Грамадства1515

Дзмітрый Баскаў пашырае бізнэс пад брэндам Lepshy

«Бюро» знайшло ў сенатара яшчэ дзве кампаніі пад брэндам «Лепшы» (Lepshy).

У верасні 2022 года «Пул першага» анансаваў запуск бомбераў пад брэндам Lepshy. Рэалізацыяй новага мерча Лукашэнкі занялася фірма «Лепшы брэнд». Тады паведамлялася, што 80% гэтай кампаніі належыць Дзмітрыю Баскаву і 20% запісаныя на нейкую Марыну Анфілаву.

У верасні 2023 года Дзмітрый Баскаў зарэгістраваў новую юрыдычную асобу — «Лепшы хлеб», якая займаецца вытворчасцю хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.

На сёння на балансе фірмы лічацца загатовачны цэх і кавярня «Лепшы хлеб» у Першым нацыянальным гандлёвым доме на праспекце Незалежнасці, 134, і дзве пякарні ў сталічных гандлёвых цэнтрах «Скала» (Пятра Глебкі, 5) і «Чэрвеньскі» (Маякоўскага, 6).

60% «Лепшага хлеба» належаць Дзмітрыю Баскаву. Астатнія 40% у роўных долях запісаныя на двух беларусаў: Арцёма Васільева і Паўла Турбана. Апошні, паводле даных «Кіберпартызан», працаваў у Федэрацыі хакея Беларусі і кухарам у хакейным клубе «Дынама-Мінск».

Другая фірма — «Лепшы экіпіровачны цэнтр» — з’явілася ў канцы мая 2025 года. Яе профіль — раздробны гандаль спартовым абсталяваннем і інвентаром.

16 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё флагманскай крамы Lepshy hockey — найбуйнейшага ў Беларусі цэнтра продажу хакейнага рыштунку і экіпіроўкі. Гандлёвы пункт размясціўся ў «Алімпік-Арэне», якая падпарадкоўваецца Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту.

«Лепшы экіпіровачны цэнтр» мае трох уладальнікаў. 34% належаць Арцёму Завадскаму. Паводле звестак «Кіберпартызан», Завадскі мае вялізны досвед у гандлі спартовымі таварамі. На сёння ён таксама з’яўляецца заснавальнікам і дырэктарам фірмы «Хакейны кантынент», якая мае ўласную інтэрнэт-краму хакейнай формы і экіпіроўкі.

 Другі ўласнік крамы Lepshy hockey — Норберт Масальскі, ягоная доля 15%. Масальскі значыцца генеральным дырэктарам прадпрыемства «Спорт-люкс», якое таксама займаецца продажам хакейнай экіпіроўкі.

У канцы ліпеня 2025 года «Спорт-люкс» паведаміў у сваёй супольнасці ва «УКантакце», што іх крама рэарганізавалася ў Lepshy hockey і пераязджае ў «Алімпік-Арэну». Гандаль хакейнай экіпіроўкай Норберт Масальскі сумяшчае з працай у Федэрацыі хакея Беларусі.

Астатнія акцыі «Лепшага экіпіровачнага цэнтра» — 51% — належаць самому Баскаву.

Ён, дарэчы, прысутнічаў на адкрыцці крамы асабіста і старанна рабіў выгляд, што не мае ніякага да яе дачынення. Дзяржаўныя СМІ ў цітрах прадставілі Баскава як «старшыню Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці».

«Я шчыра радуюся, што тут, на цудоўным аб’екце «Алімпік-Арэна», ёсць адмысловая тэрыторыя, у якой любы, ад маленькага хлопчыка да дарослага, ад аматара да прафесійнага хакеіста КХЛ, можа знайсці ўсё што трэба», — пракаментаваў праўладнаму тэлеканалу СТБ спартовы функцыянер.

Радасць Баскава ад адкрыцця Lepshy hockey падмацавалі і фінансавыя паказчыкі. Менш чым за тры месяцы працы крамы фірма «Лепшы экіпіровачны цэнтр» паспела выручыць без малога 1,2 мільёна рублёў, або амаль 350 тысяч еўра. Чысты прыбытак па выніках 2025 года склаў 74 тысячы рублёў, або амаль 21,5 тысячы еўра. 

Такі фінансавы поспех Баскаву & Сo забяспечыла ў тым ліку і дзяржава, перакладаючы грошы падаткаплатнікаў з бюджэту ў кішэню трэнера сям’і Лукашэнкі. «Бюро» праверыла тэндарныя закупкі «Лепшага экіпіровачнага цэнтра» і высветліла, што за тры няпоўныя месяцы 2025 года фірма Баскава змагла заключыць дамоў на пастаўку хакейнай экіпіроўкі розным спартовым арганізацыям амаль на 450 тысяч беларускіх рублёў, або на 130 тысяч еўра. Да пачатку красавіка 2026 года гэтая сума павялічылася ўжо да 675 тысяч рублёў, або амаль да 200 тысяч еўра. Вялікая частка закупак рабілася па працэдуры закупкі з адной крыніцы. Яна лічыцца больш простай і менш канкурэнтнай працэдурай выбару пераможцы. 

Каментары15

  • ЯНКА
    22.04.2026
    Лепш «Лепшы» ўжо ад Мікалая Баскава, чым «Лучший» ад Бабарико & Колессниковой і іхніх тутніх прыхвасцьняў❗
  • лол
    22.04.2026
    Затое па-беларуску! Крытыкі Фядуты падтрымліваюць
  • Вера
    22.04.2026
    ЯНКА, ... Горлом под колесо машины этого лукашиста.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Ля Хатыні сустрэлі мядзведзіцу з медзведзянятамі

Памёр рэжысёр серыяла «Сябры» Джэймс Бэроўз

Як Нарвегія амаль цалкам адмовілася ад бензінавых аўто і з якімі праблемамі сутыкнулася пасля11

Зборная ЗША выйшла ў 1/16 фіналу чэмпіянату свету па футболе2

Пусты ўчастак у прыгарадзе Мінска прадалі за 192 тысячы даляраў5

Атака на НПЗ у Маскве — як «найлепшая СПА ў Расіі» прапусціла ўдар па сталіцы?6

Ціханоўская: Лукашэнка павінен усвядоміць: уся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім29

Беларускі бензін б'е па кашальках масквічоў: АЗС Расіі вымушаны купляць дарагое паліва з Беларусі5

Кіраўнік МЗС Украіны рэзка адрэагаваў на пазбаўленне Зяленскага ордэна і верне сваю польскую ўзнагароду20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну36

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць