Раніцай 69‑гадовай жыхарцы аднаго з дамоў на вуліцы Громава ў вайберы патэлефанаваў невядомы мужчына і прадставіўся супрацоўнікам УП «Мінгаз».
Ён паведаміў, што плануецца праверка газавага абсталявання, і ўдакладніў, калі жанчына зможа забяспечыць доступ у кватэру. Мінчанка здзівілася, бо ў яе шматпавярховіку ўстаноўлены электрапліты, аднак суразмоўца заявіў, што спецыялісты ўсё роўна павінны прыехаць і скласці акт, паведамляюць Мінск-навіны.
Пасля на мабільны тэлефон пенсіянеркі пачалі прыходзіць розныя коды. Яна назвала іх, пасля чаго размова была завершаная.
Праз некаторы час у месенджары ёй патэлефанаваў «начальнік аддзела фінансавых расследаванняў» і заявіў, што жанчына трапілася на хітрыкі тэлефонных махляроў. Паводле яго слоў, пасля раскрыцця канфідэнцыйных кодаў на яе імя зламыснікі аформілі крэдыт на суму 30 тысяч рублёў.
Затым з жанчынай звязаўся «супрацоўнік Нацбанка». Ён паведаміў, што па месцы яе жыхарства плануецца ператрус і ўсе знойдзеныя грошы могуць канфіскаваць без магчымасці вяртання. Каб гэтага не адбылося, іх неабходна задэклараваць, перавёўшы на «бяспечны» рахунак. Таксама незнаёмец запэўніў, што пасля заканчэння разбору ёй вернуць усе грошы да капейкі.
Устрывожаная жанчына паведаміла, што мае 29 562 даляры, 2 790 еўра і 1 600 рублёў.
Спачатку суразмоўца прапанаваў прывезці гатоўку на названы ім адрас. Аднак, паколькі паджылая мінчанка мела праблемы са здароўем, ён пагадзіўся даслаць па грошы «калегу», які павінен быў назваць кодавую фразу — «Ружа».
Праз некалькі гадзін у дзверы мінчанкі патэлефанаваў 20‑гадовы маладзён. Жанчына перадала яму поліэтыленавы пакет з усім сваім ашчадкам.
Калі кур'ер сышоў, пенсіянерка патэлефанавала ў банк і даведалася, што ніякіх крэдытаў і пазык на яе імя не афармлялі. У гэты момант яна зразумела, што стала ахвярай тэлефонных махляроў.
Варта адзначыць, што мінчанка неаднаразова чула пра такі від махлярства, аднак зламыснікі настолькі яе запалохалі, што яна ім паверыла.
Міліцыі ў той жа дзень удалося ўстанавіць асобу кур'ера. Ім быў малады чалавек, які таксама паверыў зламыснікам.
Яны паведамілі яму, што ў яго заканчваецца тэрмін дзеяння дамовы на выкананне паслуг мабільнай сувязі. Каб не ехаць у офіс кампаніі, яму прапанавалі падоўжыць дамову дыстанцыйна — для гэтага патрабавалася паведаміць пашпартныя даныя і код з SMS.
Далей усё адбывалася паводле падобнага сцэнару: нібыта на імя юнака аформілі крэдыт, а грошы выкарысталі ў злачынных мэтах. З яго нават узялі распіску аб невыдаванні даных папярэдняга следства, запалохаўшы крымінальнай адказнасцю.
Паколькі падчас размовы з махлярамі малады чалавек знаходзіўся ў Гродзенскай вобласці, яму прапанавалі тэрмінова прыехаць у Мінск, каб дапамагчы паджылай жанчыне задэклараваць грошы. Ён так і зрабіў.
Пакет з грашыма па ўказанні злачынцаў юнак адвёз за горад і схаваў за трансфарматарнай будкай, пасля чаго сфатаграфаваў яго і адправіў зламыснікам здымак.
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары