Ад касцёлаў да «беларускіх Мальдываў»: падарожжа па Беларусі скрозь час і колеры
Беларусь можна адкрываць бясконца. Часам дастаткова збочыць з галоўнай магістралі, каб трапіць у зусім іншы свет: сярэднявечныя храмы-фартэцыі тут суседнічаюць з радзімай рок-легендаў, а прамысловыя кар’еры ператвараюцца ў іншапланетныя азёры. Budzma.org прапануе маршрут па Гарадзеншчыне, які злучае гісторыю, музыку і прыроду.

Спадчына Ліпнішак
Вандроўку прапануем пачаць з Ліпнішак — мястэчка ў Гродзенскай вобласці, на рацэ Аліта. Назва паходзіць, хутчэй за ўсё, ад прозвішча колішніх уладальнікаў. Гэтае мястэчка сустракае падарожнікаў неагатычным касцёлам Святога Казіміра, які сваімі вежамі імкнецца ўгару.
Парафіяльны касцёл быў заснаваны тут у 1510 годзе. Напачатку гэта быў драўляны касцёл, які стаяў на ўсходнім баку рынкавага пляцу мястэчка.

Цяперашні мураваны неагатычны касцёл паўстаў прыкладна ў 1910 годзе. Тэрыторыя касцёла на пачатку ХХ стагоддзя абнесеная бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай.
У савецкі час касцёл святога Казіміра дзейнічаў бесперапынна, але ў 1951 годзе ўлады канфіскавалі будынак плябаніі. У 1970‑я гады касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

На тутэйшых могілках таксама месціцца сціплы сакральны помнік гісторыі — невялічкая каплічка. Святыня выглядае як характэрнае для ХIХ стагоддзя збудаванне — прастакутны зруб з трохграннай алтарнай часткай.

У Ліпнішках захаваліся рэшткі сядзібы ХІХ стагоддзя фундатараў тутэйшага касцёла — Вольскіх. Пабудова закінутая, але часткова закансерваваная, і выглядае прыгожа. Вылучаецца цікавай трохузроўневай вежай, верхні ярус якой убраны арачнымі вокнамі. З тыльнага боку будынка захаваліся труба коміну і невялікая прыбудова з неагатычнымі дэкаратыўнымі элементамі.

Фота сядзібы Вольскіх у наш час. Фота: 34mag.net
Першапачаткова комплекс меў больш будынкаў, але пасля прыходу савецкай улады сядзібу нацыяналізавалі, а гаспадарчыя пабудовы перабудавалі або знеслі. У 2017 годзе ў сядзібы праз занядбанне абрынулася частка фасаду.
Мураванка — паміж Богам і музыкай
Далей шлях ляжыць да Мураванкі — вёскі ў Шчучынскім раёне. Калі вы яшчэ не бачылі царкву Раства Багародзіцы, то будзеце прыемна здзіўленыя гэтым цудам абарончага дойлідства. Храм выстаяў у шматлікіх войнах, і яго магутныя муры да сёння захоўваюць дух велічнага мінулага.

Збудаваная ў 20- 30‑х гадах ХVI стагоддзя на сродкі віленскага падканюшага Шымко Мацкевіча, царква арганічна спалучае ў сабе готыку і рэнесанс. Амаль квадратная ў плане, пакрытая высокім дахам, царква завершаная паўкруглым алтаром. Па кутах уздымаюцца чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы, усярэдзіне якіх размяшчаліся вітыя сходы. Яны выводзілі да памяшкання пад дахам, дзе знаходзілася баявая галерэя. Па ўсім перыметры храма і ў вежах былі ўладкаваныя байніцы, а ў падзямеллі царквы — склад для зброі, боепрыпасаў і культавых каштоўнасцяў.
Царква ў Мураванцы — адзін з найвыдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падобная да Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах, яна мае больш дасканалую структуру. Храм неаднойчы змяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 1871—1872 гадах. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-фартэцыі. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах, зніклі байніцы з усходняга боку.

Былі зробленыя новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сценах з’явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма збольшага захаваўся.
У час Другой сусветнай вайны царква была пашкоджаная, у канцы 1940 — пачатку 1950‑х гадоў у храма былі адрамантаваныя сцены, скляпенні і дах.

Старыя Васілішкі. Радзіма Чэслава Немана
Пасля суровай прыгажосці Мураванкі накіроўваемся ў Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне.

Гэтае месца — культавае для кожнага аматара беларускіх і польскіх музычных калектываў другой паловы ХХ стагоддзя. Тут нарадзіўся і вырас легендарны Чэслаў Немэн (Выджыцкі) — славуты музыка і творца, адзін з найвядомейшых выканаўцаў Польшчы ў ХХ стагоддзі.
Музей Чэслава Немана адкрыўся ў Старых Васілішках у 2010 годзе. Ён адкрыты ў доме, у якім Чэслаў Выджыцкі пражыў да 19 гадоў да пераезду ў Польшчу, дзе і пачалася яго музычная кар’ера.

Новая хваля прызнання прыйшла да Чэслава Немана ўжо пасля ягонай смерці ў 2004 годзе. Многія прыхільнікі выканаўцы прызнаюць, што не адразу ацанілі яго ў поўнай ступені. У пачатку 2000‑х у Старыя Васілішкі сталі масава прыязджаць турысты, каб паглядзець, дзе вырас Неман. Дом, пабудаваны дзедам музыканта, тады пуставаў. Цяпер у тутэйшым музеі сабраныя разнастайныя матэрыялы, звязаныя з творчасцю Чэслава, узноўленая абстаноўка, пры якой тут жыў будучы музыка. Клуб-музей Чэслава Немэна працуе з 10.00 да 19.00 (выхадныя — панядзелак, аўторак).
Асноўнай архітэктурнай славутасцю вёскі Старыя Васілішкі ёсць касцёл Святых Пятра і Паўла, які быў пабудаваны тут у 1903 годзе. Храм узвышаецца над навакольнымі будынкамі і бачны здалёк.

Касцёл быў узведзены на добраахвотныя сродкі парафіян, імёны якіх выбіты на вапнавых блоках цокаля. У савецкі час на загад мясцовага начальства імёны ахвярадаўцаў былі замазаныя цэментам. Архітэктурная кампазіцыя храма падпарадкаваная строгай вертыкальнай скіраванасці. Галоўны фасад вылучаюць стральчатыя, запоўненыя арнаментальнымі мудрагелістымі пераплётамі праёмы, і акно-ружа ў цэнтры. Унутраны інтэр’ер храма таксама ўражвае: галоўны, 2 кулісныя і 2 бакавыя драўляныя алтары, амбон, лавы для вернікаў выкананыя ў вытанчаных формах готыкі.

Унутры касцёла захаваліся ўнікальныя штучныя пячоры, створаныя ў левым нефе храма. Касцёл на гэты момант цалкам адрэстаўраваны, мае статус архітэктурнага помніка.

Праз раку і мост — да бірузовай мары
Праехаўшы праз горад Масты, абавязкова спыніцеся каля знакамітага падвяснога моста праз Нёман. Знакаміты 193‑метровы пешаходны падвясны мост праз Нёман — найдаўжэйшы ў Беларусі!

Мясцовыя легенды абвяшчаюць, што горад атрымаў сваю назву праз шмат драўляных мастоў, якія будаваліся тут з XV стагоддзя на шляху паміж Вільняй і Кракавам і ўвесь час разбураліся паводкамі. Пешаходны мост быў пабудаваны ў 1972 годзе, а пазней маштабна рэканструяваны: на ім абнавілі насціл, умацавалі сталёвыя трасы, дадалі шкляныя элементы і эфектную начную падсветку. Прагулка па ім — гэта невялікі адрэналін і цудоўныя краявіды на шырокую раку.
Раней мост часта звалі «танцовым», бо падчас моладзевых гулянняў ад крокаў ён пачынаў хадзіць ходырам. У сучасным горадзе канструкцыя больш устойлівая, аднак лёгкае калыханне і адрэналін застаюцца галоўным атракцыёнам для турыстаў.
Блакітная краса каля Краснасельска
Фінал падарожжа — краснасельскія крэйдавыя кар’еры. Калі вы ўпершыню бачыце ваду колеру аквамарыну ў аправе белых крэйдавых схілаў, цяжка паверыць, што вы ў Беларусі, а не на нейкім далёкім курорце. Гэтае месца нагадвае пра тое, што прырода заўсёды можа здзівіць, калі даць ёй магчымасць пераўтварыць прамысловыя шрамы на зямлі ў нешта неймаверна прыгожае.

Распрацоўка першага кар’ера паблізу Краснасельска пачалася ў 1914 г. прадпрыемствам Краснасельскбудматэрыялы. У наступны час здабыча крэйды пашыралася, аднак цяпер большая частка кар’ераў не выкарыстоўваецца. Дзякуючы солі калію, вада ў іх набыла прыгожае бірузовае адценне.
У 2023 годзе каля аднаго з кар’ераў была ўсталяваная назіральная пляцоўка. «Краснасельскбудматэрыялы» аказвае паслугі правядзення экскурсій паблізу крэйдавых кар’ераў. І гэтая ініцыятыва небеспадстаўная: да кар’ераў едзе багата турыстаў, каб убачыць блакітную красу на ўласныя вочы.
«Цукеркі ў шакаладзэ, б**дзь!» Расійская блогерка-мільённіца наведала Беларусь і высмеяла беларускую мову
Вядомы брытанскі відэаблогер склаў рэйтынг краін былога СССР. Беларусь паставіў на першае месца. Чаму?
Мінімальная норма — 100 кіламетраў у дзень: жыхар Пінска аб'ехаў на ровары ўсе раёны Беларусі
9 краін, якія варта наведаць беларусам у гэтым годзе. Парады ад падарожніка
«Шмат бландзінаў і смачны шакалад». Дзяўчына пералічыла стэрэатыпы пра Беларусь — вось што ёй адказалі
Каментары