Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў расказаў, як пяць гадоў працаваў на «Спутніку» і колькі зарабляў
«Я да таго моманту не асабліва быў свядомы чувак. І не асабліва ўводзіў сябе ў курс спраў. То-бок ведаў нейкія самыя базавыя рэчы. Пра Кісялёва я ведаў мем пра ядзерны попел, але быў упэўнены, што гэта проста ён мемны дзіўны дзядзька».

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Яўген Казарцаў у падкасце «Медыяжаба» расказаў, як працаваў у «Спутніку» ў 2015‑2020 гадах.
Паводле Казарцава, у рэдакцыю «Спутнік. Беларусь» ён трапіў даволі выпадкова ў 2015 годзе, калі заканчваў навучанне на журфаку. Да таго часу ён ужо паспеў папрацаваць у рэдакцыі часопіса «Большой». Як тлумачыць Казарцаў, ён не адчуваў сябе дастаткова падрыхтаваным для «вялікіх» медыя і баяўся нават спрабаваць: «Я ляпіў кучу памылак, і мне здавалася, што мяне не возьмуць з-за гэтага нікуды».
Ён пералічвае, што не пайшоў у «Анлайнер» («бо «Анлайнер» — для барадатых мужыкоў»), не разглядаў Tut.by («па асабістых прычынах»), не адважваўся прасіцца ў «Нашу Ніву», «а на «Свабоду» хрэн пападзеш». Але пры гэтым у маладога журналіста было жаданне працаваць менавіта ў недзяржаўным выданні.
Ён паспрабаваў уладкавацца ў газету «Беларусы і рынак», але атрымаў даволі жорсткую адмову:
«Галоўная рэдактарка такая: «А ў цябе ёсць вопыт напісання артыкулаў пра фінансавую сферу? А што ты наогул ведаеш пра эканоміку, хлопчык? Ідзі, хлопчык».
У выніку, па словах Казарцава, ён звярнуў увагу на вакансію ў СМІ, пра якое «на той момант рэальна нічога не гуглілася». Дадатковым фактарам стала і зручнасць:
«Самы галоўны плюс — рэдакцыя была ў маім доме (да пераезду ў Дом Масквы — НН). Рэальна выходзіш, паварочваеш за кут — і там».
Па словах Казарцава, ён адгукнуўся на вакансію і даволі хутка атрымаў працу.
Пра тое, што гэта не зусім незалежнае медыя, малады журналіст зразумеў не адразу, а прыкладна праз месяц пасля пачатку працы, калі атрымаў першы заробак:
«Тыпу ад беларускай юрыдычнай асобы, але памер заробку на той момант падказваў, што гэта нешта такое… нешта такое… (…) На той момант на старце юнкору 800 баксаў па курсе было ў 2015 годзе вельмі нават нядрэнна».
Само кіраўніцтва рэдакцыі не хавала, што выданне «вельмі нават дзяржаўнае» і расійскае. Разам з тым Казарцаў тлумачыць, што ў той момант не надаў гэтаму вялікага значэння. Ён апісвае сваю логіку досыць проста:
«Кіраўніцтва сказала. Я падумаў: ну і што? Я пачытаў сайт. Ніякай крамолы я не бачу. Тыпу, ці прымушаюць мяне рабіць нейкую крамолу? Не. Ці ёсць на сайце матэрыялы пра нацыстаў, якія… і іншае? Не. Я такі: ну, тыпу акей. Плюс я ведаў, што гэта РІА, «РИА Новости». Ну і таксама на РІА гляджу — нічога такога няма. А РІА на той момант (…) — гэта велічыня. (…)
Як бы і разумення таго, што гэта такое, асабліва не было. Ды і асабліва, калі шчыра, я да таго моманту не асабліва быў, як гэта, свядомы чувак. І не асабліва ўводзіў сябе ў курс спраў. То-бок я ведаў нейкія самыя базавыя рэчы. Пра Кісялёва я ведаў мем пра ядзерны попел, але быў упэўнены, што гэта проста мемны дзіўны дзядзька».
Шлях да «старасты журналістаў»
Згадваючы сваю пяцігадовую працу, Казарцаў адзначае, што ў рэдакцыі «Спутніка» «было ўсё пра Беларусь». А сам ён займаўся класічнай навіновай журналістыкай.
Згадваючы рэдакцыйную палітыку, былы журналіст «Sputnik Беларусь» падкрэслівае, што прамых указанняў «ачарняць» ці «абліваць брудам» не было. Але існавала выразная фармальная рамка:
«Адзінае, што казалі — тыпу акуратна, акуратна. Павінна быць сухая навіна. Ніякіх там цытат нікога, проста тыпу сабралася там некалькі сотняў чалавек, выказалі незадавальненне, напрыклад, умоўным дэкрэтам аб «дармаедстве», заявілі, што выбары нелегітымныя. Акцыя была несанкцыянаваная, прайшло без затрыманняў».
На пытанне, чаму пісалі без цытат, ён адказвае, што гэта тлумачылася асцярогай перад беларускімі ўладамі:
«Таму што не хацелі атрымаць капзды ад МЗС і ад Эйсмант. (…) І яны нават уводзілі нейкія свае чорныя спісы, «каго мы вельмі не хочам у вас бачыць». Напрыклад, там быў Балкунец. (…) Была незадаволенасць у тым ліку тым, «навошта вы асвятляеце акцыі».
Акрамя таго, незадаволенасць выказвалі і маскоўскія куратары:
«У Маскве сталі вельмі незадаволеныя, што мы пішам «в Украине». Яны такія: «Не, абавязкова пісаць «на Украине». Але мы прыдумалі абыходны шлях — пісаць «на тэрыторыі Украіны».
Журналіст таксама прыгадвае, што яму даводзілася дамагацца выдалення з сайта антысеміцкіх і гамафобных матэрыялаў, якія з'яўляліся па ініцыятыве асобных калег:
«Часам калега, вядучы радыё Sputnik да гэтага часу — гэта была яго ініцыятыва, бо ён такі вось менавіта «рускамірац», — любіў паклікаць якога-небудзь вар’яцкага чувака, які сябе называў і рабінам (ён рабінам не быў), і экспертам і іншае, і ў нас выходзіла пра садамітаў, якія караюць Еўропу, бо «Бог карае Еўропу праз садамітаў». Але я да таго моманту ўжо меў нейкую вагу, пачынаў крычаць — і гэта выдалялі з сайта».
Пры гэтым Казарцаў прызнае, што ў цэлым ставіўся да многіх рэчаў як да другарадных, якія не датычылі яго непасрэднай працы: «Я думаю: ну як мяне гэта датычыцца? Гэта ж не я раблю».
Па словах журналіста, за пяць гадоў яго роля ў рэдакцыі змянілася. Фармальна ён стаў рэдактарам інтэрнэт-рэсурсу, але сам апісвае гэта як арганізацыйную функцыю:
«Фармальна гэта называлася рэдактар інтэрнэт-рэсурсу. Па сутнасці, я тыпу быў старастам журналістаў. (…) Я вырашаў, хто куды пойдзе. Я запісваў для шэф-рэдактаркі — гэта была яе праца, але яна яе на мяне скінула, і ў мяне з’явілася пасада рэдактара інтэрнэт-рэсурсу. Я запісваў, хто з журналістаў што робіць, каб ёй расказваць. Сачыў, дзяжурства прызначаў, за адпачынкамі сачыў».
На момант звальнення ў жніўні 2020-га, па словах Казарцава, ён атрымліваў 1200 даляраў.
Каментары
Каторы пісаў пра "нацыстаў з Азову" https://sputnik.by/20160419/1021896945.html
Й "родного президента" лукашэнку. https://sputnik.by/20150822/1016829406.html
Не адмыецца.
> пісаў пра "нацыстаў з Азову"
Негодяй. Чудовищное вранье. Ну как он мог!