Грамадства11

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Палкоўнік у адстаўцы Андрэй Шубадзёраў апублікаваў у фэйсбуку план, як, на яго думку, можна хутка спыніць вайну ва Украіне.

Андрэй Шубадзёраў. Архіўнае фота з яго фэйсбука

Шубадзёраў прапануе не чакаць палітыкаў, а дамагацца, каб агонь спынілі самі палявыя камандзіры. Сваю ініцыятыву ён назваў місіяй «Домой».

Гэта ўжо другі яго пост на гэтую тэму.

«Міру ад палітыкаў чакаць не варта»

Новы пост Шубадзёраў, паводле яго слоў, наўмысна напісаў пасля сустрэчы «наймацнейшых гэтага свету» — Трампа, Сі Дзіньпіна і Пуціна. Яна, піша аўтар, канчаткова пацвердзіла яго гіпотэзу: «міру ад палітыкаў чакаць не варта, а значыць, людзі будуць працягваць гінуць».

Ён нагадвае, што вайна ідзе амаль пяць гадоў і, паводле яго ацэнкі, забрала больш за мільён жыццяў. Спробы спыніць яе перамовамі пры пасярэдніцтве Трампа, які, на думку аўтара, «максімальна падтрымлівае Пуціна», не будуць паспяховымі «НІКОЛІ» — палкоўнік піша гэтыя словы вялікімі літарамі.

Палітыкі, лічыць Шубадзёраў, маглі б без папярэдніх умоў спыніць баявыя дзеянні і сесці за стол перамоваў, але не зрабілі гэтага.

На думку Шубадзёрава, кіраўніцтва Расіі пралічылася, калі пачало вайну, і завяло сітуацыі ў тупік.

«Захоп тэрыторыі, на якой нічога жывога не засталося, цаной жыццяў тысяч пацаноў і мужыкоў — гэта сюр! Калі за табой тысячы кіламетраў неасвоенай дзікай зямлі, калі ў тваёй краіне няма парадку, няма дастатку і гуляе адно гора, камандзір не бачыць матывацыі для перамогі. І вось у гэтае пекла палітыкі заганяюць усё больш і больш людзей на смерць».

Горад Канстанцінаўка пасля штурму расійскімі войскамі. Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanized Brigade via AP

Рашэнне — у руках камбрыгаў

Галоўная ідэя паста: спыніць агонь могуць самі палявыя камандзіры, «проста і хутка». Пад імі аўтар разумее камандзіраў брыгад і ніжэй.

На заўвагі, што вайскоўцы мусяць выконваць загады і статуты, Шубадзёраў адказвае загадзя: «Вядома, павінны. Але мы знаходзімся ў тым пункце, у якім сэнс гэтых загадаў супярэчыць здароваму сэнсу».

Ён спасылаецца на вайсковае правіла: калі бок страціў 30% асабовага складу, наступ спыняецца, бо больш не дае выніку. Гэтыя статуты, як казалі яго выкладчыкі ў вучылішчы і акадэміі, «напісаныя крывёю». Колькі страціла расійская армія, мы, кажа аўтар, не даведаемся ніколі.

Апраўдаць такія страты камандзір, на думку Шубадзёрава, не можа «ніяк», бо «мэты не зразумелыя, задачы не пастаўленыя».

Каб камандзіры адважыліся на такое рашэнне, яны павінны ведаць, што будуць у бяспецы. Забяспечыць яе, паводле аўтара, можа грамадства: «Мы. Тысячы, сотні тысяч і, магчыма, мільёны людзей, якія скажуць расійскім салдатам: пара дадому».

Пры гэтым ён просіць не пісаць яму пра дэзерцірства і перавароты: «У мяне нават у думках няма прапагандаваць дзяржпераварот».

Чатыры этапы місіі «Домой»

Шубадзёраў падкрэслівае, што місія — не праект аднаго чалавека, арганізацыі ці каманды. Далучыцца можа кожны: ад асобнага чалавека да кампаніі ці цэлай краіны. План складаецца з чатырох этапаў.

  1. Грамадскі розгалас. Пашырэнне мэтаў місіі ў сацсетках, асобны тэлеграм-канал, аватаркі, хэштэгі ці проста слова «Домой». Аўтар рассылае матэрыялы ў медыя, якія чытаюць расіяне і ўкраінцы. Ён настойвае, што ў місіі «няма ні кроплі палітыкі», ёсць толькі гуманітарны аспект.
  2. Сувязь з палявымі камандзірамі. Аўтар называе гэты этап самым складаным, бо на камандзіраў будзе ціснуць іх кіраўніцтва. Наладзіць кантакт мае «штаб місіі» з вядомых людзей і найбольш актыўных удзельнікаў. Асобна ён просіць сваякоў і сяброў вайскоўцаў тлумачыць ім мэту: як мага хутчэй вярнуцца дадому жывымі.
  3. Парадак спынення агню. Яго мае выпрацаваць штаб, аснову якога складуць камандзіры з абодвух бакоў. Аўтар заўважае, што трэба ўплываць і на тых, хто запускае ракеты і скідае бомбы за сотні кіламетраў ад фронту. Уплываць, паводле яго, могуць сваякі, суседзі і калегі, а таксама страх адказнасці за «загадзя бесчалавечныя загады».
  4. Спыненне агню і адвод войскаў. Паміж бакамі, на думку аўтара, можна ўвесці міратворцаў: сумесны кантынгент НАТА і АДКБ, сілы ААН ці войскі асобных краін. Далейшыя крокі, ад вываду войскаў да іх прыёму ў месцах пастаяннай дыслакацыі, ён пакідае дзяржавам і міжнародным інстытутам.

«Проста не раздумвайце, а цісніце кнопкі»

«Магчыма, менавіта ваш перапост дапаможа выратаваць чалавечыя жыцці», — піша аўтар. А тым, хто з'ехаў, што падкрэслівае ён, гэта дасць магчымасць вярнуцца дадому.

«Ваенным экспертам» і дарадчыкам, якіх ён чакае ў каментарах, аўтар раіць спачатку спытаць сябе, што яны самі могуць зрабіць дзеля выратавання жыццяў. Пра сябе ён піша, што яму 58 гадоў, з іх больш за 30 у арміі — спачатку савецкай, а пасля ў беларускай, і што ён не «касманаўт» і не «крамлёўскі летуценнік». Вайна, паводле яго слоў, закранула асабіста яго і яго сям'ю.

Хто такі Андрэй Шубадзёраў

Андрэй Юр'евіч Шубадзёраў — палкоўнік Узброеных сіл Беларусі ў адстаўцы.

Андрэй Шубадзёраў у часы службы. Архіўнае фота з яго фэйсбука

У прыватнасці, ён кіраваў вайсковым інфармацыйным агенцтвам «Ваяр». Пасля службы ён стаў менеджарам спецпраектаў у ІТ-кампаніі Wargaming, а ў 2018 годзе перайшоў у мінскі EPAM на пасаду намесніка генеральнага дырэктара.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну1

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі ракетны карвет «Меркурый» пайшоў на дно11

Мужчыны ўсё часцей патрабуюць стаўлення да іх як да прынцаў: каб жанчыны плацілі за спатканні і дарылі падарункі16

Пасля расійскіх удараў у Адэсе і Дняпры масавыя адключэнні святла

У Польшчы ў пятніцу ўпалі тры расійскія ракеты8

Лівійская армія паведаміла, што адбіла новую атаку марскіх дронаў у Бенгазі2

Тамагочы зноў папулярныя. Чаму праз 30 гадоў маленькія віртуальныя гадаванцы зноў у трэндзе1

«А рускіх імёнаў не знайшлося?» Былы футбаліст зборнай Расіі здзівіўся імёнам беларускіх дзяцей38

Чэмпіён Беларусі па футболе вызначыцца ў апошнім туры

Пацярпелыя ў ДТЗ з дзікімі жывёламі могуць разлічваць на кампенсацыю. Але за паўтара года па яе звярнуліся толькі 13 чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну1

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць