Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю
У Беларусі археолагі знайшлі незвычайны крэмневы артэфакт эпохі неаліту, які, магчыма, з'яўляецца старажытнай антрапаморфнай фігуркай чалавека, піша Times.by.

Адкрыццё зрабілі студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, калі вывучалі калекцыю артэфактаў гісторыка Вячаслава Капыціна. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягнуў камень незвычайнай формы, знойдзены раней на стаянцы Даўжанка-2 на правым беразе ракі Друць.
Кіраўнік Цэнтра першабытнай археалогіі Аляксандр Коласаў прыйшоў да высновы, што гэта не проста прылада працы, як меркавалася раней, а спецыяльна апрацаваная фігурка чалавека, вырабленая з шэрага крэйдавага крэменю ў V—III тысячагоддзях да нашай эры.

На артэфакце можна разгледзець элементы, якія нагадваюць галаву, тулава, рукі і ногі. Даследчык адзначае, што ў неаліце многія прадметы маглі адначасова выконваць практычныя і рытуальныя функцыі.
Зараз знаходка знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, дзе спецыялісты правядуць дадатковыя даследаванні. Яны павінны дапамагчы вызначыць сапраўднае прызначэнне артэфакта і спосаб яго выкарыстання.
Калі навукоўцы пацвердзяць, што гэта сапраўды антрапаморфная фігурка, то яна стане першай падобнай знаходкай на тэрыторыі беларускага Падняпроўя. Па словах Аляксандра Коласава, падобныя выявы чалавека ўжо вядомыя ў матэрыялах неалітычнай эпохі лясной зоны Усходняй Еўропы.
Каментары