У канцы жніўня беларусаў чакаюць два цікавыя астранамічныя відовішчы: апошняя поўня гэтага лета супадзе з частковым месяцовым зацьменнем, піша Tochka.by.

У ноч на 28 жніўня Месяц пройдзе праз цень Зямлі. Падчас максімальнай фазы зямны цень закрые да 96,2% яго дыска. Таму Месяц можа набыць чырванаватае, меднае або бураватае адценне — так званы «крывавы Месяц».
У Беларусі назіраць зацьменне можна будзе раніцай 28 жніўня. У Мінску частковая фаза пачнецца прыкладна ў 05:33. Месяц у гэты час будзе знаходзіцца нізка над заходнім гарызонтам і можна будзе назіраць, як цень Зямлі паступова закрывае яго дыск.
Найлепшыя ўмовы для назірання будуць прыкладна да 06:10. Пасля гэтага Месяц апусціцца яшчэ ніжэй і неўзабаве знікне за гарызонтам. Максімальная фаза зацьмення чакаецца каля 07:12 па мінскім часе, але ў Беларусі ўбачыць яе ўжо не атрымаецца, бо Месяц да таго часу зойдзе за гарызонт.
Таму для назірання варта загадзя выбраць месца з добра адкрытым заходнім або паўднёва-заходнім гарызонтам, дзе агляд не закрываюць дамы, дрэвы ды іншыя перашкоды. Найбольш поўна зацьменне змогуць убачыць жыхары Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.
Чырвонае адценне Месяца ўзнікае таму, што падчас зацьмення Зямля перакрывае прамыя сонечныя прамяні. Частка святла праходзіць праз зямную атмасферу. Сінія адценні рассейваюцца мацней, а чырвоныя і аранжавыя прамяні дасягаюць паверхні Месяца. Менавіта таму ён можа выглядаць чырвоным або медным.
У адрозненне ад сонечнага зацьмення, на месяцовае можна глядзець няўзброеным вокам — спецыяльныя ахоўныя акуляры не патрэбныя. Бінокль ці невялікі тэлескоп дазволяць лепш разгледзець мяжу зямнога ценю.
Наступнае поўнае месяцовае зацьменне адбудзецца толькі 31 снежня 2028 года.
Назва «Асятровы Месяц» паходзіць з традыцый некаторых карэнных народаў Паўночнай Амерыкі. У канцы лета ў рэках і Вялікіх азёрах пачынаўся актыўны вылаў асятроў, таму жнівеньскую поўню сталі называць Асятровай. Выкарыстоўваюцца таксама назвы Кукурузны, Збожжавы і Чырвоны Месяц.
Саму поўню можна будзе назіраць з вечара 27 жніўня да раніцы 29 жніўня.
Каментары