Верхні замак пазбавіўся старых дрэваў, якія прыгожа абрамлялі старажытныя помнікі. Прычынай для зносу дрэваў сталі наступствы нядаўняй непагадзі.

Як паведамляе краязнаўчая суполка «Полацк: мінулае і сучаснасць» у мінулую суботу ў горадзе быў моцны вецер, які зламаў вялікую галіну на адной з таполяў, што размешчаны побач з Барысавым каменем на Верхнім замку. У выніку мясцовыя службы прынялі рашэнне спілаваць не толькі пашкоджанае дрэва, але і суседнюю таполю.


Паводле сведчанняў відавочцаў, другая таполя, якая знаходзілася бліжэй да гістарычнага валуна, не адразу паддалася спілоўванню: падчас валкі ствала не вытрымлівалі і рваліся вяроўкі. Сам Барысаў камень падчас валкі дрэў быў шчыльна загорнуты ў чорную плёнку, якая, відаць, мусіла засцерагаць яго ад магчымых пашкоджанняў, але не зусім ясна, як яна магла б гэта зрабіць.

Знікненне дарослых дрэваў істотна змяніла прастору каля Барысава каменя і Сафійскага сабора. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што без дрэў гэтая частка замка візуальна ператварылася ў пустэчу.

На фотаздымках таксама можна заўважыць аўтавышку з люлькай, паднятай да ўзроўню карніза заходняга фасада Сафійскага сабора. Магчыма, гэта пачатак адбору ўзораў і фізіка-хімічных даследаванняў фасадаў перад чаканай маштабнай рэстаўрацыяй.
Як мы паведамлялі раней, на гэтыя працы выдзелена 2,4 мільёна рублёў, а адбор узораў матэрыялаў быў запланаваны якраз на чэрвень—верасень 2026 года. Галоўная інтрыга праекта заключаецца ў магчымым вяртанні храму сапраўднага каляровага аблічча сярэдзіны XVIII стагоддзя: архітэктар-рэстаўратар Раман Забела даводзіць, што цяперашні белы колер з'яўляецца вынікам утылітарных рамонтаў часоў Расійскай імперыі, у той час як арыгінальны барочны фасад меў вохрыстыя адценні з тэракотавымі акцэнтамі.
Таксама новы праект мог бы прадугледзець больш шырокае раскрыццё і абарону (напрыклад, шклянымі экранамі) унікальнай муроўкі ХІ стагоддзя, якая сёння паказана толькі праз невялікія лакальныя зандажы, што паступова руйнуюцца пад уздзеяннем клімату.
З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд
Забудзьце пра «белага лебедзя». Сафійскаму сабору ў Полацку прапануюць вярнуць гістарычны каляровы фасад
Пры раскопках каля Сафіі ў Полацку знайшлі фрагменты сцяны XII стагоддзя
Падчас раскопак у Полацку знайшлі старажытнае графіці і фрагмент галерэі XII стагоддзя
Каментары
Калі вы апошні раз ужывую бачылі гэты Барысаў камень? Я яшчэ 4 гады таму на свае вочы і ведаю пра што кажу. Тое, што ён тысячы гадоў ляжаў на дне ракі ды яшчэ хутчэй за ўсё пакрыты пяском ці глеем наадварот спрыяла яго захоўванню. Таму што не было доступу паветра і разбуральнага ўплыву перападу тэмператур. А як перастанеце смяяцца, то пачытайце што такое эрозія і які разбуральны ўплыў гэта з’ява робіць для гістарычных помнікаў. Археолагі частку сваіх адкрыццяў, напрыклад, могуць не раскопыаць або закопваць назад каб пазбегнуць іх разбурэння ў выпадку немагчымасці пачаць адразу кансервацыйныя работы. Так было з драўлянымі рыштаваннямі гарадзішча на Менцы, якія былі знойдзены і часткова апісаны яшчэ дзесяткі гадоў таму.