Пад Варонежам беларус зайшоў у чужую кватэру, абвясціў аб правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі і забраў грошы
Рэцыдывіст Васіль Карлашоў запэўніваў, што ўжо на наступны дзень раскаяўся і хацеў вярнуць грошы, але неяк не атрымалася.
Ураджэнца Беларусі Васіля Карлашова судзілі ў Варонежскай вобласці за махлярства, але абмежаваліся ўмоўным тэрмінам.
У жніўні 2024 года Карлашоў дапамог незнаёмаму маладому чалавеку адкрыць кран з вадой у здымнай кватэры ў сяле Новая Усмань — гэта найбуйнейшае сяло Расіі, яно знаходзіцца ў Варонежскай вобласці і ў ім жыве больш за 36 тысяч чалавек.
У размове высветлілася, што той прыехаў з іншага рэгіёна і здымае жыллё пасутачна. Менавіта тады беларус прыдумаў схему, як завалодаць грашыма новага знаёмага.
Праз два дні ён прыйшоў да маладога чалавека, які на той час ужо пераехаў у іншую кватэру на 10‑м паверсе таго ж дома. Карлашоў прадставіўся супрацоўнікам Федэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкаў, заявіў, што ў Варонежы дзейнічае рэжым контртэрарыстычнай аперацыі і прыезджы абавязаны быў зарэгістравацца на працягу сутак, чаго не зрабіў. Каб «пазбегнуць адказнасці», ён прапанаваў дамовіцца прыкладна на $150. Напалоханы мужчына перавёў грошы праз дадатак банка.
Беларус сцвярджаў, што на наступны дзень вярнуўся да ахвяры, каб аддаць грошы назад, аднак дзверы яму не адчынілі — пацярпелы ўжо пазваніў у паліцыю. Даведаўшыся, што яго шукаюць, Карлашоў сам прыйшоў у аддзяленне, напісаў яўку з павіннай і поўнасцю прызнаў віну.
У Карлашова былі крымінальныя прыгоды і раней. У сярэдзіне 2010‑х яго судзілі па наркатычным артыкуле ў Курскай вобласці Расіі. Далі шэсць гадоў. Ён папрасіў экстрадыцыю і даседжваў тэрмін у калоніі №8 у Оршы. Мяркуючы па тым, што ў Беларусі ён трапіў у калонію для рэцыдывістаў, то і на радзіме гэта быў не першы яго залёт.
Аднак цяпер расійскі суд паставіўся да Карлашова лагодна — улічыў поўнае прызнанне віны і тое, што ён вярнуў грошы. Дый пацярпелы прэтэнзій да яго не меў. Беларусу далі 1 год і 8 месяцаў умоўна.
Каментары