«Хто сёння табе гарантуе, што пройдзеш кантроль?» Як беларусы дабіраюцца з Польшчы на радзіму праз Грузію і Расію
Арцём жыве ў Польшчы, Максім — таксама. Абодвум перыядычна прыходзіцца ездзіць у Беларусь. Але яны выбіраюць доўгі шлях дадому — праз Грузію і Расію, каб не перасякаць беларуска-польскую граніцу. Ні на аднаго з мужчын на радзіме не заведзена крымінальных спраў, але ўсё ж такі яны спрабуюць знізіць рызыкі. Яны расказалі выданню Most пра свае маршруты, а рэдакцыя абмеркавала гэтыя шляхі з прадстаўніком арганізацыі Bysol.

З Варшавы — у Кутаісі, а адтуль — у Маскву
Праца Арцёма ў Польшчы звязаная з частымі раз'ездамі па краінах ЕС. Падаваць дакументы на ДНЖ ён не стаў: занадта доўга чакаць легалізацыі. Замест гэтага перыядычна ездзіць у родны горад, каб зрабіць працоўную візу.
Арцём ужо некалькі разоў лётаў з Варшавы ў Кутаісі, адтуль — у Маскву, а з Масквы аўтобусам дабіраўся да Мінска. Уся дарога займае ў яго каля паўтара сутак. Кошт паездкі розніцца. Але калі ўдаецца злавіць недарагія білеты, укладаецца ў 300 еўра.
«Спрабую выбіраць паездкі ў нізкі сезон, тады можна добра ашчадзіць на авіяпералётах», — кажа беларус.
Фармальных перашкод для вяртання на радзіму ў Арцёма няма. У Беларусі на яго не заведзена крымінальнай справы, хоць ён і браў удзел у вулічных пратэстах. Але перасякаць беларуска-польскую граніцу ён усё роўна асцерагаецца.
«Хто сёння табе гарантуе, што ты без праблем пройдзеш кантроль на мяжы? З вопыту сваіх сяброў і знаёмых я ведаю, што заўсёды можна адшукаць які-небудзь каментарый ці лайк», — тлумачыць Арцём, чаму выбірае менавіта такі маршрут.
З Варшавы — у Калінінград
Максім жыве ў Польшчы ўжо амаль дзесяць гадоў. Раней ён ездзіў на радзіму раз на год, а то і часцей — наведаць родных. Жывучы ў польскім горадзе, ён хадзіў галасаваць у жніўні 2020 года, а потым яшчэ некаторы час браў удзел у пратэсных акцыях у Польшчы. Калі беларускія сілавікі заявілі, што будуць заводзіць крымінальныя справы супраць усіх, хто ўдзельнічае ў пратэстах за межамі краіны, Максім ездзіць у Беларусь перастаў. Пакуль сур'ёзна не захварэла ягоная бабуля.
«Я хацеў паспець прыехаць да яе, каб пабыць з ёй і ў выпадку чаго развітацца. Стаў даведвацца, як можна з'ездзіць у Беларусь бяспечна. Варыянтаў было некалькі: праз Грузію, Стамбул, Ерэван і іншыя. Але мне больш за ўсё падыходзіў варыянт праз Калінінград».
Маршрут атрымаўся такім: аўтобус з Варшавы да Калінінграда, а далей цягнік да Масквы. Потым з Масквы Максім дабіраўся да роднага горада ўжо на маршрутцы. Шлях заняў больш за двое сутак. Дакладны кошт квіткоў мужчына не памятае, але ўся дарога абышлася яму прыкладна ў 250‑300 еўра.
«Справа можа з'явіцца, як толькі сілавікі даведаюцца пра ваша знаходжанне ў Беларусі»
Наколькі такія шляхі бяспечныя і чым рызыкуюць беларусы, якія імі карыстаюцца, Most спытаў Дзмітрыя Ягорава, прадстаўніка арганізацыі Bysol.
— Пазіцыя нашай арганізацыі, зыходзячы з цяперашняй сітуацыі, такая, што мы рэкамендуем устрымацца ад паездак у Беларусь, асабліва тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Едзеце вы праз Грузію, Расію — усё роўна гэта не гарантуе бяспекі, у тым ліку на мяжы. Сілавікі Беларусі і Расіі актыўна супрацоўнічаюць, абменьваюцца данымі, маюць агульныя базы. Допыты на мяжы ў выглядзе прагляду змесціва тэлефона — гэта самы лёгкі варыянт непрыемнасцей. Нават калі вам невядома пра крымінальную справу супраць вас, яна можа з'явіцца, як толькі беларускія сілавікі даведаюцца пра ваша знаходжанне ў Беларусі: выезд будзе закрыты, вас могуць пачаць адразу ж шукаць або затрымаць пры спробе пакінуць краіну.
— Вы згадалі, што крымінальная справа можа з'явіцца ўжо пасля таго, як чалавек апынецца ў Беларусі. Можаце расказаць, як гэта адбываецца на практыцы?
— У нас ёсць кейсы са Службы эвакуацыі, і не адзін. Яны вельмі тыповыя і паўтараюцца, што сведчыць пра сістэму. Чалавек перасякае мяжу, пры гэтым кантроль праходзіць без сюрпрызаў. Аднак у памежных базах спрацоўвае «сцяжок», інфармацыя пра перасячэнне мяжы трапляе сілавікам. Заводзіцца крымінальная справа.
— Як з'яўляецца такі «сцяжок»?
— Дапусцім, у сілавікоў ёсць інфармацыя пра ўдзел некалькіх людзей у дваровым тэлеграм-чаце ў 2020 годзе або ў пратэстах. Следчыя правяраюць, да каго могуць дацягнуцца, хто ў Беларусі, і прыцягваюць у межах крымінальнай справы. Астатнія — напрыклад, калі хтосьці выехаў — застаюцца ў спісе. Менавіта на іх спрацоўвае сістэма, калі яны вяртаюцца ў краіну.
Аўтаматычна ім забараняецца выезд, і следчыя спакойна, не спяшаючыся, заводзяць новую справу, шукаюць чалавека і затрымліваюць. Калі хтосьці прыехаў у Беларусь без праблем на пару дзён, а на выездзе аказалася, што ён невыязны, хоць не было ні позваў, ні званкоў, — хутчэй за ўсё, да яго яшчэ проста не дайшлі. У такой сітуацыі варта пакінуць краіну (маецца на ўвазе праз Службу эвакуацыі, якая арганізуе такія ўцёкі. — Заўв. Most).
— Калі чалавек усё ж прымае рашэнне ехаць, нягледзячы на вашу рэкамендацыю ўстрымацца, ці ёсць якія-небудзь базавыя рэчы, якія варта ведаць загадзя: куды паведаміць блізкім, да каго звяртацца ў выпадку затрымання?
— Мы рэкамендуем не ехаць у Беларусь, таму мы не будзем даваць якіх-небудзь рэкамендацый па бяспецы ў плане паездкі, бо яны не даюць ніякай гарантыі, але могуць стварыць ілюзію, што сітуацыя пад кантролем і ехаць больш-менш бяспечна, калі выкананыя рэкамендацыі Bysol. Наша рэкамендацыя — устрымацца ад паездкі. Гэта рызыка, цаной можа быць зняволенне, катаванні, разбуранае здароўе.
Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў
Палякі ўсё часцей не прапускаюць да сябе беларусаў на аўтамабілях. Вось у чым праблема
«А што адбываецца?» Чэргі на беларуска-расійскай мяжы цяпер не толькі на асноўным пераходзе, а нават на глухой дарозе
Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала
Дасталі. Мытнікі запрасілі мужчыну на асабісты надгляд — той абурыўся і раздзеўся дагала
Каментары