«Рука цягнецца да кішэні, а тэлефона там няма». Як палітвязні выпадаюць з лічбавага свету, а потым наноў прывыкаюць да яго
Пасля года без смартфона рука яшчэ памятае, куды націскаць. Пасля пяці з паловай гадоў забываецца адчуванне ад тэлефона ў руках. Вяртанне ў лічбавы свет — адзін з многіх аспектаў аднаўлення былых палітвязняў. Ім даводзіцца аднаўляць акаўнты, прывыкаць да бясконцых апавяшчэнняў і разбірацца з сэрвісамі, якіх раней не існавала. Былыя палітвязні Ганна Скрыган, Артур Халімончык і Вадзім Баранаў расказалі выданню Most, як пасля зняволення наноў знаёміліся з лічбавым светам.

«Страх быў: выйдзеш — і наогул не ведаеш, як тэлефон выглядае»
50‑гадовая Ганна Скрыган правяла ў зняволенні каля 16 месяцаў. У калоніі, узгадвае яна, жанчыны абмяркоўвалі ў тым ліку і вяртанне да звычайнага жыцця са смартфонам.
«Быў такі страх: выйдзеш — і наогул не ведаеш, як тэлефон выглядае і што ў ім рабіць».
Але прыблізна за тыдзень Ганна зноў прывыкла да смартфона: куды націскаць і змахваць, як арыентавацца ў праграмах. Але пасля высветлілася, што вярнуць старыя рухі прасцей, чым вярнуцца ў лічбавае жыццё. Давялося аднаўляць ці заводзіць акаўнты і наноў наладжваць іх бяспеку. Ганна спецыяльна шукала інструкцыі для месенджараў і сацсетак.
У хуткім часе пасля вызвалення яна з'ехала з Беларусі, таму адначасова давялося асвойваць лічбавае жыццё ў іншай краіне: праграмы банкаў і крам, куплю квіткоў, таксі, польскія дзяржаўныя сэрвісы.
«Пастаянна накрывае трывожнасць, амаль паніка, калі баішся не тую кнопку націснуць».
Цалкам упэўнена адчуваць сябе з усімі гэтымі сэрвісамі Ганна пачала толькі праз тры-чатыры месяцы.
А яшчэ за час яе зняволення ў штодзённае жыццё большасці людзей паспеў увайсці штучны інтэлект.
«Спачатку пачынаеш карыстацца ім як Google, потым як перакладчыкам. І толькі потым разумееш, што насамрэч ён можа нейкія твае руцінныя задачы выконваць», — кажа Ганна.
«Інтымны куток нейкі»
У 37‑гадовага Артура Халімончыка лічбавая паўза была нашмат даўжэйшай. Яго затрымалі ў жніўні 2020 года, а на свабоду ён выйшаў у лютым 2026-га.
На другі дзень пасля вызвалення Артур купіў смартфон — аказалася, што нават тактыльныя адчуванні ад дакранання да тэлефона былі забытыя.
Старыя акаўнты ў Instagram і VK былі страчаныя: за гады зняволення Артур забыўся лагіны і паролі. Давялося заводзіць новыя. Telegram таксама адчуваўся амаль незнаёмым.
«Трэба было зрабіць шмат лішніх рухаў, каб зрабіць простае дзеянне — знайсці нейкі канал. Не мог злавіць логіку».
Але мацней за інтэрфейсы Артура здзівіў сам сучасны інтэрнэт. Пасля вызвалення ён пастаянна чуў ад навакольных: «Бачыў у TikTok». Вырашыў паспрабаваць. Дадаў у сябры толькі пляменніцу — і ў хуткім часе атрымаў каля 30 апавяшчэнняў пра яе дзеянні.
«Падумаў: «Не-не-не, зараз розным інфармацыйным смеццем мяне заваліць». І адразу выдаліў».
Threads таксама пакуль выклікае ў Артура пытанні:
«Што гэта і да чаго, калі ёсць Instagram? Дагэтуль незразумела, навошта ўсе гэтыя вудачкі там закідаюцца. Інтымны куток нейкі», — смяецца мужчына.
Галоўным уражаннем ад вяртання ў інтэрнэт Артур называе не новыя праграмы, а «вельмі агрэсіўны паток інфармацыі».
«Я не паспяваў яе якасна асэнсоўваць, ды і лішняй яна здавалася».
Да штучнага інтэлекту ён пакуль не дайшоў.
Тэлефон прыходзіў нават у сне
32‑гадовы Вадзім Баранаў правёў у зняволенні трохі больш за год — за гэты час звычка карыстацца смартфонам не паспела знікнуць.
«Спачатку было трошкі нязвыкла: экран, тэлефон, нешта націскаць. Але ўсе навыкі захаваліся, даволі хутка прывык».
Нашмат складней аказалася вярнуцца ў свае акаўнты. Паролі забыліся, старога тэлефона і сім-карты ўжо не было: засталіся ў сілавікоў, а многія сэрвісы патрабавалі пацвярджэння па СМС. Па гэтай прычыне Вадзім доўга не мог аднавіць Instagram.
Змяніўся за гэты час, па адчуваннях Вадзіма, і сам інтэрнэт. У стужках ён убачыў нашмат больш рэкламы і рэкамендаванага кантэнту замест публікацый людзей, на якіх падпісаны.
І ўсё ж значна даўжэй Вадзім у зняволенні прывыкаў жыць без тэлефона.
«Гэта настолькі шчыльна ўвайшло ў наша жыццё: у цябе ў кішэні доступ да 99% інфармацыі свету, сувязь з усімі. А тут гэтага ўсяго няма».
У турме было шмат часу, які не было чым заняць. І часам спрацоўваў аўтаматычны жэст:
«Рука цягнецца да кішэні, каб дастаць смартфон, а яго там няма», — узгадвае мужчына.
Тэлефон прыходзіў нават у сне. Вадзім узгадвае сны ў зняволенні: нібыта ён ужо вызваліўся і нарэшце можа адкрыць сацсеткі і Telegram: даведацца, хто яму пісаў, што адбылося за час зняволення, як людзі адрэагавалі на яго гісторыю.
«Я бачу нібыта паведамленні, але ўсё затуманена. Нічога нельга прачытаць, бо гэта сон».
Палітвязня з інваліднасцю Уладзіміра Гундара перавялі з турмы ў калонію. Пасля турэмнага тэрміну яму застаецца яшчэ 13 гадоў
«Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне». Былы палітвязень заяўляе, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу выконваць заданні
Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?
Максім Знак: Уся краіна — гэта вялікая калонія
Каментары