Грамадства

«Яго бачылі пад Барселонай». Што вядома пра пошукі беларуса, які згубіўся ў Іспаніі

Зніклага ў Іспаніі Генадзя Смаляка заўважылі пад Барселонай, расказала Свабодзе ягоная сяброўка Марта. Беларускага актывіста шукаюць ужо тры тыдні.

Генадзь Смаляк. Архіўнае фота

Пра зьнікненьне Генадзя Смаляка стала вядома ў канцы чэрвеня. Тады трывогу забілі ягоная маці і былая жонка. Высьветлілася, што мужчына даўно не зьяўляўся ў доме, дзе ён жыў зь іншымі людзьмі. Апошні раз яго бачылі знаёмыя ў парку гораду Сабадэль каля Барсэлёны 19 чэрвеня.

Былая жонка, сяброўка і калега Генадзя Марта* (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы. — РС) тады падзялілася з Свабодай асноўнай вэрсіяй яго зьнікненьня — мужчына перастаў прымаць неабходныя яму таблеткі, не разумее, дзе ён знаходзіцца і, імаверна, згубіўся падчас шпацыру.

Апошні месяц, з словаў сяброўкі, Смаляк быў у кепскім эмацыйным стане, ні з кім не кантактаваў, амаль не размаўляў з суседзямі, з пакою і з дому амаль не выходзіў, «еў, спаў, курыў цыгарэткі». Падобная сытуацыя ўжо здаралася сёлета ўвесну, але тады Генадзь не сыходзіў з дому.

Цяпер Марта расказала Свабодзе апошнія навіны: Генадзя бачылі пад Барсэлёнай, каля ягонага ранейшага месца жыхарства, 6 ліпеня. Ён ходзіць па вуліцах, але ў пагоршаным псыхічным стане, не ўсьведамляе, што адбываецца. Знаёмыя хацелі яго спыніць, але Генадзь не падпускаў іх да сябе і сышоў.

«Яны выклікалі паліцыю, але паліцыя яго не затрымала. І ён цяпер, бедны, зноў блукае недзе па Барсэлёне», — адзначае сяброўка Генадзя.

На думку Марты, Генадзю цяпер патрэбна лячыцца ў шпіталі. Аднак, паводле яе, у Гішпаніі зрабіць гэта прымусова досыць складана, калі папярэдне чалавек не прычыніў шкоду сабе ці іншым. Сяброўка зьніклага лічыць, што цяперашні стан дастаткова небясьпечны для самога Генадзя. Яна прыводзіць у параўнаньне Польшчу, дзе ў падобнай сытуацыі выклікаюць паліцыю і хуткую дапамогу і чалавека прымусова кладуць у шпіталь. Сябры цяпер думаюць, як дапамагчы Генадзю, бо, імаверна, ён сам моцна цярпіць ад свайго стану.

Заява ў паліцыю

Падаць заяву на зьнікненьне беларуса ў каталёнскую паліцыю было складана і ўдалося ня зь першага разу, бо такія заявы прымаюць толькі ад родных. У Смаляка ж крэўных у Гішпаніі няма, і пакуль яны ня могуць зрабіць візы і прыехаць.

У паліцыі прапанавалі, каб родныя падалі заяву аб зьнікненьні чалавека ў беларускую міліцыю — тады б калегі шукалі яго ў рамках міжнароднай супрацы. Аднак блізкія мяркуюць, што гэта кепскі варыянт, бо Смаляку ў Беларусі пагражае палітычны перасьлед за ягоную грамадзкую і журналісцкую дзейнасьць.

Генадзь Смаляк

Хто такі Генадзь Смаляк

Генадзю 36 гадоў. У Беларусі дапамагаў бяздомным аднаўляць дакумэнты, перасяляцца ў вёскі, займаўся праектам «Ежа замест бомбаў», дзе валянтэры кармілі бяздомных.

Смаляк таксама працаваў санітарам у псыханэўралягічным інтэрнаце №  3 у Менску. Дадаткова там жа валянтэрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрнату, праводзіў арт-тэрапію. Як сам Генадзь раней расказваў Most Media, ён укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да вады, тэлевізары ў палатах, магчымасьць для валянтэраў наведваць гэтых людзей. Калі, зь ягоных словаў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрнату скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся са скандалам.

Пасьля ад’езду зь Беларусі Генадзь жыў ва Ўкраіне, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданьняў, у тым ліку займаўся мэдыйным праектам Not today, not yesterday, not tomorrow.

Каментары

Цяпер чытаюць

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні18

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні

Усе навіны →
Усе навіны

ДТЗ у Буда-Кашалеўскім раёне: адзін чалавек загінуў, сем пацярпелі

На месцы гібелі Ірыны Фарыён у Львове паставілі дзіўны помнік5

«Прачытаў 1596 кніг». Максім Знак пра турму, свабоду і ворагаў3

Кіроўца запытала ў «Беларуснафты», чаму на іх запраўках адсутнічаюць пракладкі — адказ кампаніі раз'юшыў беларусак32

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай11

Вярхоўны суд Расіі прызнаў экстрэмісцкай арганізацыяй беларускіх «Кіберпартызан»1

Зідан узначаліў зборную Францыі

Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі4

Лукашэнка заявіў пра факты крышавання раскрадальнікаў паліва з боку сілавікоў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні18

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: чацвёрты і шосты па велічыні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць