Мова

Вяртанне Кашча, адмена русалак, наўе з Полацка, копша і вегелмоф. Што прапануе першы беларускі дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі

Пераклад фантастычнай літаратуры і камп'ютарных гульняў на беларускую мову доўгі час заставаўся хаатычным полем. З 1999 года, калі з'явілася першая беларускамоўная гульня «Mensk», лакалізатары часцей за ўсё працавалі ізалявана, ігнаруючы досвед папярэднікаў. У выніку фэнтэзі па-беларуску аказалася засмечана калькамі з рускага геймерскага жаргону і штучнымі наватворамі.

Сучасны погляд на класічныя прыгоды: героі Dungeons & Dragons у баі з цмокамі. Вокладка «Player's Handbook» (2024). Ілюстрацыя: Tyler Jacobson / Wizards of the Coast

Каб разарваць гэтае кола, група энтузіястаў стварыла «Дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі». Аўтары паставілі перад сабой задачу выпрацаваць адзіную тэрміналагічную сістэму, абапіраючыся не на рускія або польскія пераклады, а на аўтэнтычныя крыніцы — лексіку часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (Гістарычны слоўнік беларускай мовы), айчынны фальклор, дыялектныя слоўнікі і творы класікаў.

У жніўні 2026 года праект атрымаў фундаментальнае абнаўленне (версія 0.4). Распрацоўшчыкі завяршылі маштабны раздзел «Бестыярый», прысвечаны класіфікацыі міфалагічных істот, а таксама кардынальна перапісалі тлумачэнні пра паўсталых з мёртвых і дадалі вялізны аналітычны дадатак па праблеме перакладу dwarves і gnomes. 

Дружыны прыгоднікаў

Любая ролевая гульня (RPG) пачынаецца з базы. У англамоўнай традыцыі, у тым ліку ў Dungeons & Dragons, персанажы гульцоў — гэта шукальнікі прыгод (adventurer), якія аб'ядноўваюцца ў групу (party).

У беларускім ролевым асяроддзі рускае слова приключенец шырока вядома яшчэ з пачатку 2000-х. Акрамя натуральнага шукальніка прыгод, аўтары дапаможніка знайшлі дакладны, арганічны і ўжо існуючы адпаведнік — прыгоднік. Гэтае слова сустракаецца ў мове беларускіх паваенных эмігрантаў — Янкі Юхнаўца, Зоры Кіпель, Ларысы Геніюш, Кастуся Акулы, а таксама ў літаратурны часопісах, і ўжо трапіла ў граматычную базу Інстытута мовазнаўства.

У сваю чаргу для англійскага слова party ў кантэксце сярэднявечнага ці фэнтэзійнага свету найлепшымі адпаведнікамі прызнаны словы дружына або звяз. Гістарычны тэрмін «дружына» ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы азначае не толькі войска князя, але і добраахвотнае аб'яднанне людзей, створанае з пэўнай мэтай, што ідэальна кладзецца на логіку ролевых гульняў.

Ігральныя косці (dice), якія выкарыстоўвае D&D. Фота: runicdice.com 

Перагледзець давялося і пераклад галоўнага інструмента гульцоў — dice. У сучасным маўленні замацаваліся словы «кубікі» і нават экзатычнае «цыркі». Апошняе прыйшло з «Беларуска-рускага слоўніка» 1925 года, дзе азначала надкапытную костку каня (бабку), якой гулялі ў народную гульню. Аднак D&D выкарыстоўвае не толькі класічныя кубы (к6), але і шматграннікі: тэтраэдры, ікасаэдры і дадэкаэдры. Называць дваццаціграннік «кубікам» не зусім правільна, таму адзіны дакладны тэрмін, які ахоплівае ўсе формы — ігральныя косці.

Акрамя таго ўдакладнення патрабавалі і многія абстрактныя характарыстыкі персанажаў. Так, распаўсюджаны D&D-тэрмін proficiency (у рускім перакладзе «мастерство» або «владение») беларускія аўтары прапануюць перакладаць як спрактыкаванасць — здольнасць і вопыт у пэўнай галіне, што ліквідуе блытаніну з валоданнем маёмасцю. 

А псіхалагічны тэрмін bonds, які паказвае эмацыйную повязь персанажа з пэўнымі ідэямі ці людзьмі, лакалізуецца як прывязанасці. Пры гэтым даследчыкі свядома адмовіліся ад прамога слоўнікавага адпаведніка «вузы». Нягледзячы на тое, што гэтае слова добра перадае двайны сэнс паняцця (тое, што адначасова звязвае і абмяжоўвае), у беларускай мове яно практычна ніколі не ўжываецца самастойна. 

Чаму магія па-беларуску — гэта не так проста

У адрозненне ад зброі ці даспехаў, якія маюць рэальныя гістарычныя прататыпы, магічная тэрміналогія ў фэнтэзі-гульнях пазбаўлена ўзгодненасці і традыцыйнасці. Гэта дазваляе ствараць тэрмінасістэму з нуля, кіруючыся выключна логікай беларускага словаўтварэння. Галоўнай праблемай пры перакладзе магічных сістэм з'яўляецца пошук дакладнага адпаведніка для базавага англійскага назоўніка spell.

Чараўнік (sorcerer). Фота: thenerdd.com 

Англійскае слова spell паходзіць ад праіндаеўрапейскага кораня *(s)pel- (‘to tell’ — гаварыць). Абапіраючыся на гэта, слоўнікі часта прапануюць пераклад «замова» (ад слова «мовіць»). У традыцыйным сэнсе замова — гэта магічныя словы, надзеленыя чароўнай сілай. Аднак выкарыстанне гэтага тэрміна ў ролевых гульнях кшталту Dungeons & Dragons ці відэагульнях абсалютна некарэктнае.

У гульнявых механіках spell найчасцей абазначае не вербальнае (слоўнае) заклінанне, а любы магічны эфект. Многія чары (напрыклад, Hypnotism — гіпнатычны позірк, Wraithform — паўматэрыяльнасць, Invisibility to Animals — нябачнасць для жывёл) наогул не патрабуюць вымаўлення магічнай формулы. Адпаведна, тэрмін «замова» падыходзіць выключна для абазначэння вербальнага складніка чарадзейства (verbal component), але не самога магічнага акта.

Другі папулярны блок тэрмінаў утвараецца ад кораня -кля- (закляцце, заклён, заклінанне). Аднак гэтыя словы этымалагічна звязаныя з «клятвай», якая заўсёды прамаўляецца ўголас, што зноў вяртае да праблемы абавязковага вербальнага кампанента. Акрамя таго, «закляцці» ў беларускай міфалогіі часцей асацыююцца са шкоднаснай сілай або пастаянным (доўгатрывалым) магічным эфектам.

Зыходзячы з гэтага, аўтары дапаможніка прапануюць наступнае размежаванне, якое гістарычна супадае з тэрміналогіяй калекцыйнай картачнай гульні Magic: The Gathering (1993):

  • Ча́ры (spell) і чарава́ць / зачарава́ць (cast a spell) — выкарыстоўваюцца для магічных эфектаў, якія з'яўляюцца імгненнымі або абмежаванымі ў часе (знікаюць самі па сабе).
  • Заклён / закля́цце (enchantment) і заклясці / закліна́ць (enchant) — выкарыстоўваюцца для пастаянных, доўгатрывалых магічных эфектаў, якія надзяляюць аб'ект новымі ўласцівасцямі або ілюзіямі на нявызначаны тэрмін.
  • Праклён / пракля́цце (curse) — выключна златворны магічны эфект.
Святарка (cleric). Фота: aidedd.org 

Працэс чарадзейства (to cast a spell) патрабуе дакладнага выкарыстання дзеясловаў. Дапушчальнымі і натуральнымі для беларускай мовы з'яўляюцца формы начараваць (напрыклад, вогненны шар), наслаць / насылаць чарынапусціць / напускаць на кагосьці.

Пры гэтым папулярны выраз «накласці чары» з'яўляецца пазнейшай (пасля 1990‑х гадоў) калькай з рускай мовы (наложить проклятие / заклятие) і не рэкамендуецца да ўжывання.

Для дзеяння, адваротнага чараванню (dispel magic — рассейванне магіі), знойдзены ідэальны марфалагічны адпаведнік. Паколькі англійскае слова ўтворана па мадэлі di- + spell, беларускі аналаг утвараецца па тоеснай схеме — адчараваць (ад— + чараваць). 

Заклікальнік (evoker, invoker). Фота: dndbeyond.com 

У англамоўных ролевых сістэмах карыстальнікі магіі маюць выразную градацыю, якую часта губляюць пры перакладах. Беларускі дапаможнік прапануе наступны падзел:

  1. Маг (wizard, mage, magician) — навуковец, які атрымлівае сілу выключна праз вывучэнне таемных ведаў, практыку і чытанне магічных кніг (грымуараў).
  2. Чараўні́к (sorcerer) — носьбіт магіі, дараванай яму ад нараджэння праз экзатычны радавод або ўплыў невядомых сіл. Гэтай магіі немагчыма навучыцца, яна сама выбірае носьбіта.
  3. Вядзьма́р / вядзьма́рка (warlock / witch) — той, хто атрымлівае сілу праз заключэнне дагавора (пакта) з магутнай іншасветнай істотай (патронам).
  4. Свята́р (cleric) — той, каму сілу дорыць божышча. Слова, дарэчы, прыдуманае Вацлавам Ластоўскім. Для абазначэння жрацоў Цёмных Сіл (dark cleric, evil priest) даследчыкі прапануюць выкарыстоўваць рэдкае, але трапнае эмігранцкае слова цямна́р — у 1950 годзе Антон Адамовіч пад крыптанімам С. Хізма выдаў брашуру «Каля «сьвятароў» і «цемнароў».
  5. Закліка́льнік (evoker, invoker) — прадстаўнік школы Заклікання, які здольны маніпуляваць энергіямі і ствараць нешта з нічога, напрыклад, магічныя стралы ці маланкі.

Матэрыяльным носьбітам чараў у гульнях часцей за ўсё выступае spell scroll. У беларускіх перакладах гэтае слова часта памылкова перадаюць як «сувой». Аднак тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы не фіксуюць у слова «сувой» значэння 'прадмет, скручаны трубкай, або рукапіс у выглядзе стужкі'. Адзіна правільнымі варыянтамі з'яўляюцца скрутак з чарамі або архаізм звітак з чарамі.

Уніфікацыя закранула і назвы магічных школ. Напрыклад, школа Abjuration (ахоўныя чары, стварэнне магічных бар'ераў, выгнанне сутнасцяў) не можа перакладацца лацінізмам «аб'юрацыя» ці калькай «адкляцце». Грунтуючыся на сутнасці дзеянняў гэтай школы, яна атрымала назву Засцераганне, а яе адэпты — засцерагальнікі.

Вяшчунка. Фота: nerdarchy.com 

Школа Divination, чые адэпты даведваюцца сакрэты, чытаюць думкі і прадказваюць будучыню, не можа называцца «Варажбой». У беларускай гістарычнай і літаратурнай традыцыі «варажыць» азначае выключна прадказанне будучага ці мінулага. Таму для гэтай школы зацверджаны тэрмін Вяшчунства, які ахоплівае атрыманне любых патаемных ведаў самымі рознымі спосабамі, а адэпты называюцца вешчунамі.

Арсеналы Вялікага Княства Літоўскага для беларускамоўнага фэнтэзі 

Адной з самых распаўсюджаных праблем пры лакалізацыі ролевых гульняў з'яўляецца адаптацыя назваў халоднай зброі. Калі раннія рэдакцыі Dungeons & Dragons яшчэ абапіраліся на рэальную еўрапейскую гісторыю, то сучасныя версіі сістэмы пайшлі шляхам максімальнага спрашчэння, звёўшы багаты арсенал да ўмоўных «доўгіх мячоў» і «баявых сякер».

Каб пазбегнуць выкарыстання штучных фэнтэзійных неалагізмаў, аўтары беларускага дапаможніка звярнуліся да рэальнай матэрыяльнай культуры Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVII стагоддзяў. Базай для тэрміналагічнай сістэмы сталі навуковыя працы айчынных гісторыкаў-медыявістаў Юрыя Бохана і Мікалая Плавінскага.

Многія віды зброі, якія сучасныя гульцы лічаць выключна фэнтэзійнымі, мелі дакладныя гістарычныя аналагі і ўласныя назвы на нашых землях.

Фэнтэзійны клявец (war pick). Фота: the-griffons-saddlebag.tumblr.com 

Англійскі тэрмін war pick часта памылкова перакладаюць як разнавіднасць баявога молата. Насамрэч гэта клявец — ударная зброя, галоўным элементам якой быў не абух, а загнутая ўніз завостраная дзюба. Менавіта гэтая дзюба дазваляла прабіваць пласціністы даспех і рабіла клявец надзвычай эфектыўным сродкам барацьбы з цяжкай кавалерыяй у войску ВКЛ.

Дрэўкавая зброя glaive, якая ўяўляла сабой вялікі аднабаковы нож на доўгім дзяржанні, дакладна лакалізуецца гістарычным тэрмінам глевія. У сваю чаргу fauchard — зброя, што паходзіць ад звычайнай сельскагаспадарчай прылады — атрымлівае натуральную беларускую назву баявая каса, а воін, які ёй валодае — касінер.

Паказальнай з'яўляецца і сітуацыя з перакладам слова falchion. У савецкай і сучаснай беларускай лексікаграфіі тлумачэнне слова цясак было бяздумна скапіявана з рускіх слоўнікаў Ушакова ды Ожагава, дзе ён апісваецца як зброя з «шырокім двухбаковавострым клінком». Аднак гісторык Юрый Бохан у сваіх даследаваннях зброі ВКЛ дакладна вызначае цесакі як адналязовую зброю, што поўнасцю адпавядае канструкцыі еўрапейскага фальшыёна.

Цёмны эльф Дрызт Да’урдэн са сваімі знакамітымі крывымі шаблямі. Фота: Wizards of the Coast

Асобны крытычны разбор у дапаможніку прысвечаны тэрміну scimitar (абагульненая назва розных відаў усходніх шабель — шамшыра, кіліча, тальвара), які ў фэнтэзі найбольш вядомы як улюбёная зброя цёмнага эльфа Дрызта Да’урдэна.

У беларускае ролевае асяроддзе гэтая назва трапіла ў форме «скімітар» ізноў як калька з рускай мовы. У рускай жа інфармацыйнай прасторы яна фіксуецца канцом 1990‑х — пачаткам 2000‑х гадоў у тэкстах гульнявых часопісаў (такіх як «Навигатор игрового мира»), дзе непісьменныя перакладчыкі проста транслітаравалі англійскае слова па літарах. Між тым гэтая назва, якая паходзіць ад італьянскага scimitarra, ва ўсіх еўрапейскіх мовах чытаецца без гуку [к] — сімітар. У якасці раўнацэннай альтэрнатывы прапануецца выкарыстоўваць гістарычны тэрмін крывая шабля (па аналогіі з нямецкім Krummsäbel), тым больш што такое словазлучэнне шырока выкарыстоўваецца як у беларускай мастацкай, так і ў навуковай літаратуры.

Значная блытаніна прысутнічае ў перакладзе колючай дрэўкавай зброі (spear, lance, javelin, pike). У сучаснай беларускай масавай культуры слова spear часта перакладаюць як «дзіда». Укладальнікі дапаможніка даказваюць памылковасць такога падыходу.

Слова «дзіда» ў беларускіх дыялектах мае занадта шырокі і размыты спектр значэнняў: ад «палкі з завостраным канцом» і «калючкі на кусце» да «крывой хвоі». Недакладнасць тэрміна пацвярджаецца і гісторыяй слоўнікаў: у 1928 годзе Некрашэвіч і Байкоў падавалі «дзіду» нават у якасці сіноніма да слова «рапіра». У сучаснай літаратурнай норме «дзіда» з'яўляецца хутчэй адпаведнікам уланскай пікі (pike).

Зыходзячы з гэтага, для базавага англійскага spear зацверджаны адзіны дакладны тэрмін — кап'ё (а воін, адпаведна — капійнік). Гэтае слова і яго вытворныя актыўна ўжываліся ў старабеларускіх помніках.

Для іншых відаў дрэўкавай зброі прапанавана наступны гістарычныя тэрміны:

  • Lance (цяжкая зброя рыцарскай кавалерыі) — тараннае кап'ё.
  • Javelin (лёгкая кідальная зброя пяхоты) — суліца або вошчап. Апошні тэрмін масава фіксуецца ў дакументах ВКЛ XVI стагоддзя, а суліцы з'яўляліся тыповай зброяй яшчэ падчас Грунвальдскай бітвы 1410 года.

Расавыя пытанні

Сучасная заходняя індустрыя ролевых гульняў перажывае працэс глабальнага перагляду базавай тэрміналогіі з прычыны так званай «новай этыкі». Аўтары беларускага дапаможніка прааналізавалі гэтыя тэндэнцыі і прапанавалі ўласныя рашэнні, якія абапіраюцца на законы беларускай мовы, а не на механічнае капіяванне заходняй паліткарэктнасці.

У 2024 годзе выдаўцы Dungeons & Dragons афіцыйна адмовіліся ад выкарыстання слова race (раса) на карысць біялагічнага тэрміна species (від). Аналагічныя працэсы адбыліся ў сістэмах Pathfinder (пераход на heritage — спадчына) і Forbidden Lands (kin — род). Гэта звязана з негатыўнымі канатацыямі слова «раса» ў амерыканскім і заходнееўрапейскім грамадствах.

Розныя расы ў Dungeons & Dragons

Беларускія даследчыкі адзначаюць, што ў айчыннай лінгвістычнай традыцыі слова «раса» (як і слова «негр») з'яўляецца нейтральным і не мае шавіністычнай ці зневажальнай афарбоўкі, што пацвярджаецца Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы (2022).

Разам з тым, прымяненне біялагічнага тэрміна «від» ці «парода» ў дачыненні да разумных істот (эльфаў, оркаў), якія маюць уласную культуру, дзяржавы і сацыяльную арганізацыю, з'яўляецца этычна некарэктным.

Для абагульнення ўсіх падобных істот (гуманоідаў) дапаможнік уводзіць у абарот тэрмін чалавекападобнікі, адмаўляючыся ад навукападобнага лацінізма.

Асобнай праблемай з'яўляецца ўтварэнне назваў жаночых прадстаўніц фэнтэзійных народаў. У сучасных тэкстах, перакладзеных праз рускую мову-пасярэдніцу, часта сустракаюцца формы на -іха (напрыклад, траліха).

Арчанка ў відэагульні Baldur's Gate 3. Скрыншот геймплэя

У беларускай мове такі суфікс традыцыйна абазначае альбо самку звера (ваўчыха, зайчыха), альбо жонку (кавалёва жонка — каваліха). Называць жанчыну-троля «траліхай» некарэктна. Згодна з правіламі ўтварэння назваў народнасцей (беларус — беларуска, паляк — полька), правільнай формай з'яўляецца тролька.

Падобная логіка дзейнічае і для оркаў. Палітычна-нейтральнай літаратурнай формай прызнана арчанка (па аналогіі з турак — турчанка), у той час як арчыха застаецца грубай, абразліва-бытавой формай.

Эльфіца ў відэагульні Dragon Age: The Veilguard. Скрыншот геймплэя

Цікава, што давялося перагледзець нават словы «эльфійскі» і вытворная ад яго «эльфійка», якім з першага погляду не выклікаюць ніякіх пытанняў. Аднак гэта чарговыя русізмы, якія парушаюць законы беларускага словаўтварэння. Суфікс -ійск- утвараецца выключна ад уласных геаграфічных назваў, якія заканчваюцца на -ія (Расія — расійскі, Балівія — балівійскі, Дэльфы — дэльфійскі). Паколькі мясцовасці «Эльфія» не існуе, з'яўленне прыметніка «эльфійскі» і заснаванага на гэтым жа корані фемінітыву «эльфійка» немагчымае. Адзіна правільнымі формамі, на думку аўтараў даведніка, для жанчыны-эльфа з'яўляюцца эльфіца або эльфка, а для прыметніка — эльфаўскі або эльфскі.

Гномы (gnome) у відэагульні World of Warcraft. Фота: warcraft.wiki.gg 

Але куды большай праблемай для ўсіх славянскіх лакалізатараў з’яўляецца раздзяленне істот dwarves і gnomes. Гістарычна ў міфалогіі гномы — гэта духі зямлі, як іх вызначаў алхімік Парацэльс.

Іх вобраз як каржакаватых барадатых майстроў і кавалёў быў папулярызаваны Дж. Р. Р. Толкінам. Аднак праблема ў тым, што ў ролевых сістэмах кшталту D&D гэтыя дзве назвы абазначаюць розныя расы.

Выкарыстанне прамых англіцызмаў (дварф / дворф) прызнана непрымальным, паколькі слоў на -рф у беларускай мове практычна няма (верф, торф, шурф — і ўсе яны не англіцызмы). Транслітарацыя з іншых моў (цверг, двэрг) таксама не прыжылася.

Даследчыкі адхілілі такія варыянты як хохлік, бо гістарычна гэта агульная назва для хатніх нячысцікаў і дэманаў (дамавікоў, лазнікаў), кладнік ці кладавік, якія асацыюецца са злымі духамі і чыя этымалогія незразумелая, красналюдак, бо гэта відавочны паланізм, хоць і фіксуецца ў некаторых дыялектах, а таксама вох (ох) — з-за нізкай пазнавальнасці. 

Карлы (dwarf) у сусвеце Warhammer. Фота: warhammer-community.com 

У выніку аўтары прыйшлі да кампраміснага рашэння. Англійскае слова gnome вырашылі перакладаць выключна як гном (з памяншальнай формай гно́мік). Для абазначэння dwarf у кантэксце класічнага фэнтэзі зацверджана слова ка́рла і ка́рліца (з памяншальнай формай ка́рлік).

У якасці альтэрнатывы для тэхнафэнтэзі і навуковай фантастыкі дапаможнік рэанімуе забытае слова з літаратуры 1920‑х гадоў — кару́злік. Гэты тэрмін ідэальна апісвае невысокага, каржакаватага і сварлівага чалавечка, напрыклад, ён прапануецца для перакладу squats з сусвету Warhammer 40k, вяртаючы ў абарот яшчэ адно аўтэнтычнае беларускае слоўца.

Рэабілітацыя Кашчэя

Найбольш маштабная рэвізія закранула пераклад класічнага бестыярыя, і ў прыватнасці — тэрміналогію, звязаную з істотамі, якія паўсталі з мёртвых (undead). Механічны перанос рускага адпаведніка «нежить» стварае ў беларускім тэксце грубую моўную памылку.

У беларускай (як і ва ўкраінскай) мове словы «нежыць» і «нежыт» гістарычна абазначаюць выключна хваробу, часцей за ўсё — звычайны насмарк.

Спроба выкарыстоўваць словазлучэнні накшталт «жывыя мерцвякі» непазбежна прыводзіць у тупік, калі перакладчык сутыкаецца яшчэ і з англійскім паняццем living dead.

Наўе (undead). Фота: foefoundry.com

Аўтары дапаможніка прапануюць звярнуцца да усходнеславянскай традыцыі і выкарыстоўваць зборны назоўнік ніякага роду наўе (і прыметнік наўскі).

Гэтая лексема мае прамыя карані ў мясцовых пахавальных абрадах — напрыклад, традыцыйны дзень памінання тых, хто памёр ненатуральнай смерцю, дагэтуль называецца Наўскі Вялікдзень.

Містычная пагроза, звязаная з гэтым словам, афіцыйна зафіксавана яшчэ ў «Аповесці мінулых часоў»: апісваючы эпідэмію ў Полацку 1092 года, калі нябачныя дэманы забівалі гараджан, летапісец пазначае, што гэта «навье бьють полочаны».

Бітва з кашчацмокам (dracolich). Фота: Clyde Caldwell / TSR

Добрай знаходкай стала лакалізацыя класічнага монстра lich. У фэнтэзі гэта магутны маг-некрамант, які пасля смерці ператвараецца ў шкілета і хавае сваю душу ў магічным прадмеце (філактэрыі). У большасці еўрапейскіх моў гэтая назва проста транслітаруецца, аднак беларускія даследчыкі заўважылі поўнае супадзенне гэтага архетыпа з фальклорным Кашчом (Кашчэем Бессмяротным). У славянскай міфалогіі Кашч — гэта менавіта несмяротны злы чараўнік у выглядзе шкілета, чыя смерць схаваная ў патаемным месцы.

Таксама слова кашч захоўвае этымалагічную сувязь са словам «косць» і дазваляе ўтвараць натуральныя вытворныя: archlich ператвараецца ў архікашч, а паўсталы з мёртвых цмок dracolich — кашчацмок замест штучнага «дракаліч».

Копша (barrow-wight) у серыяле «Пярсцёнкі ўлады». Кадр з серыяла / Prime Video

Не менш глыбокая праца праведзена з забытымі духамі. Для перакладу толкінаўскага barrow-wight (дух з магільных курганоў) прапанавана слова копша. Гэты выбар грунтуецца на этнаграфічных запісах Паўла Шпілеўскага: копша — злы і помслівы магільны дух, звязаны са словам «капец» (магільны насып, курган).

Непрытомнік (revenant) у сусвеце D&D. Фота: Wizards of the Coast

Іншы еўрапейскі архетып — revenant (мярцвяк, які вяртаецца помсціць або завяршыць справы) — дакладна перадаецца словам непрытомнік, якое зафіксаваў этнограф Мікалай Нікіфароўскі яшчэ ў 1897 годзе ў Віцебскай губерні.

Андэрсен не пісаў пра русалак

Для нас усіх сёння жанчына з рыбіным хвастом (mermaid) гэта русалка. Аднак у славянскай міфалогіі русалкі, вадзяніцы і купалкі маюць звычайныя чалавечыя ногі, што дазваляе ім вадзіць карагоды ў жыце і лазіць па дрэвах.

Марская дзева вярхом нам акуле. Фота: forgottenrealms.fandom.com 

Падмена паняццяў адбылася ў канцы XIX стагоддзя з-за рускага перакладу казкі Ганса Хрысціяна Андэрсэна «Den lille Havfrue» (літаральна — «Маленькая марская дзева»). Расійскія перакладчыкі Ганна і Пётр Ганзены назвалі гераіню «Русалачкай», назаўсёды звязаўшы славянскага міфалагічнага персанажа да вобраза еўрапейскай жанчыны-рыбы.

Беларускія перакладчыкі слепа паўтарылі гэтую памылку. Каб выправіць хібу, дапаможнік прапануе для mermaid і merman гістарычна дакладныя адпаведнікі — марска́я дзе́ва і марскі́ чалаве́к.

Дрэнт (treant). Фота: dndbeyond.com

Некаторыя назвы лакалізатарам давялося прыдумляць самім. У легендарыуме Толкіна дрэвападобныя волаты называліся энтамі, аднак, у 1975 годзе стваральнікі гульні Dungeons & Dragons, каб пазбегнуць судовых пазоваў ад уладальнікаў правоў на спадчыну Толкіна, штучна зляпілі англійскія словы tree (дрэва) і giant (гігант), атрымаўшы treant. Каб захаваць гэтую логіку і гукавое падабенства, беларускія перакладчыкі прапануюць аўтарскі наватвор дрэнт (дрэва + энт).

Расклалі па паліцах і іерархію драконаў. Даследчыкі даводзяць, што ў беларускай мове словы цмок і дракон з'яўляюцца поўнымі сінонімамі і маюць аднолькавы ўзровень эпічнасці, што пацвярджаецца іх раўнацэнным выкарыстаннем у розных беларускіх перакладах біблейскага «Апакаліпсіса».

Пры гэтым меншыя і часцей за ўсё бяскрылыя сваякі цмокаў (drake) прапануюць проста транслітараваць як драк (або як малы цмок).

Двухногі цмок пры пасярэдніцтве Анджэя Сапкоўскага стаў у беларускай мове вівернай. Фота: diceofdragons.com 

Для двухногага цмока wyvern Анджэй Сапкоўскі прыдумаў уласнае viverna для свайго цыкла «Вядзьмар», проста адаптаваўшы англійскі тэрмін пад жаночы род. Дзякуючы нядаўняму беларускаму перакладу «Часу ганьбы» Кацярынай Маціеўскай гэтая форма — віве́рна — з’явілася і ў беларускай мове. Менавіта яе і прапануе дапаможнік.

Змей (wyrm). Фота: dragons.fandom.com

А вось найстарэйшыя і наймагутнейшыя з цмокаў, вядомыя ў англійскай мове як wyrm, атрымліваюць славянскую назву змей — так гістарычна называлі сусветнае зло.

Вельмі цікавы выпадак лакалізацыі монстра behemoth. Па-руску яго звычайна называюць проста «чудище». У сучаснай беларускай мове слова «бегемот» страціла значэнне біблейскай пачвары і асацыюецца выключна з афрыканскім гіпапатамам. Аднак даследчыкі знайшлі выйсце: звярнуўшыся да перакладу Кнігі Іова, зробленага Францыскам Скарынам, яны вярнулі ў абарот слова вегелмоф.

Вегелмоф (behemoth). Фота: forgottenrealms.fandom.com 

Праца ўкладальнікаў «Дапаможніка для перакладчыкаў фэнтэзі» выводзіць праект за межы звычайнага фанацкага гласарыя. Фактычна гэта спроба сістэматызаваць беларускую фэнтэзійную тэрміналогію і пазбавіць яе ад залежнасці ад рускай мовы-пасярэдніцы, праз якую раней адбывалася скажэнне арыгінальных сэнсаў і падмена паняццяў.

Сабраны лінгвістычны матэрыял дэманструе, што беларуская мова мае дастатковы ўласны лексічны апарат для адэкватнай перадачы сусветных фэнтэзі-архетыпаў.

Распрацаваная тэрмінасістэма ўжо цяпер уяўляе сабой гатовую метадалагічную базу не толькі для аматараў ролевых гульняў, але і для прафесійных літаратурных перакладаў і будучых афіцыйных лакалізацый.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале9

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Папа Леў XIV трапіў у спіс самых стыльных людзей свету па версіі вядомага амерыканскага часопіса1

Беларускіх добраахвотнікаў могуць звольніць з украінскага войска, бо яны не могуць аднавіць беларускія пашпарты6

Яшчэ 20 тысяч камер відэаназірання паставяць у дварах Мінска9

Падпольшчыца, якая падклала бомбу пад машыну падпалкоўніка ў Пецярбургу, здолела пакінуць Расію7

Пальчыс: Я супраць дапамогі тым палітвязням, хто ў зняволенні працаваў на адміністрацыю33

Беларускія зубры, якіх узімку прывезлі ў Башкартастан, за тыдзень абраслі доўгай поўсцю

Памёр кароль Нарвегіі Харальд V1

Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў4

Генадзь Бураўкін. Як страціўшы пасаду, зберагчы гонар4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале9

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць