Свет

Апублікаваныя першыя за некалькі гадоў здымкі Аун Сан Су Чжы

Ваенная хунта М'янмы спрабуе паказаць, што з былой лідаркай краіны ўсё ў парадку. Су Чжы затрымалі пяць гадоў таму ў выніку перавароту.

Былая лідарка М'янмы і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы, якая з лютага 2021 года знаходзіцца пад вартай, сустрэлася з дэлегацыяй Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа. Гэта яе першая за апошнія чатыры гады пацверджаная сустрэча з кім-небудзь, акрамя прадстаўнікоў уладаў М'янмы, піша Бі-бі-сі.

На фотаздымках са сустрэчы, апублікаваных уладамі краіны, 81‑гадовая Аун Сан Су Чжы выглядае здаровай і трымаецца ўпэўнена. Аднак ніякіх падрабязнасцяў пра стан яе здароўя, а таксама пра тое, пра што яна размаўляла з гасцямі, не паведамляецца.

Вясной гэтага года сын Аун Сан Су Чжы, Кім Арыс, разгарнуў міжнародную кампанію, патрабуючы пацвярджэння таго, што яго маці жывая і здаровая. У маі ён звярнуўся да прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з заклікам запатрабаваць ад уладаў М'янмы доказаў таго, што яго маці жывая і здаровая.

Кім Арыс атрымаў першы ліст ад Аун Сан Су Чжы пасля яе затрымання ў лютым 2024 года. Пасля гэтага ён больш не атрымліваў ад яе ніякіх вестак. Яе адвакаты не бачылі сваю падабаронную больш за тры гады. Апошняя фатаграфія, на якой былая лідарка М'янмы была зафіксаваная, была апублікавана ў маі 2021 года падчас судовага працэсу над ёй.

Нягледзячы на неаднаразовыя запэўніванні вайскоўцаў, што Су Чжы жывая і здаровая, яны не прадстаўлялі пераканаўчых доказаў гэтага.

Пераварот і прысуд

Аун Сан Су Чжы была затрыманая неўзабаве пасля таго, як узброеныя сілы зрынулі яе ўрад у 2021 годзе.

Ваенны пераварот у М'янме адбыўся праз некалькі месяцаў пасля таго, як пераканаўчую перамогу на выбарах атрымала партыя Аун Сан Су Чжы — «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» (NLD).

Вайскоўцы сцвярджалі, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, аднак незалежныя назіральнікі пацвердзілі, што выбары ў цэлым былі сумленнымі і свабоднымі.

Пасля ваеннага перавароту людзі выйшлі на вуліцы, і вайскоўцы пачалі жорстка падаўляць выступленні прыхільнікаў дэмакратыі, актывістаў і журналістаў.

Аун Сан Су Чжы прысудзілі да 33 гадоў пазбаўлення волі па 19 абвінавачаннях, у тым ліку ў карупцыі і парушэнні выбарчага заканадаўства. Яна катэгарычна адхіляла ўсе абвінавачанні, называючы іх абсурднымі, а яе прыхільнікі абвінавачвалі новыя ўлады краіны ў сфабрыкаванні спраў супраць палітыка, каб выключыць яе ўдзел у палітычным жыцці краіны.

У 2023 годзе прысуд былой лідарцы М'янмы быў змякчаны: тэрмін скарацілі да 27 гадоў пазбаўлення волі, а ў красавіку гэтага года ўлады краіны заявілі, што яна пераведзеная пад хатні арышт.

Увесь час пасля вынясення прысуду нічога не было вядома пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя Аун Сан Су Чжы.

Ваенны кіраўнік М'янмы Мін Аун Хлайн імкнецца вывесці свой рэжым з міжнароднай ізаляцыі. За апошнія месяцы ён здзейсніў шэраг афіцыйных візітаў у суседнія краіны.

Дазвол Аун Сан Су Чжы сустрэцца з прадстаўнікамі міжнароднай арганізацыі, верагодна, таксама абумоўлены жаданнем вывесці краіну з дыпламатычнай ізаляцыі. Раней, пасля паведамленняў пра перавод Аун Сан Су Чжы пад хатні арышт, эксперты казалі, што, магчыма, улады М'янмы рыхтуюцца да далейшых зменаў у яе статусе, у тым ліку да вызвалення.

На думку карэспандэнта Бі-бі-сі, публікацыя матэрыялаў пра сустрэчу прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа з былой лідаркай М'янмы можа сведчыць пра тое, што ваенная хунта сапраўды гатовая ў найбліжэйшы час задаволіць адно з патрабаванняў міжнароднай супольнасці — вызваліць Аун Сан Су Чжы.

Сярод іншых патрабаванняў да ўрада М'янмы — спыненне бамбардзіровак раёнаў, якія кантралююцца апазіцыяй, і пачатак перамоў аб спыненні грамадзянскай вайны.

Аун Сан Су Чжы прыйшла да ўлады ў 2015 годзе пасля таго, як папярэднія кіраўнікі М'янмы правялі дэмакратычныя рэформы. Яна набыла вядомасць як актывістка і змагарка за дэмакратыю яшчэ пры папярэднім ваенным рэжыме, правёўшы больш за 15 гадоў пад хатнім арыштам. Яна па-ранейшаму карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод будысцкай большасці насельніцтва М'янмы.

Аднак у свеце яе рэпутацыя была значна падарваная з-за жорсткага абыходжання з прадстаўнікамі мусульманскай народнасці рахінджа.

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам26

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўнік МЗС Літвы: Пакуль Беларусь дапамагае Расіі, падставаў для скасавання санкцыяў няма7

Называлі «петушарамі», збілі нагамі ў прыбіральні. Удзельнік разагнанага фестывалю пад Расонамі расказаў, як гэта было17

Жыхара Смаленска пакаралі за каментары пра неабходнасць далучэння горада да Беларусі27

Прынцэса Даніі пачала служыць у арміі3

Украіна ўпершыню нанесла ўдар па складзе прадуктаў адной з найбуйнейшых у Расіі сетак супермаркетаў18

Называўся супрацоўнікам КДБ і не толькі. Затрымалі супрацоўніка крамы алкаголю, які браў хабар як сілавік

Беларус пешкі ідзе 3000 кіламетраў з Варшавы да Іспаніі — гатовы ночыць у лесе і мыцца ў рэчцы9

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны2

У Беларусі ўжо +30°C1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам26

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць