Беларус не атрымае $40 тысяч за сына, які загінуў на фронце. Былая жонка і ўнучка аказаліся спрытнейшымі
Аляксандр Якубоўскі даўно кінуў сям'ю, а як сталі раздаваць грабавыя, то запісаўся ў чаргу. Маўляў, аліменты ж плаціў — дык хай і яму нешта перападзе.

Жыхар пасёлка Савінскі Архангельскай вобласці Аляксей Якубоўскі загінуў на фронце 27 сакавіка 2024 года. У некралогу напісалі, што яго рашэнне пайсці на фронт было асэнсаваным, хоць у базе загінулых пазначана, што Якубоўскага забралі на вайну з-за кратаў. Зрэшты, адно другому можа і не супярэчыць — можа, ён асэнсавана вырашыў не сядзець у турме, а пайсці забіваць.
На момант смерці Якубоўскаму было 29 гадоў. У яго засталася дачка Ксенія.
Дзяўчынка яшчэ замалая, каб удзельнічаць у бойцы за татавы грабавыя, але нехта ў судзе прадстаўляў і яе інтарэсы.
А ваявалі на адным баку той самы прадстаўнік дачкі і Валянціна Краўчанка (гэта маці загінулага). З другога — грамадзянін Беларусі Аляксандр Якубоўскі, бацька загінулага.
Бацька хацеў атрымаць сваю траціну ад магільных $115 тысяч, але астатнія спрабавалі адсунуць яго ад стала.
Перадгісторыя такая. Аляксандр Якубоўскі і Валяніна Краўчанка былі ў шлюбе, у іх нарадзілася двое сыноў. Калі малодшы сын быў яшчэ дзіцем, бацька пакінуў сям'ю і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Беларусь. Афіцыйна развяліся значна пазней. Аляксандр ніякага ўдзелу ў выхаванні і жыцці сыноў не браў: не сустракаўся з імі, не цікавіўся іх здароўем і адукацыяй. Гэта пацвердзілі ў судзе старэйшы сын Уладзімір і суседка сям'і. Абое засведчылі, што бацька сам пазбягаў сустрэч з дзецьмі, нават калі жыў непадалёк ад іх.
Сам Аляксандр у судзе настойваў, што гэта былая жонка перашкаджала яму бачыцца з сынам. А галоўным аргументам на карысць свайго бацькоўства лічыў тое, што запазычанасці па аліментах у яго не было.
Але суд вырашыў што гэта няважна — маўляў, грабавыя плацяць не абавязкова біялагічным бацькам, а каб «падзякаваць ад імя дзяржавы менавіта тым, хто рэальна выхаваў абаронцу Айчыны».
Так што Аляксандр Якубоўскі застаўся з ні чым. $115 тысяч падзялілі між сабой маці вайскоўца і ягоная дачка.
Каментары