Усяго патроху44

Інтэрнэт-шопінг стаў новым спосабам барацьбы са стрэсам для пакалення Z. Прычым задавальненне часта прыносіць сам працэс, а не пакупка

У інтэрнэце набіраюць папулярнасць так званыя «дафамінавыя сайты» — платформы, дзе можна выбраць тавары, скласці іх у кошык або «замовіць» ежу, але ніколі не завяршыць пакупку. Псіхолагі лічаць, што сакрэт іх прывабнасці хаваецца ў тым, як чалавечы мозг успрымае чаканне ўзнагароды.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Bongkarn Thanyakij / Vecteezy

Выданне Psychology Today звяртае ўвагу на новы інтэрнэт-трэнд, які ўзнік у Паўднёвай Карэі і ўжо зацікавіў псіхолагаў. Гаворка ідзе пра так званыя «дафамінавыя сайты» (dopamine sites), што імітуюць інтэрнэт-пакупкі, заказ ежы або іншыя звыклыя рытуалы, але не дазваляюць давесці іх да канца.

Гэтыя сайты амаль не адрозніваюцца ад сапраўдных інтэрнэт-крам або сэрвісаў дастаўкі. На адным з самых вядомых — FoodNeverComes — можна вывучаць меню, чытаць водгукі, складаць стравы ў кошык і нават назіраць на карце, як віртуальны кур'ер нібыта вязе заказ. Аднак аформіць яго немагчыма.

Некаторыя платформы ідуць яшчэ далей. Пасля таго як карыстальнік адмаўляецца ад «пакупкі», яны паведамляюць, колькі грошай або калорый яму ўдалося зэканоміць. Так чалавек адразу атрымлівае своеасаблівую ўзнагароду за тое, што нічога не купіў.

Скрыншот вэб-сайта, які выглядае як дадатак для замовы і дастаўкі ежы. Фота: koreatimes.co.kr

Існуюць і іншыя варыянты падобных сэрвісаў. Адзін з іх названы ў гонар карэйскага слэнгавага слова, якое азначае перакур. Пасля націску кнопкі «Пачаць» карыстальнік бачыць, хто яшчэ зараз знаходзіцца на сайце. Узнікае адчуванне сумеснага перапынку з іншымі людзьмі — толькі без цыгарэт. Размовы амаль не адбываюцца — галоўнае, што ствараецца адчуванне, нібыта ты не адзін.

Паводле The Korea Times, такія сайты сталі асабліва папулярнымі сярод маладых жыхароў Паўднёвай Карэі, якія сутыкаюцца з ростам кошту жыцця і пастаянным ціскам спажывецкай культуры. Для адных гэта спосаб пазбегнуць імпульсіўных пакупак або начных заказаў ежы, для іншых — магчымасць хоць ненадоўга адчуць сябе менш самотнымі.

Чаму гэта працуе

Псіхолагі нагадваюць, што дафамін часта памылкова называюць «гармонам задавальнення». Насамрэч ён у значнай ступені звязаны з чаканнем узнагароды, матывацыяй і прадчуваннем прыемных падзей.

Менавіта таму чаканне адпачынку, доўгачаканай пакупкі або смачнай вячэры часам прыносіць не менш задавальнення, чым сама падзея. Мозг пастаянна мадэлюе магчымыя сцэнарыі будучыні, уяўляючы, як чалавек будзе сябе адчуваць пасля дасягнення мэты. Гэтыя ўяўленні могуць выклікаць сапраўдныя эмоцыі, нават калі нічога ў рэальнасці не адбываецца.

На думку аўтара артыкула, прагляд меню без заказу або выбар тавараў без пакупкі — яшчэ адзін прыклад таго, як чалавек атрымлівае эмацыянальны вопыт дзякуючы ўяўленню.

Скрыншот вэб-сайта, які стварае ілюзію сумеснага перакуру. Фота: koreatimes.co.kr

Падобныя механізмы людзі выкарыстоўваюць даўно. Мы чытаем раманы, якія пераносяць нас у іншыя месцы, захапляемся кулінарнымі шоу, гуляем у сімулятары, фантазіруем пра будучыню. Усё гэта дазваляе перажываць эмоцыі, не здзяйсняючы адпаведных дзеянняў у рэальным жыцці.

Калі віртуальны рытуал замяняе сапраўдны

Як пішацца ў артыкуле, інтэрнэт-пакупкі, заказ ежы або нават перапынак на перакур — гэта не толькі практычныя дзеянні, але і своеасаблівыя рытуалы. Яны ствараюць адчуванне прадказальнасці, кантролю і дазваляюць ненадоўга адпачыць ад штодзённага стрэсу.

У віртуальнай прасторы гэтыя рытуалы можна прайграць без рэальных наступстваў. Напрыклад, сумесны «перакур» у анлайн-пакоі можа даць чалавеку адчуванне прысутнасці іншых людзей і крыху аслабіць самоту. Паводле даследаванняў, мозг здольны ўспрымаць людзей у лічбавым асяроддзі як рэальных, што падтрымлівае эмпатыю і пачуццё сацыяльнай сувязі.

Аднак спецыялісты заклікаюць не лічыць «дафамінавыя сайты» універсальным рашэннем. Для некаторых людзей яны сапраўды могуць стаць бяспечнай заменай імпульсіўным пакупкам або іншым непажаданым паводзінам. Але калі віртуальныя рытуалы пачынаюць выцясняць рэальнае жыццё або толькі ўзмацняюць адчуванне таго, што чалавек не можа дазволіць сабе жаданае, карысці ад іх можа быць менш, чым здаецца.

Ці стануць «дафамінавыя сайты» такімі ж папулярнымі за межамі Паўднёвай Карэі, пакуль невядома. Аднак, як адзначае выданне, гэты феномен ужо паказаў, што значная частка задавальнення ад пакупак звязаная не з самім валоданнем рэччу, а з эмоцыямі, якія чалавек перажывае яшчэ на этапе чакання і ўяўлення. Разуменне гэтага механізму можа дапамагчы больш свядома ставіцца як да сваіх пакупак, так і да таго, на што мы трацім час і грошы.

Каментары4

  • У нас с сервисами не запариваются ...
    07.08.2026
    и просто идут на барахолку (колупать людям мозг).
  • ali
    07.08.2026
    я так часам на olx завісаю. выбіраю розная тавары, параўнозваю. нешта нават закідваю ў "абранае", але так і не купляю :)
  • не только виртуально
    07.08.2026
    они реально заказывают 30 одежек, идут их все примерять в пункт выдачи заказа ВБ, занимают кабинку на час, фотографируют себя в новых одежках(от этого больше удовольствия, чем от одежек в виртуальной корзине), и все шлют назад

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін стаў пазбягаць паездак у рэгіёны ў еўрапейскай частцы Расіі, куды рэгулярна далятаюць дроны1

Канапацкая апублікавала фота з цэнтра Варшавы23

Што такое тэорыя няправільнага абутку?4

Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ўхіляцца ад войска за грошы

Пяць ахоўнікаў прыкрывалі Лукашэнку, пакуль ён фатаграфаваўся з вясковай сям'ёй16

Бабарыка расказаў, з якім праектам вяртаецца ў палітыку28

Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома8

Беларускаму актывісту, які жыве ва Украіне, забаранілі ўезд у Польшчу на 10 гадоў27

Сузаснавальнік бюро Zrobim architects, які жыве ў ЗША, прадае сваю долю ў бізнэсе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»23

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць