У Швейцарыі праходзіць рэферэндум аб нейтралітэце. На коне — падтрымка санкцый супраць Расіі і супрацоўніцтва з НАТА
Жыхары Швейцарыі на рэферэндуме ў нядзелю выкажуць сваё меркаванне аб канстытуцыйных папраўках, якія рэзка ўзмацняюць патрабаванні да нейтралітэту гэтай краіны. Правапапулісцкая Швейцарская народная партыя прапануе ўстанавіць, што Швейцарыя можа далучацца толькі да міжнародных санкцый, уведзеных Радай Бяспекі ААН, піша ВВС.

Як адзначаюць журналісты, калі швейцарцы падтрымаюць прапанаваныя нормы, краіна павінна будзе адмяніць свае санкцыі супраць Расіі, уведзеныя пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Масква мае ў Радзе Бяспекі ААН права вета і можа заблакаваць любыя накіраваныя супраць яе меры.
Прапанаваныя Швейцарскай народнай партыяй папраўкі таксама прадугледжваюць адмову ад цеснага супрацоўніцтва з якімі-небудзь вайсковымі саюзамі — калі краіна не сутыкаецца з непасрэднай пагрозай нападу.
Швейцарыя ў асноўным далучылася да санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі, якія былі ўведзеныя пасля лютага 2022 года. Краіна не ўваходзіць у НАТА, але падтрымлівае з альянсам даволі цесныя адносіны і ўдзельнічае ў некаторых яго праграмах.
Швейцарыя абвясціла сябе нейтральнай краінай яшчэ ў 1815 годзе, а ў 1848‑м замацавала такі статус у канстытуцыі. Аднак цяпер улады могуць трактаваць паняцце нейтральнасці даволі шырока.
Як адзначае ВВС, у выніку нейтральнасць дзяржавы мае свае межы: краіна палічыла расійскае ўварванне ва Украіну парушэннем міжнароднага права і далучылася да санкцый ЕС супраць Масквы.
Улетку афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава выступіла ў падтрымку ўзмацнення патрабаванняў да нейтралітэту Швейцарыі. У сваім допісе ў тэлеграме яна адзначала, што «Швейцарыя далучылася да двух дзясяткаў пакетаў санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі» і «пад замарозкай актываў у краіне знаходзяцца каля 2600 фізічных і юрыдычных асоб».
Мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, апублікаваных у сярэдзіне верасня, значная большасць выбаршчыкаў Швейцарыі выступае супраць унясення паправак.
Розныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што супраць мелі намер галасаваць ад 63% да 68% выбаршчыкаў, а за — ад 31% да 34%.
Як адзначае агенцтва Reuters са спасылкай на звесткі кампаніі Tamedia, прыхільнікі ўзмацнення нейтралітэту лічаць, што такая мера не дазволіць уладам размываць гэта паняцце і дапаможа забяспечыць ролю Швейцарыі як пасярэдніка ва ўрэгуляванні канфліктаў.
Аднак праціўнікі паправак настойваюць, што яны абмяжуюць магчымасць Швейцарыі рэагаваць на міжнародныя крызісы і аслабяць яе абарону.
Каля 25% апытаных таксама заявілі, што адмова ад увядзення санкцый за парушэнні міжнароднага права будзе разглядацца як падтрымка дзеянняў краін-агрэсараў, што нашкодзіць рэпутацыі Швейцарыі.
Каментары