Кватэра ў ім цяпер прадаецца за 900 тысяч даляраў.

У ціхім кутку Фрунзенскага раёна, проста каля лесапарку, схаваны закрыты квартал малапавярховай забудовы сярэдзіны нулявых. Сярод бонусаў тутэйшых клубных дамоў — закрытая тэрыторыя, аўтаномнае газавае ацяпленне, цёплыя гаражы і суседства з прыродай. Пра квартал піша Realt.
Закрыты квартал Мядзвежына — адна з самых нетыповых лакацый заходняй часткі Мінска. Калі суседнія вуліцы Адзінцова, Адоеўскага і Прытыцкага забудаваныя звычайнымі шматпавярховікамі, то тут сфарміраваўся своеасаблівы прэміяльны анклаў. Квартал утварылі тры вуліцы: Утульная, Яркоўская і Прывабная. У выніку атрымаўся закрыты гарадок, які складаецца з прыватных катэджаў і чатырох малапавярховых дамоў.
Уся тэрыторыя квартала агароджана плотам і знаходзіцца пад кіраваннем таварыства ўласнікаў нерухомасці «Мядзвежына». Тут ёсць як катэджы, так і шматкватэрныя дамы. Нягледзячы на малую павярховасць, яны абсталяваны ліфтамі — рэдкая опцыя для пяціпавярховікаў таго часу. На лесвічных пляцоўках тут размешчана па дзве кватэры, прадугледжаны прасторныя холы.

З незвычайнага — у кватэрах устаноўлена аўтаномная сістэма ацяплення (індывідуальныя газавыя катлы), што дазваляе жыхарам не залежаць ад сезонных адключэнняў. Для аўтамабіляў уладкаваны падземныя паркінгі і цёплыя індывідуальныя гаражы проста ў цокалі, а таксама гасцявыя паркоўкі ў двары.
Вышыня столяў у дамах вар'іруецца ад 2,86 да 3 метраў. У будынках прадстаўлены прасторныя трох– і чатырохпакаёвыя кватэры, а верхнія ўзроўні (4—5 паверхі) займаюць двухузроўневыя пентхаусы плошчай больш за 200 квадратаў.
Цяпер тут прадаецца толькі адзін варыянт — двухузроўневая кватэра ў доме па адрасе Утульная, 6. Гэты малапавярховік была пабудаваны ў 2006 годзе і адносіцца да жылля павышанай камфортнасці.

Агульная плошча кватэры складае 218 квадратных метраў. Жыллё размяшчаецца на 4 паверсе і прадаецца разам з уласным гаражом. У кватэры зроблены дызайнерскі рамонт. Планіроўка складаецца з кухні-гасцінай, некалькіх спальняў, трох санвузлоў і гардэробнай з пральняй.

У велізарнай гасцінай — панарамныя вокны з маляўнічым відам на зялёную паркавую зону. На падлозе ляжыць паркетная дошка, а таксама італьянскі керамаграніт з падагрэвам.

На кухні ўбудаваная мэбля з бытавой тэхнікай: варачная газавая панэль, духавая шафа, выцяжка, мікрахвалевая печ, посудамыйная машына, двухкамерны халадзільнік, а таксама абедзенная група (стол і крэслы).
У адной са спальняў уладкавана зона рэлаксу каля акна.
Прадаюць незвычайную кватэру за 2,7 мільёна рублёў, або за 901 тысячу даляраў.
Жыццё па падпісцы. У «Паўночным Беразе» скардзяцца на платную падпіску, патрэбную, каб карыстацца ўсімі функцыямі жыллёвага комплексу
У Гродне анансавалі стварэнне новага жылога квартала
«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары