадзянкай Украіны. Яна расказала «Нашай Ніве», як такое магчыма.

Пераехала ў Польшчу, выйшла замуж за ўкраінца
Дакументы на выхад з украінскага грамадзянства афармлялі бацькі і старэйшая сястра Яны. Сама Яна і яе брат на той момант былі непаўналетнімі, і бацькі лічылі, што дзеці страцілі грамадзянства разам з сям’ёй. Аднак аказалася, што неабходная працэдура для непаўналетніх не была завершаная праз памылку супрацоўніка адпаведнай службы — і таму ўкраінскае грамадзянства ў іх захавалася.
«Увесь гэты час мы жылі і думалі, што маем толькі адно грамадзянства — беларускае, пакуль мой брат у 2021‑м не захацеў пабрацца шлюбам з украінкай па сваім беларускім пашпарце, — расказвае дзяўчына. — Міграцыйная служба ва Украіне тады і паведаміла, што ў яго ёсць украінскае грамадзянства. Яно захавалася і ў мяне праз памылку супрацоўнікаў».
У кастрычніку 2021‑га Яна паехала працаваць на аўтамабільны завод у Польшчу, у Гданьск. Калі працавала пад Варшавай, пазнаёмілася са сваім будучым мужам Арцёмам — ён украінец, з Адэскай вобласці. Цяпер мужчына працуе барменам, а таксама робіць піцу у кафэ. Яна ж знаходзіцца ў дэкрэце і чакае другое дзіця.
Пацікавіліся, чаму Яна ўсё ж вырашыла не вяртацца ў Беларусь.
«Я ў 2019 годзе пераехала ў Расію, Маскву, марыла там навучацца на псіхолага, — расказвае яна. — У 2014‑м мне было 14 гадоў. Тады я ўвогуле не разумела, што адбываецца… Калі прыязджала да сваякоў ва Украіну, я бачыла навіны, але ніхто нічога мне не тлумачыў. Калі я паехала ў Расію, мой дзядзька ўжо служыў ва ўкраінскім войску. Але ў мяне ў галаве не ўкладалася, я не задумвалася, куды я еду і што раблю.
На навучанне ў Маскве трэба было зарабіць, і мне трапілася праца ў Польшчы, таму паехала сюды. Але ў 2022 годзе пачалася поўнамаштабная вайна. І мне яшчэ спатрэбіўся час, каб зразумець, што адбываецца, таму што была максімальна не ў кантэксце, і нават пад уплывам прапаганды. Потым стала шукаць, дзе навучацца ва Украіне, знайшла анлайн-школу, але з-за беларускага пашпарта адмовілі, бяруць толькі грамадзян Украіны».
Першую спробу па атрыманні ўкраінскага пашпарта Яна зрабіла ў 2023 годзе. Дзяўчына запісалася ў консульства ў Гданьску, адкуль яе накіравалі ў міграцыйную службу, а там заявілі, што калі Яна з’яўляецца грамадзянкай Украіны, то павінна вырашаць гэта пытанне ва Украіне.
«Калі мне адмовілі ва ўездзе ва Украіну праз пашпарт, які я не абірала, вельмі абурылася»
Сабраўшы ўсе наяўныя дакументы, у тым ліку пасведчанне аб нараджэнні, Яна паехала ва Украіну. На мяжы ўкраінскія памежнікі адвялі яе на допыт, які цягнуўся каля 5 гадзін. Хоць у яе беларускім пашпарце было пазначана, што дзяўчына нарадзілася ва Украіне, гэта не спрацавала, ёй адмовілі ва ўездзе. Прычыны пастаянна змяняліся: спачатку казалі, што няма пастаяннага віду на жыхарства, потым — што патрэбна запрашэнне ад сваякоў. Яна патлумачыла, што спыніцца ў бабулі і дзядулі і назвала адрас, але ёй параілі аформіць афіцыйнае запрашэнне і паспрабаваць яшчэ раз.
Наступным разам Яна паехала праз два тыдні з афіцыйным запрашэннем ад дзядулі. Аднак на мяжы яна зноў атрымала адмову ва ўездзе. Такое запрашэнне не пасавала, бо дзядуля не лічыцца блізкім сваяком. Іншы супрацоўнік растлумачыў, што рэч не ў запрашэнні, а ў беларускім пашпарце. Ёй адкрыта сказалі: з ім любыя спробы будуць марныя.
«У мяне быў такі боль у душы, агіда да ўсяго гэтага. А мы ўжо тады з мужам пачыналі размаўляць па-ўкраінску паміж сабой, я тэлефон перавяла на ўкраінскую мову. І тады, калі мне адмовілі другі раз проста праз беларускі пашпарт, які я не абірала (таму што я была непаўналетняя і не магла фізічна гэтага зрабіць), я вельмі абурылася», — кажа дзяўчына.
У 2024‑м у Яны нарадзіўся сын. Тады яна выразна зразумела, што павінна абавязкова вырашыць пытанне свайго грамадзянства, бо дзіця аўтаматычны атрымала ўкраінскае па лініі бацькі.
На афіцыйных рэсурсах Яна знайшла інфармацыю, што консульства абавязана разглядаць такія выпадкі. З усімі наяўнымі дакументамі дзяўчына зноў пайшла туды — ёй адмовілі, спаслаўшыся на тое, што патрэбна копія ўкраінскага пашпарта яе маці. Гэты дакумент знаходзіўся ў Беларусі, і перадаць яго не было магчымасці.
Праз тыдзень Яна вярнулася ў консульства. Яна настаяла, што гэта ўсе дакументы, якія ў яе ёсць, і што ў бліжэйшыя месяцы яна не зможа атрымаць копію пашпарта маці. Дзяўчына папрасіла правесці праверку на падставе таго, што мае, аплаціла консульскі збор — каля 270 беларускіх рублёў, — і яе заяву прынялі.
«Адмова ад беларускага грамадзянства можа заняць два гады»
Праз месяц пасля гэтага Яне патэлефанавалі з консульства і паведамілі, што яе ўкраінскае грамадзянства пацверджана. Наступны крок — афармленне пашпарта. Для гэтага трэба было прынесці беларускі дакумент, фота і заяву. Яшчэ праз месяц, у верасні 2025-га, быў гатовы новы пашпарт, але туды паставілі штамп, што Яна пражывае ў Беларусі, бо ў польскім дазволе на жыхарства дзяўчыны пазначаная гэта краіна паходжання.

«Сказалі пасля атрымання новай карты побыту, ужо на ўкраінскі пашпарт, трэба будзе прыйсці і стаць на іх консульскі ўлік».
Яна будзе падаваць дакументы на адмову ад беларускага грамадзянства. Дзяўчына адзначае, што раней гэта можна было зрабіць за год, цяпер — разгляд можа цягнуцца да двух. Але настроена давесці справу да канца.
Каментары