Еўрасаюз дадаў у санкцыйныя спісы 16 чалавек і 7 арганізацый. Абмежаванні тычацца тых, каго лічаць адказнымі за прымусовы вываз украінскіх дзяцей, іх перамяшчэнне, ідэалагічную апрацоўку, ваенізаванае выхаванне і незаконнае ўсынаўленне на тэрыторыі Расіі і акупаваных зямель.

Пад санкцыі трапілі дзіцячыя цэнтры «Арлёнак», «Пунсовыя ветразі» і «Змена», цэнтр ДТСААФ у Севастопалі, Нахімаўскае вайскова-марское вучылішча, а таксама клуб «Патрыёт» у Крыме. Таксама ў спісы ўключылі кіраўнікоў гэтых устаноў і некаторых чыноўнікаў.
Вялікабрытанія таксама пашырыла санкцыі супраць асоб і арганізацый, звязаных з вывазам і ідэалагічнай апрацоўкай украінскіх дзяцей, а яшчэ супраць удзельнікаў расійскіх інфармацыйных кампаній. У санкцыйныя спісы дадалі 85 фізічных і юрыдычных асоб. Сярод іх — супрацоўнікі Агенцтва сацыяльнага дызайну, у тым ліку аўтары, перакладчыкі і аператары, якія займаюцца стварэннем прапагандысцкіх матэрыялаў.
Акрамя таго, брытанскі ўрад выдзеліў 1,2 мільёна фунтаў стэрлінгаў на пошук і вяртанне ўкраінскіх дзяцей.
Каментары