Беларус зрабіў самаробны мотавел на сонечных батарэях і сам прыехаў на ім на радзіму з Дагестана
Жыхар Асіповіцкага раёна Дзмітрый Пацкевіч стварыў незвычайны чатырохколавы электрычны мотавел з закрытым кузавам, які працуе ад сонечных батарэй. На ім можна не толькі падарожнічаць, але і начаваць падчас далёкіх паездак, піша Komkur.info.

Ідэя ўзнікла ў Дзмітрыя падчас знаходжання ў Дагестане, дзе ён часта бывае. Большасць дэталяў для кузава і хадавой часткі ён знайшоў на мясцовых сметніках, а электронныя кампаненты і сонечныя панэлі набыў праз інтэрнэт. Агульныя выдаткі на электроніку склалі каля 80 тысяч расійскіх рублёў.

Восенню 2025 года самаробны транспарт быў гатовы да выпрабаванняў. Тады Дзмітрый адправіўся на ім з Дагестана ў Беларусь. Падарожжа працягласцю каля 2350 кіламетраў заняло амаль два месяцы. Па дарозе даводзілася рамантаваць колы, мяняць электронныя вузлы і нават начаваць проста ў кузаве, які абсталяваны спальным месцам.

Па словах вынаходніка, у сонечнае надвор'е запас ходу апарата практычна не абмежаваны, а ў пахмурнае мотавел можа праехаць каля 50 кіламетраў без дадатковай зарадкі. Пасля вяртання ў Беларусь ён пачаў выкарыстоўваць сваю распрацоўку яшчэ і як невялікую хатнюю электрастанцыю.

Цяпер Дзмітрый працягвае ўдасканальваць канструкцыю. Ён хоча павялічыць колькасць сонечных панэляў, павысіць хуткасць руху і запас ходу ў дрэннае надвор'е.

Асобнае месца ў жыцці мужчыны займае захапленне космасам. Ён займаецца лазернымі шоу на касмічную тэматыку, самастойна вырабіў касцюм касманаўта і нават атрымаў памятны падарунак з аўтографамі экіпажа Міжнароднай касмічнай станцыі. Пра ягонае захапленне расказаў адзін з сяброў, які бывае на Байкануры.

У будучыні Дзмітрый плануе здзейсніць новыя падарожжы на сваім «Марсаходзе» — так ён назваў мотавел. Сярод галоўных мэтаў — Зорны гарадок пад Масквой і касмадром Байканур. Паводле яго слоў, нават некалькі тысяч кіламетраў не здаюцца перашкодай, калі рухаешся насустрач сваёй мары.

Падлетак змайстраваў незвычайны «Бульбамабіль» — мінакі не даюць яму без увагі праехаць
У Аўстрыі фермер знайшоў спосаб, як абараняць авечак ад ваўкоў. Яго не ўсе ацанілі
Вынаходніцтва ў Беларусі скацілася да шматгадовага мінімуму
Ці забярэ камп'ютар вашу працу і калі робаты пачнуць мыць за нас посуд? Распыталі эксперта пра штучны інтэлект
Каментары
бо дзе яшчэ такіх апантаных вынаходнікаў знойдуць?