Нацбанк патлумачыў, навошта ўвялі патрабаванне геалакацыі пры ўваходзе ў інтэрнэт-банкінг
Нацыянальны банк патлумачыў беларусам патрабаванне геалакацыі пры ўваходзе ў інтэрнэт-банкінг. З тлумачэннямі выступіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун.

Па словах Андрэя Картуна, з 1 ліпеня 2026 года ў Беларусі ўступаюць у дзеянне новыя стандарты фінансавых паслуг і тэхналогій — у банкаў будзе абавязковай наяўнасць антыфрод-сістэмы.
Сярод параметраў, якія збіраюцца банкамі пра прыладу, будзе і геалакацыя. Аднак фінансавыя ўстановы павінны будуць не толькі праінфармаваць беларусаў пра збор такіх даных, але і атрымліваць ад іх дазволы.
Андрэй Картун заўважыў, што банкі і раней укаранялі ў добраахвотным парадку геалакацыю, але зараз гэта патрабаванне стане абавязковым.
«Падставы турбавацца ніякай няма абсалютна, наадварот, гэта выгадна для спажыўцоў банкаўскіх паслуг. Як гэта будзе выглядаць? Напрыклад, вы пастаянна жывяце ў Мінску, заходзіце са сваёй прылады, адпаведна, у сістэмы гэта не выклікае ніякіх падазрэнняў», — патлумачыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
У тым жа выпадку, калі беларус заходзіць з нейкай іншай прылады, незнаёмай сістэме і з іншай краіны ці горада, ды яшчэ амаль адначасова з выхадам з іншага месца, то адпаведныя службы бяспекі банка будуць адпрацоўваць пытанне, бо сістэма пазначыць чырвоную лінію. Беларусам як мінімум патэлефануюць, каб пацікавіцца: гэта заходзілі яны ці нехта іншы.
Андрэй Картун запэўнівае, што ніякая ўцечка даных немагчымая, бо яны зашыфраваныя. Банкам жа, маўляў, інфармацыя трэба толькі для гарантавання бяспекі, а ў рэкламна-камерцыйных мэтах яны яе выкарыстоўваць не будуць. І ўвогуле геалакацыю цяпер патрабуюць шмат дзе, напрыклад пры выкліку таксі, таму банкі тут нічога незвычайнага нібыта не ўводзяць.
Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма
Буйны хостынг-правайдэр Cloudflare выдаў расійскаму месенджару «Макс» пазнаку шпіёнскага прыкладання
Сын Калаўра кінуў хлебную працу і ўзначаліць першы беларускі крыптабанк
Другі сын Калаўра атрымаў высокую пасаду
Каментары