Што можа адбыцца на пратэстанцкім «Фестывалі надзеі», на які прыедзе прапаведнік з ЗША
На выходных, 16—17 мая, у Мінску на «Чыжоўка-Арэне» пройдзе «Фестываль надзеі», у якім прымуць удзел пратэстанцкія цэрквы. Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігоддзі. Фестываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.

На «Фестываль надзеі» ў Мінск едзе прапаведнік са ЗША Фрэнклін Грэм — адзін з самых вядомых евангельскіх лідараў у свеце. Ён ладзіць шматтысячныя пратэстанцкія фестывалі ў Афрыцы, Азіі, Еўропе, спалучае іх з маштабнымі гуманітарнымі праектамі. Грэм выступаў з малітвай на інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Ён таксама сябруе з сям’ёй Джона Коўла, спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША ў Беларусі, нагадвае Радыё Свабода.
Падрабязнай праграмы «Фестывалю надзеі» ў адкрытым доступе няма. Анансуюць хор з 1300 чалавек, сімфанічны аркестр, сусветных і беларускіх выканаўцаў, «пасланне пра любоў і мір ад Фрэнкліна Грэма, асабістую малітву і падтрымку кожнага».
У падрыхтоўцы «Фестывалю надзеі», са слоў баптысцкага верніка Андрэя (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўцы), бяруць удзел амаль усе пратэстанцкія цэрквы Беларусі, але перадусім баптысты і пяцідзясятнікі.
«Хор, які цяпер рэкламуюць, — гэта хор з розных цэркваў Беларусі. Я не памятаю, каб раней такі хор збіраўся. Яны трэніруюцца ў пяцідзясятніцкай царкве ў Мінску. Можаце ўявіць, колькі патрацілі сродкаў, каб сабраць людзей, прывезці з розных канцоў Беларусі, каб яны маглі парэпетаваць яшчэ да фестывалю», — расказаў Андрэй для Радыё Свабода.
Ён тлумачыць, што звычайна на такіх фестывалях ёсць дзве часткі: музычная — са спевамі духоўных гімнаў і малітвай, і казанне, якое гаворыць галоўны спікер. Працягваюцца яны па некалькі гадзін.
«Магчыма, будуць кароткія сведчанні людзей, якія раскажуць, чаму яны хрысціяне», — дадае суразмоўца.
«Цэнтральнай часткай будзе пропаведзь ад Фрэнкліна Грэма. Ён будзе прапаведаваць з перакладам. Відаць, хвілін 30—40. У канцы пропаведзі будзе заклік, каб людзі спавядаліся ў сваіх грахах, давяралі сваё жыццё Хрысту», — разважае Глеб пра тое, як можа выглядаць фестываль.
Уваход на фэст бясплатны. Хто фінансуе падзею, невядома. На думку Андрэя, спонсарам можа быць Асацыяцыя Білі Грэма, як гэта бывала раней.
«Чыжоўка-Арэна» змяшчае каля 10 тысяч чалавек. Вернікі мяркуюць, што яна будзе поўнай. Патэнцыйна запоўніць пляцоўку могуць толькі пратэстанты Мінска. Але запрашаюць на фестываль не толькі пратэстанцкіх вернікаў, а ўсіх жадаючых.
«Магчыма, улады туды правядуць і супрацоўнікаў сілавых структур, і чыноўнікаў з райвыканкамаў — што ж, няхай паслухаюць пра Бога, няхай думаюць, як ім каяцца», — разважае Павел Севярынец.
Суразмоўцы «Свабоды» не ўспамінаюць, каб раней у Беларусі праходзіла такая буйная падзея для пратэстантаў.
Аднак іншыя вялікія імпрэзы ўсё ж адбываліся, яны часам збіралі тысячы чалавек. «Бывала, што ў гарадах ставілі вялізны намёт — не трэба было здымаць памяшканне — праводзілі евангелізацыю, запрашалі людзей пагаварыць пра Бога, пра сэнс жыцця. Такія падзеі рэгулярна праводзілі. Памятаю, на Кангрэс моладзі пад Кобрынам у 2010 годзе сабраліся больш за тысячу чалавек», — успамінае Андрэй.
У Брэсце гарадское свята «Горад святла» ладзілі менавіта пратэстанты, расказвае Глеб. Туды прыходзілі не толькі вернікі, але і ўсе жыхары горада. На сцэне выступалі і «крутыя музыканты»і хрысціянскія прапаведнікі.
Каментары