Парадокс багатых краін: пенсіянеры заможныя як ніколі, але дзяржавы трацяць на іх усё больш грошай
За апошнія дзесяцігоддзі пенсіянеры ў багатых краінах з адной з найбяднейшых груп насельніцтва ператварыліся ў адну з найбольш матэрыяльна забяспечаных. Але дзяржавы працягваюць накіроўваць на іх усё больш грошай, нягледзячы на рост фінансавай нагрузкі на працоўнае насельніцтва. Чаму так адбываецца і што перашкаджае змяніць пенсійную сістэму, разбіраецца Financial Times.

Калі ў сярэдзіне XX стагоддзя развітыя краіны пачалі ўводзіць усеагульныя дзяржаўныя пенсіі, гэта было адказам на масавую беднасць сярод пажылых людзей. У Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і значнай частцы Еўропы каля паловы людзей сталага ўзросту жылі ў беднасці. Уласнае жыллё мелі нямногія, зберажэнняў амаль не было, таму выхад на пенсію звычайна азначаў рэзкае падзенне ўзроўню жыцця.
За наступныя дзесяцігоддзі сітуацыя кардынальна змянілася. Сёння ў большасці багатых краін менавіта пенсіянеры найрадзей жывуць у беднасці. Многія з іх маюць уласнае жыллё і не вымушаныя плаціць за арэнду або іпатэку. У некаторых еўрапейскіх краінах іх даходы пасля ўліку жыллёвых выдаткаў нават перавышаюць даходы працоўнага насельніцтва.
Гэта бачна і па спажыванні. Калі яшчэ ў 1990‑я гады найвышэйшы ўзровень жыцця звычайна мелі людзі маладога і сярэдняга ўзросту, то цяпер у ЗША, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Францыі, Іспаніі і Італіі сем'і людзей, старэйшых за 60 гадоў, у сярэднім спажываюць больш тавараў і паслуг і карыстаюцца большымі жыллёвымі рэсурсамі, чым сем'і працаздольнага ўзросту.
Маладыя ж людзі ўсё часцей сутыкаюцца з фінансавымі цяжкасцямі. Заробкі ў многіх багатых краінах растуць павольна, а жыллё даражэе. Таму многія цяперашнія трыццаці– і саракагадовыя, у адрозненне ад пакалення сваіх бацькоў, могуць быць вымушаныя плаціць за арэнду нават пасля выхаду на пенсію.
Маштабы розніцы паміж пакаленнямі паказвае брытанская статыстыка. Прыкладна кожны пяты чалавек ва ўзросце 18‑34 гадоў мае запазычанасць па хатніх рахунках, тады як сярод людзей, старэйшых за 65 гадоў, — толькі адзін з сарака.
Пенсіі забіраюць усё большую частку бюджэту
Паляпшэнне матэрыяльнага становішча пажылых людзей суправаджаецца ростам дзяржаўных выдаткаў. У Францыі, Іспаніі і Італіі на пенсіі ўжо прыпадае прыкладна кожны чацвёрты еўра, які выдаткоўвае дзяржава. У 2024 годзе французскі ўрад накіраваў на пенсіі больш грошай, чым на адукацыю, паліцыю, жыллёвую сферу, інфраструктуру і абарону разам узятыя.
Прычыны гэтай нагрузкі — у дэмаграфічных і эканамічных зменах. Калі ствараліся сучасныя пенсійныя сістэмы, пажылых людзей было адносна мала, а колькасць працоўных і іх заробкі пастаянна раслі. Таму нават параўнальна невялікіх адлічэнняў хапала на выплату пенсій. Цяпер людзі жывуць даўжэй, нараджальнасць зніжаецца, а колькасць працоўных у многіх краінах скарачаецца.
Пры гэтым у большасці багатых краін дзяржаўныя пенсіі выплачваюцца не з асабістых назапашванняў пенсіянераў, а з падаткаў і сацыяльных узносаў тых, хто працуе сёння. У выніку ўсё менш людзей павінны фінансаваць пенсіі ўсё большай колькасці пажылых, і ўрадам даводзіцца павышаць падаткі, скарачаць іншыя выдаткі або нарошчваць дзяржаўны доўг.
Напрыклад, у Іспаніі сацыяльныя ўзносы, прызначаныя для фінансавання пенсій, складаюць каля 9% ВУП, а выплаты пенсіянерам дасягаюць 11%. Розніцу даводзіцца пакрываць з іншых дзяржаўных сродкаў. Да 2050 года гэты дэфіцыт, паводле прагнозаў, можа вырасці да 5% ВУП.
Падобныя праблемы маюць Францыя і Германія. Павелічэнне пенсійных выдаткаў азначае, што ў дзяржаўных бюджэтах застаецца менш сродкаў на інфраструктуру, адукацыю і іншыя патрэбы, ад якіх залежыць будучае эканамічнае развіццё.
Чаму краіны не спяшаюцца мяняць пенсійную сістэму
Галоўная супярэчнасць у тым, што сістэмы, створаныя для абароны пажылых людзей ад беднасці, цяпер нярэдка забяспечваюць дадатковы даход і тым пенсіянерам, якія ўжо маюць значныя зберажэнні і маёмасць. Напрыклад, паводле ацэнак Брукінгскага інстытута, за наступнае дзесяцігоддзе амерыканскія пенсіянеры з гадавым даходам больш за $200 тысяч без уліку дзяржаўных выплат атрымаюць ад дзяржавы каля $2 трыльёнаў.
Пры гэтым розныя пакаленні атрымліваюць ад пенсійнай сістэмы неаднолькавую выгаду. Паводле разлікаў, пакаленне пасляваеннага бэбі-буму ў Вялікабрытаніі і Францыі можа атрымаць у выглядзе дзяржаўных пенсій амаль удвая больш, чым унесла ў сістэму праз адпаведныя падаткі і сацыяльныя ўзносы. У Іспаніі прадстаўнікі старэйшай часткі гэтага пакалення атрымаюць прыкладна ўтрая больш. Маладзейшыя пакаленні, якія сёння фінансуюць гэтыя выплаты, у будучыні могуць атрымаць толькі сумы, супастаўныя з уласнымі адлічэннямі.
Але змяніць сістэму палітычна складана. Пенсіянеры складаюць значную і актыўную частку выбаршчыкаў, таму ўрады неахвотна ідуць на рашэнні, якія могуць пагоршыць іх матэрыяльнае становішча. Спробы павысіць пенсійны ўзрост у Францыі, Бельгіі і Грэцыі выклікалі пратэсты. Таму палітыкі часта аддаюць перавагу павышэнню падаткаў, новым пазыкам і скарачэнню іншых выдаткаў, а не непапулярным рэформам.
Аднак прыклады іншых краін паказваюць, што пенсійную сістэму можна арганізаваць інакш. Паводле даных, прыведзеных FT, у Іспаніі дзяржаўная пенсія адпавядае 80% заробку сярэдняга работніка з поўнай занятасцю, у Італіі — 71%. А ў Даніі, Нідэрландах і Аўстраліі гэты паказчык складае толькі ад 14 да 29%. Розніца ў тым, што ў апошніх краінах значную частку пенсійных даходаў забяспечваюць назапашвальныя праграмы, а дзяржаўныя выплаты ў большай ступені прызначаныя для падтрымкі людзей з нізкімі даходамі.
У Даніі, акрамя таго, пенсійны ўзрост паступова павышаецца разам з ростам працягласці жыцця. Такія рашэнні прымаюцца загадзя і пачынаюць дзейнічаць толькі праз 15 гадоў, каб людзі мелі час падрыхтавацца. Паводле ўжо прынятага рашэння, пенсійны ўзрост у краіне дасягне 70 гадоў.
Асабліва паказальны досвед Швецыі. У 1980‑я яе пенсійная сістэма таксама сутыкнулася з ростам выдаткаў, якія станавілася ўсё цяжэй фінансаваць. Але да маштабных змен краіна прыйшла толькі пасля эканамічнага крызісу пачатку 1990-х. У 1994 годзе была прынятая рэформа, якая прывязала памер выплат да эканамічных і дэмаграфічных паказчыкаў, увяла назапашвальны кампанент і зрабіла падтрымку людзей з нізкімі пенсійнымі даходамі больш адраснай.
Шведскі досвед паказвае, што можна захаваць абарону пажылых людзей ад беднасці і адначасова стрымаць рост пенсійных выдаткаў. Але для гэтага патрэбныя маштабныя змены, якія могуць расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Швецыю да іх падштурхнуў цяжкі эканамічны крызіс. І цяпер, адзначае Financial Times, галоўнае пытанне ў тым, наколькі сур'ёзныя праблемы павінны ўзнікнуць у іншых багатых краінах, каб іх палітыкі і выбаршчыкі таксама пагадзіліся на непапулярныя рэформы.
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары