Мужчыны Шапэна. Новае даследаванне расказвае пра асабістае жыццё кампазітара
Польскі кампазітар Фрэдэрык Шапэн кахаў мужчын, пісаў ім любоўныя лісты і прысвячаў музыку. Да такой высновы прыйшоў нямецкі музычны журналіст і піяніст Морыц Вэбер, які вывучыў каля 800 захаваных лістоў, а таксама матэрыялы польскіх і парыжскіх архіваў.

Кніга Морыца Вэбера «Chopins Männer» («Мужчыны Шапэна») выйшла ў ліпені 2026 года ў выдавецтве Schwabe. Вэбер, які больш за пяць гадоў даследуе жыццё і творчасць кампазітара, выкарыстаў у ёй лісты, нататнікі і іншыя архіўныя матэрыялы, у тым ліку раней неапублікаваныя або амаль не заўважаныя даследчыкамі.
Як піша Die Zeit, Вэбер не першы, хто звярнуў увагу на інтымны характар перапіскі Шапэна з мужчынамі. Пра гэтыя лісты вядома з XIX стагоддзя.
Яшчэ нямецкі біёграф Фрыдрых Нікс у 1888 годзе, цытуючы некаторыя пасланні Шапэна, заўважаў: калі б не было вядома, хто аўтар і адрасат, можна было б падумаць, што перад намі лісты каханага да каханай — або наадварот.
Пазней даследчыкі звычайна тлумачылі такую мову асаблівасцямі мужчынскага сяброўства ў эпоху рамантызму. Пры гэтым адносіны Шапэна з жанчынамі, наадварот, часта атрымлівалі рамантычную інтэрпрэтацыю нават пры недахопе сведчанняў.
Так, у біяграфіях замацавалася гісторыя пра нібыта таемныя заручыны кампазітара з 17‑гадовай Марыяй Вадзіньскай. Вэбер лічыць, што падобныя сюжэты ў значнай ступені паходзяць з біяграфічнай традыцыі XIX стагоддзя і пазней амаль не пераглядаліся крытычна. На яго погляд, даследчыкі рамантызавалі адносіны Шапэна з жанчынамі, нават калі крыніцы сведчылі перадусім пра сяброўскую блізкасць.
Вэбер ставіць пад сумнеў і некаторыя іншыя вядомыя сюжэты. Напрыклад, ён не знаходзіць доказаў рамана Шапэна са спявачкай Генрыетай Зонтаг, а адносіны з Жорж Санд інтэрпрэтуе не як звычайную гісторыю кахання мужчыны і жанчыны, а як значна больш складаную сувязь, у якой Санд, на яго думку, у пэўнай ступені выконвала апякунскую, амаль мацярынскую ролю.
У выніку, як даводзіць Вэбер, узнік своеасаблівы двайны стандарт: блізкасць Шапэна з жанчынамі лёгка прымалі за рамантычную, тады як яго прамыя прызнанні ў каханні мужчынам дзесяцігоддзямі тлумачылі сяброўствам.
Трынаццаць мужчын
Асноўныя крыніцы Вэбера — перапіска Шапэна, архіўныя дакументы, прысвячэнні і рукапісы яго твораў. У кнізе аўтар разглядае біяграфіі трынаццаці мужчын з блізкага атачэння кампазітара.
Галоўнае месца займае Тытус Вайцяхоўскі — сябар Шапэна з юнацкіх гадоў, землеўладальнік і ўдзельнік польскага нацыянальнага руху. Пэўны час мужчыны жылі разам. У традыцыйных біяграфіях Вайцяхоўскага звычайна называюць блізкім сябрам кампазітара. На погляд Вэбера, крыніцы сведчаць пра любоўныя адносіны.

Менавіта Вайцяхоўскаму Шапэн пісаў адны з найбольш эмацыйных лістоў. У кастрычніку 1829 года ён прызнаваўся:
«Фартэпіяна я расказваю тое, што часта хацеў бы сказаць табе». І працягваў: «Калі можаш, напішы мне пару радкоў, тады ты зноў зробіш мяне шчаслівым на некалькі тыдняў […] бо я кахаю цябе да вар’яцтва».
У іншым лісце Шапэн пісаў:
«Я пранікаю ў тваю свядомасць, і… давай абдымемся […] Дай яшчэ адзін пацалунак […] Даруй, што я такая свіння, кажучы паміж намі».
Вайцяхоўскі быў і адрасатам музыкі Шапэна. Кампазітар дасылаў яму партытуры, у якіх, як лічыць Вэбер, пакідаў схаваныя любоўныя знакі. Разам з адной з іх Шапэн пісаў:
«Звярні ўвагу на месца, пазначанае +. Пра яго не ведае ніхто, акрамя цябе».
На погляд даследчыка, такія пазнакі сведчаць пра асабісты код паміж Шапэнам і Вайцяхоўскім, які існаваў не толькі ў іх перапісцы, але і ў музыцы.
У лістах да Вайцяхоўскага ёсць і больш адкрытыя эпізоды. У адным з іх Шапэн спачатку падкрэслівае, што піша неапрануты, а потым звяртаецца да сябра:
«Сёння табе прысніцца, што ты мяне цалуеш. Я павінен адплаціць табе за той агідны сон, які ты выклікаў у мяне сёння ўначы».
У іншым пасланні Шапэн піша Вайцяхоўскаму: «Ліст, у якім ты кажаш, што я павінен цябе пацалаваць, я атрымаў». Аўтар звяртае ўвагу на тое, што ў некаторых лістах кампазітар называе Вайцяхоўскага польскім словам «kochanek» — «каханы», «палюбоўнік».
Як даводзіць Вэбер, такіх фрагментаў дастаткова шмат, таму патлумачыць іх выключна прынятай у XIX стагоддзі эмацыйнай мовай мужчынскага сяброўства складана.
Вэбер звяртае ўвагу і на перапіску з Янам Матушыньскім. Захавалася больш за два дзясяткі яго лістоў, у якіх ён неаднаразова выказваў моцную прыхільнасць да кампазітара. Сярод такіх прызнанняў — словы «Шапэн для мяне — усё» і «Шапэн — кветка і водар майго сэрца».
Новае прачытанне біяграфіі, як адзначае аўтар у інтэрв'ю Tagesspiegel, змяняе і ўспрыманне музыкі кампазітара. Даследчык расказвае, што падчас працы над кнігай чаргаваў вывучэнне дакументаў з ігрой на фартэпіяна і нанова адкрываў для сябе знаёмыя творы.
Так, знакаміты эцюд ля-бемоль мажор ён разглядае як своеасаблівы партрэт Антонія Вадзіньскага, да якога, як мяркуе Вэбер, Шапэн таксама меў моцныя пачуцці.
Гомасэксуальнасць у часы Шапэна
Лісты Шапэна да мужчын расказваюць не толькі пра яго пачуцці. Яны таксама паказваюць, у якіх умовах у XIX стагоддзі маглі існаваць аднаполыя адносіны.
У 1830 годзе, калі ў Варшаве пачалося Лістападаўскае паўстанне, Шапэн і Вайцяхоўскі знаходзіліся ў Вене. Неўзабаве іх шляхі разышліся: Вайцяхоўскі вярнуўся ў Польшчу і далучыўся да паўстання, а Шапэн у выніку пераехаў у Парыж, які стаў яго новым домам.

У французскай сталіцы стаўленне да аднаполых адносін было больш ліберальным, чым у многіх іншых частках Еўропы. Пасля Французскай рэвалюцыі добраахвотныя сэксуальныя адносіны паміж дарослымі аднаго полу ў Францыі не былі асобным крымінальным злачынствам. Шапэн, які працягваў сумаваць па Вайцяхоўскім, адначасова захапляўся свабодай парыжскага жыцця.
«Парыж — гэта ўсё, што ты захочаш», — пісаў ён Тытусу.
Сітуацыя ў іншых еўрапейскіх краінах была іншай. Як нагадвае Die Zeit, у Англіі да 1828 года за гомасэксуальныя кантакты мужчынам магла пагражаць нават смяротная кара. На польскіх землях пад расійскай уладай такія адносіны таксама былі крыміналізаваныя, а з 1847 года ў якасці пакарання магла прымяняцца высылка ў Сібір.
Нават у больш ліберальным Парыжы мужчыны не былі абароненыя ад паліцэйскага нагляду. Вэбер знайшоў у парыжскіх архівах паліцэйскія дакументы пра пяцярых мужчын з найбліжэйшага атачэння Шапэна. У справаздачах паліцыя падрабязна фіксавала іх любоўнае і сэксуальнае жыццё. На погляд даследчыка, гэтыя матэрыялы паказваюць, чаму мужчыны мусілі быць асцярожнымі і часта звяртацца да самацэнзуры.
Сам Шапэн, як вынікае з яго перапіскі, пакутаваў ад таго, што не мог адкрыта гаварыць пра свае пачуцці. Вайцяхоўскаму ён пісаў:
«Што да маіх пачуццяў, я заўсёды ў сінкопах з іншымі. Таму я пакутую».
Спрэчка, якая працягваецца
Паводле Вэбера, нават некаторыя прадстаўнікі «старой школы шапэназнаўства» ў прыватных размовах ужо не адмаўляюць любоўных адносін кампазітара з Тытусам Вайцяхоўскім. Аднак агульнапрынятай такая інтэрпрэтацыя дагэтуль не стала.
Так, у публікацыі аўтарытэтнага Нацыянальнага інстытута Фрыдэрыка Шапэна 2024 года сцвярджаецца, што тэза пра «гомаэратычны характар» перапіскі Шапэна і Вайцяхоўскага «не мае падстаў» і разлічаная на тое, каб «выклікаць пэўны эфект і шакаваць чытача».
Як піша Die Zeit, у Музеі Шапэна ў Варшаве дагэтуль можна сустрэць пераклады іншых лістоў, у якіх мужчынскія займеннікі, што тычацца адрасата, замененыя на жаночыя — так, нібыта Шапэн звяртаўся да жанчыны. Пры гэтым, паводле Вебера, кампазітар «не напісаў ніводнага любоўнага ліста ніводнай жанчыне». Прынамсі, ніводзін такі ліст не захаваўся.

Пры гэтым пытанне пра тое, ці карэктна называць Шапэна «геем» у сучасным значэнні слова, застаецца дыскусійным. Катэгорыі сэксуальнай ідэнтычнасці XIX стагоддзя не супадаюць з сучаснымі, а ліставанне не дае поўнай карціны сэксуальнага жыцця кампазітара.
Сам жа аўтар падкрэслівае: яго задача — не навязаць Шапэну сучасную ідэнтычнасць, а вярнуць у яго біяграфію крыніцы, якія раней ігнараваліся або заставаліся невядомымі. Навука, на яго думку, павінна абапірацца на факты і быць адкрытай да іх пераасэнсавання. Сёння, лічыць Вэбер, грамадства нарэшце можа гаварыць пра гэтую частку жыцця вялікага кампазітара адкрыта — гэтак жа, як гэта ўжо адбылося з біяграфіяй Пятра Чайкоўскага.
Такое прачытанне не адмяняе звыклага Шапэна і не змяншае значэння яго музыкі. На погляд аўтара даследавання, яно дазваляе ўбачыць за кананічнай постаццю вялікага кампазітара жывога чалавека — і пачуць некаторыя яго творы ў новым святле.
Каментары