Нафтавікі ЗША папярэдзілі, што механізмы стрымлівання сусветнага паліўнага крызісу вычарпаныя
Кіраўнікі трох найбуйнейшых нафтавых кампаній ЗША — ExxonMobil, Chevron і ConocoPhillips — яшчэ ў сакавіку папярэджвалі адміністрацыю Дональда Трампа, што працяглая блакада Армузскага праліва непазбежна прывядзе да сусветнага паліўнага крызісу, у тым ліку да дэфіцыту нафтапрадуктаў, напрыклад дызельнага паліва. Цяпер, паводле іх ацэнкі, гэты крызіс ужо пачаўся. Пра гэта піша The Wall Street Journal пасля двух энергетычных канферэнцый у Тэхасе.

Генеральны дырэктар Chevron Майк Уорт заявіў, што механізмы, якія раней дапамагалі змякчаць рызыкі для цэн і паставак, цяпер «вычарпаныя». Камерцыйныя запасы паліва ва ўсім свеце скарачаюцца ўжо больш за паўгода. Разлічваць на значнае папаўненне за кошт стратэгічных запасаў таксама складана: краіны Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця яшчэ вясной вырашылі выкарыстаць з іх 400 мільёнаў бараляў.
Кітай, які раней істотна скараціў імпарт нафты і пакрываў амаль палову свайго штодзённага спажывання за кошт уласных запасаў, у апошнія тыдні зноў пачаў больш актыўна закупляць нафту на міжнародным рынку.
«Цяпер у нашай сістэме няма тых амартызатараў, якія былі ў пачатку вайны на Блізкім Усходзе», — сказаў Уорт.
Паводле яго слоў, цяжка чакаць хуткага зніжэння цэн на нафту.
«Мне хацелася б сказаць вам, што я бачу нейкія прычыны для паляпшэння сітуацыі, але цяпер гэта наўрад ці магчыма», — адзначыў ён.
Эксперты на энергетычных канферэнцыях папярэджваюць, што без прыкмет хуткага заканчэння канфлікту з Іранам сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю.
У ЗША кошт дызельнага паліва на мінулым тыдні ўпершыню ў гісторыі дасягнуў 6 даляраў за галон, а на гэтым тыдні вырас да 6,23 даляра. Бензін, які летам каштаваў менш за 4 даляры за галон, падаражэў да 4,32 даляра.
З пачатку ліпеня, калі пасля падпісання папярэдняга мірнага пагаднення паміж ЗША і Іранам адбылося кароткае паслабленне напружанасці, нафта падаражэла ў паўтара раза. У аўторак кошт нафты Brent перавысіў 108 даляраў за бараль.
Трэйдары чакаюць далейшага пагаршэння сітуацыі з прапановай нафты і росту цэн. Кошт ф'ючарса на пастаўку праз два месяцы ўжо на 4,7 даляра за бараль перавышае кошт найбліжэйшага месячнага кантракту. У сярэдзіне жніўня розніца была меншай за 2 даляры.
Паводле інфармацыі Міжнароднага энергетычнага агенцтва, з лютага, калі пачалася вайна, сусветныя камерцыйныя запасы нафты скараціліся ў агульнай складанасці на 507 мільёнаў бараляў, або ў сярэднім на 2,8 мільёна бараляў у суткі. Такім чынам, за кошт запасаў было забяспечана амаль 3% сусветнай прапановы нафты. Аднак, паводле Майка Уорта, надалей удзельнікі рынку ўжо не змогуць выдаткоўваць запасы такімі ж тэмпамі.
Старшая энергетычная трэйдарка CIBC Private Wealth Group Рэбека Бабін адзначыла, што нафтавы рынак апынуўся ў складаным становішчы. З аднаго боку, рэальныя фактары па-ранейшаму паказваюць на скарачэнне прапановы, а з другога — заявы бакоў канфлікту могуць сведчыць пра магчымую дээскалацыю.
Паводле яе слоў, у выніку рынак будзе больш звяртаць увагу на рэальныя аб'ёмы нафты і стан інфраструктуры, чым на палітычныя заявы.
Пры гэтым кіраўнікі нафтавых кампаній і эксперты лічаць галоўнай пагрозай для сусветнага нафтавага рынку менавіта канфлікт з Іранам, а не супрацьстаянне паміж Расіяй і Украінай. Эскалацыя на Блізкім Усходзе ў апошнія тыдні выклікае ў нафтавай галіны асаблівую занепакоенасць.
ЗША адначасова спрабуюць знізіць напружанасць у іншых рэгіёнах. Дональд Трамп заявіў, што не будзе аслабляць эканамічны ціск на Іран як мінімум да лістападаўскіх выбараў у Кангрэс, але пры гэтым заклікаў Украіну спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пазней ён заявіў, што Расія і Украіна дамовіліся спыніць атакі на нафтавыя аб'екты адна адной. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Украіна гатовая да энергетычнага перамір'я, калі Расія таксама будзе яго выконваць. Аднак пасля гэтага бакі зноў абмяняліся ўдарамі.
Заснавальнік і генеральны дырэктар Quantum Capital Group Уіл ВанЛо заявіў, што на перамовах звычайна атрымлівае перавагу той бок, у якога больш часу і які гатовы даўжэй трываць цяжкасці.
«Іран гатовы цярпець цяжкасці. Ягоны народ ужо шмат дзесяцігоддзяў церпіць велізарныя цяжкасці», — сказаў ён.
У Сірыі выбухнулі буйныя пратэсты пасля моцнага падаражання паліва
Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е
Буйны саудаўскі нафтаправод можа быць выведзены са строю на некалькі тыдняў
Развітанне з вугалем адкладаецца. Бруднае паліва зноў у модзе дзякуючы Трампу, Пуціну і глабальнаму пацяпленню
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары