Палкоўнік ГУБАЗіКа ў адстаўцы апынуўся ў цэнтры непрыгожай гісторыі на беларускім рынку ІСО-токенаў
Кампанія «Блесаварыс Лізінг» размяшчала токены праз ПВТ і пазычала грошы ў Грузію іншай структуры таго ж уласніка. А перад абвяшчэннем дэфолту выдала свайму супрацоўніку вялізную беспрацэнтную пазыку. Экс-ГУБАЗавец Валерый Мазураў там быў дырэктарам. Сядзеў ён пры гэтым у суседнім з палітычнай паліцыяй будынку.

Інвестары параўноваюць беларускі рынак ІСО-токенаў з полем цудаў, абжытым культавымі літаратурнымі персанажамі. Інвестарам прапануецца нерэалістычны даход, але ў выніку — дэфолт, і чарговы Кот Базіліа раствараецца ў тумане.
У цэнтры новай такой гісторыі апынуўся адстаўны палкоўнік ГУБАЗіКа Валерый Мазураў, які пасля сыходу са службы перасеў у крэсла ў суседнім з палітычнай паліцыяй Аляксандра Лукашэнкі будынку.
Перадгісторыя
Пры канцы лютага 2018 года ў звышбюджэтнай свабоднай зоне Sharjah Media City (Шарджа, ААЭ) была зарэгістраваная кампанія Blesavaris LLC.
Адзіны заснавальнік — Антон Мурадавіч Аджыеў, ураджэнец Чачні, 1977 года нараджэння. Чалавек няяснай біяграфіі, нават фота ягонага не знайсці.
Вядома, што ў 1999 Аджыеў адкрыў ІП, потым некалькі гадоў папрацаваў наёмным работнікам у невялікай лізінгавай кампаніі.
Да таго як стаць уласнікам таннага эмірацкага афшора, які ў наступным будзе прэзентавацца як «цэнтральны офіс міжнароднай групы кампаніі», Аджыеў валодаў веерам дробных, якія хутка зачыніліся, расійскіх ААТ з капеечнымі статутнымі фондамі (рамонт камп'ютараў, субарэнда, салон прыгажосці і гэтак далей).
Што там у рэальнасці былі за бізнэсы — пытанне. З 2014 года Аджыеў знаходзіцца ў стоп-лістах расійскіх банкаў паводле антыадмывачнага заканадаўства (115-ФЗ, 03). Дакладная прычына ўключэння ў стоп-ліст невядомая, але на практыцы гэта азначае, што Аджыеву ў Расіі не адкрыюць нават рахунак.
У другой палове 2010‑х Аджыеў апынуўся ва Украіне і нейкім чынам змог атрымаць украінскі пашпарт, стварыўшы сабе другую асобу.
Пад гэтай украінскай асобай ён і распачаў новую дзейнасць, знайшоўшы сабе нечаканага партнёра.
У лістападзе 2018‑га ў Мінску, на вуліцы Рэвалюцыйнай — у суседнім будынку з сядзібай ГУБАЗіКа — адкрылася ТАА «Блесаварыс Лізінг», на 95% дачка эмірацкага Blesavaris LLC. Яшчэ 5% былі нейкай ураджэнкі Данбаса, грамадзянкі Украіны Марыны Чаган.
Чаган хутка выйшла са складу акцыянераў і ўжо на пачатку 2019‑га новым дырэктарам з доляй 0,247393% стаў палкоўнік у адстаўцы Валерый Анатолевіч Мазураў.
За паўтара года да таго (летам 2017-га) Мазураў выйшаў на маладую палкоўніцкую пенсію з пасады намесніка начальніка чацвёртага (арганізацыйна-штатнага) упраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
Інтэрнэт памятае яго таксама як сябра «экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй праяўлення экстрэмізму».

Варта адзначыць, што Мазураў не фігураваў у публічным полі як асоба, датычная да палітычных рэпрэсій. Да таго як стаць штабістам, ён займаўся арганізаванай злачыннасцю, а таксама распаўсюднікамі наркотыкаў — то-бок сапраўднымі злачынцамі. Аднак пытанні да Мазурава заставаліся. Некаторыя справы ў судзе фактычна рассыпаліся — перадусім праз крайнюю неахайнасць пры афармленні доказаў. А арыштаваныя заяўлялі на ціск на іх, які відавочна выходзіў за межы дазволенага законам.
На пачатку 2019‑га адстаўны палкоўнік беларускага МУС наняўся на работу да чалавека з банкаўскім банам, у кампанію без гісторыі і з адным супрацоўнікам. Ці можа быць, што Аджыеў — з невядомых нам прычын — стаў намінальным уласнікам кампаніі, якую насамрэч кантраляваў Мазураў? Мы не ведаем.
Факт толькі, што «Блесаварыс Лізінг» заняўся мала каму ў Беларусі дазволенай дзейнасцю: кампанія атрымала ад дзяржавы права на зваротны лізінг жылой нерухомасці фізічных асобаў.
Што гэта такое?
Звычайна зваротным лізінгам карыстаюцца юрыдычныя асобы, а прадмет лізінгу — актывы кампаніі (склады, транспарт, станкі і гэтак далей). Кампанія мяняе сваю маёмасць на грошы разава, а потым выкупляе назад — амаль як крэдыт, толькі ў некаторых выпадках прасцейшы або выгаднейшы.
Іншая справа — зваротны лізінг жылой маёмасці фізічных асобаў. Тут мы гаворым пра кватэры людзей. Людзі звяртаюцца да такіх кампаній, калі ім трэба крэдыт, а банкі адмовілі.
Беларускія банкі не любяць выдаваць крэдыты кліентам без стабільнага даходу і пад заклад іх адзінай жылой нерухомасці. У такім выпадку заклад увесь час застаецца ўласнасцю кліента з абцяжарваннем, які можна забраць толькі праз суд без гарантый поспеху.
І вось таму непісьменныя, або абдураныя, або ў вельмі складанай сітуацыі людзі ідуць у зваротны лізінг і просяць там грошай. Часта гэта адзінае жытло ў людзей, а самі людзі нярэдка заведама неплацежаздольныя. Такі спецыфічны бізнэс.
Лізінгавая выкупляе іх кватэру не па рынкавай цане, а з максімальнай зніжкай. Нерухомасць адразу ж пераходзіць ва ўласнасць лізінгавай кампаніі, а кліент, згодна з дамовай, уласнае жытло выкупляе рэгулярнымі плацяжамі.
Пры пратэрміноўках і немагчымасці плаціць лізінгавая фіксуе гэта як страты і прадае аб'ект па рынкавай цане.
Гэта легальны, хаця, хтосьці скажа, не вельмі этычны бізнэс, на які складана атрымаць дазвол. «Блесаварыс Лізінг» хвалілася ў сваёй рэкламе, што па стане на 2022 год у Беларусі такі дазвол мелі ўсяго чатыры кампаніі.
Дзейнічала кампанія пад брэндам «Лізінг Эксперт»
«Блесаварыс Лізінг» дзейнічаў пад брэндам «Лізінг Эксперт».
За шэсць гадоў работы, як падлічыла «Наша Ніва», набралася як мінімум 60 судовых справаў супраць «Блесаварыс Лізінгу» — цэлыя сем'і судзяцца на прадмет законнасці здзелак і высялення. Суд перыядычна становіцца на бок кліентаў. У адным з выпадкаў пазоўнікам выступае пракуратура Магілёўскай вобласці.
Схема хоць і пакідае за сабой шлейф канфліктаў і судовых разборак, глабальна ўсё ж працавала.
У 2020‑м адкрылася яшчэ адна кампанія пад брэндам «Лізінг Эксперт», у Тбілісі. Адзіным яе ўласнікам быў і ёсць — як вынікае з афіцыйных выпісак, з якімі азнаёмілася «Наша Ніва» — той самы грамадзянін Украіны Антон Аджыеў.
Грузінская кампанія спецыялізавалася на лізінгу аўтамабіляў.
Токены на базе мінскага ПВТ
У 2021‑м «Блесаварыс Лізінг» стаў размяшчаць токены на ІСО платформах Finstore і, у наступным, Fainex. Пасля прыняцця абноўленага дэкрэта аб Парку высокіх тэхналогій у Беларусі на базе кампаній ПВТ стала магчымым правядзенне ICO і выпуск токенаў з запісам у блакчэйне.
У нашай сітуацыі токен — гэта па сутнасці электронная аблігацыя, блакчэйн — гэта па сутнасці публічная электронная бухгалтарская кніга. ICO (initial coin offering) — гэта па сутнасці продаж абавязку.
Кампанія (эмітэнт) выпускае токен (робіць эмісію) праз ліцэнзаваную пляцоўку (рэзідэнта ПВТ), дзе яго купляюць удзельнікі фінансавага рынку. Пляцоўка бярэ свой працэнт, грошы паступаюць эмітэнту, у якога з'яўляюцца фінансавыя абавязкі перад трымальнікамі токенаў па пагашэнні з выплатай працэнтаў. З пазіцыі эмітэнта — гэта атрыманая пазыка пад працэнт, з пазіцыі ўдзельніка рынку — інвестыцыя.
Адрозненне ад выпуску аблігацый — хуткасць працэсу, меншая строгасць ацэнкі кампаніі-пазычальніка.
Прастата ICO гэта не абавязкова кепска, токены выпускаюць многія салідныя беларускія кампаніі проста для эканоміі часу ці з іншых прычын. Інвестарам гэта таксама цікава праз даступнасць (можна інвеставаць малымі сумамі) і адсутнасць падаткаабкладання такога прыбытку для фізасобаў.
І вось «Блесаварыс Лізінг» пачаў прадаваць свае токены — без забеспячэння — пад абяцанні фантастычнай прыбытковасці, да 30% гадавых. За пяць гадоў было больш за трыццаць выпускаў у беларускіх, расійскіх рублях, далярах і еўра.
Кампанія пазычала мільёны даляраў, хаця ў Беларусі яўна не мела адпаведнага такім сумам прытоку кліентаў.
«Блесаварыс лізінг» адлюстроўвала ў выручцы прыцягнутыя праз токены пазыкі, што ўскладняе аб'ектыўную ацэнку кампаніі.

Кампанія, якая абяцала інвестарам двухзначныя лічбы даходу ад інвестыцый, згодна з уласнай жа справаздачнасцю генеравала чыстыя страты ад фінансавай дзейнасці (цэнтральная метрыка для лізінгавых кампаній) і была рэнтабельнай трохі больш чым на 1%.
У справаздачнасці прызнавалася, што «… токены выпускаюцца дзеля аптымізацыі структуры доўгавага капіталу і рэфінансавання бягучых абавязацельстваў для паляпшэння паказчыкаў ліквіднасці».

Ацэнку эмітэнтаў рынка токенаў у Беларусі робіць кампанія «BIK-Ratings», акрэдытаваная Нацбанкам. BIK-Ratings давала кампаніі высокі А рэйтынг дзелавой рэпутацыі. Аднак супрацоўнікі банкаў, з якімі размаўляў журналіст «Нашай Нівы», сумняюцца ў грунтоўнасці ацэнак BIK-Ratings.
Станам на першы квартал 2026 года ў кампаніі «Блесаварыс Лізінг» назбіралася амаль на 8 мільёнаў рублёў даўгоў па токенах. У тэлеграм-суполцы для інвестараў Валерый Мазураў увесь пачатак 2026 года ўгаворваў прыносіць яму яшчэ больш грошай пад яшчэ больш выгадны працэнт са штотыднёвымі выплатамі.

Дастатковых грошай, каб пагасіць папярэднія выпускі, усё ж не назбіралася, таму ў пачатку чэрвеня кампанія абвесціла дэфолт.
Куды ж дзеліся грошы?
Магчыма, вялікая частка сабраных з беларусаў сродкаў была выведзеная за мяжу пад выглядам пазык для грузінскай кампаніі: грузінскі «Лізінг Эксперт» вінаваты мінскаму амаль 5 мільёнаў рублёў.
Валерый Мазураў супакойвае інвестараў, што пайшоў у грузінскі суд па гэтым пытанні і ўжо адбылося першае пасяджэнне. Што па сутнасці абсурд, бо і беларуская, і грузінская кампаніі належаць аднаму і таму ж чалавеку — Аджыеву.
Інвестараў Мазураў прасіў пакуль што не падаваць заявы ў праваахоўныя органы ці суд, каб не дэстабілізаваць кампаніі і не запускаць працэдуры банкруцтва. Маўляў, усё яшчэ наладзіцца, трэба проста пацярпець.
Сам Мазураў загадзя выйшаў са складу фармальных уласнікаў кампаніі, застаючыся толькі дырэктарам беларускага філіяла «групы».
У фінансавай справаздачнасці кампаніі «Блесаварыс лізінг» пазначана, што незадоўга да абвяшчэння дэфолту кампанія выдала нейкаму свайму супрацоўніку беспрацэнтную пазыку на 130 тысяч рублёў. Прозвішча там не называецца, але ўзнікае пытанне: ці не самому палкоўніку Мазураву?
Каментары
И ещё, в системе узаконенного беззакония лукашенко-шведа, палачам беларусов, можно не бояться десятков уголовных дел, как открывают, так и закрывают.
Особо ретивых, потерявших тормоза и ворующих не по рангу - показательно порят на конюшне и на этом фсё.
Теперь понятно, почему сыновья министров лукашенко идут служить в МВД, КГБ, идут в палачи беларусов.
А мужское, молодое население сёл, не успевшее спиться, идёт в рядовые палачи мвд и губопика, что там, что там, что для одних, что для других - вседозволенность, безнаказанность и плюшки от лукашенко.