Пракоп'еў: Бабарыка не выканае сваю місію, калі не аб'яднаецца з Ціханоўскім, чые стрымы маюць вялікую грамадскую карысць
Бізнэс-менеджар Вадзім Пракоп'еў даслаў у «Нашу Ніву» з ЗША калонку, у якой заклікае ўсіх прызнаць у Сяргею Ціханоўскім рэфарматара беларускай апазіцыі. Тым, хто так не зробіць, ён прарочыць бязрадасны лёс.

«Калі Сяргей спусціўся ў ніжні інтэрнэт, я зажмурыўся. Разумеў, што зараз пачнецца.
У стрымах Сяргея прасочвалася асабістая крыўда — справядлівая, улічваючы тое, як з ім абышліся ў Офісе. Але палітыку, дый наогул даросламу чалавеку, нельга крыўдаваць!
Пры гэтым, я бачу вялікую грамадскую карысць у яго эмацыйных стрымах.
Даўно пара было выкрыць крывадушнасць і хлусню. Даўно пара было зрабіць работу, якую адмаўляліся рабіць беларускія журналісты.
Сяргей, агаляючы вантробы Офіса, дае нам дастаткова аргументаў і інсайдаў, каб сцвярджаць, што Офіс у яго цяперашнім выглядзе — гэта сімулякр і ў беларусаў няма прафесійнай апазіцыі. Гэта значыць, адсутнічае галоўны палітычны суб'ект, без якога не тое што перамога — само супрацьстаянне немагчымае.
Сяргей абазначае праблему сваёй мовай, з бальшавіцкай, мякка кажучы, прамалінейнасцю. Вось як бы гэта гучала, калі б тую ж праблему фармуляваў я:
Чаму Офіс у яго сённяшнім выглядзе — тупіковая галіна эвалюцыі беларускага супраціву?
- Страціў сувязь з беларусамі ўнутры краіны. Паслядоўна грэбаваў унутранай аўдыторыяй на карысць заходніх партнёраў.
- Не здолеў прапанаваць пераканаўчы праект будучыні. Сацыёлагі выказваюць гэта мяккай фармулёўкай: «Беларусы не хочуць жыць у Беларусі Лукашэнкі, але не хочуць жыць і ў Беларусі Ціханоўскай».
- Не здолеў кансалідаваць антылукашэнкаўскія сілы. Не здолеў скарыстаць інтэлектуальны патэнцыял беларускай грамадзянскай супольнасці. Паслядоўна праводзіць палітыку раз'яднання. Не здолеў (не хацеў) інтэграваць буйных палітычных фігур пасля іх вызвалення.
- Не здолеў (не хацеў) арганізаваць масавы палітычны рух. Нягледзячы на ўсе выдзеленыя рэсурсы, аказаўся арганізацыйна слабым.
- Пасіўна назірае за вызваленнем палітычных вязняў, не лічачы іх вызваленне прыярытэтам. Не робіць крокаў па стварэнні ўмоў для іх абмену. Няхай Амерыка адказвае за дыялог, а Еўропа — за ціск. У гэтай наіўнай формуле — уся пазіцыя Офіса. Злачынна мала зроблена для падтрымкі сем'яў вязняў.
- Офіс не здолеў сфармуляваць рэалістычную стратэгію прыходу да ўлады. Пры ўсіх наяўных рэсурсах не займаецца падрыхтоўкай новых нацыянальных эліт. Не можам жа мы праграму «Кадравы рэзерв» лічыць сур'ёзным праектам.
- Офіс не прапанаваў сістэмы выбарнасці і змяняльнасці кіраўнікоў. Не забяспечыў зваротнай сувязі з грамадствам. Не забяспечыў справаздачнасці і празрыстасці. Залежнасць ад беларусаў — 0%. Залежнасць ад заходніх донараў — 100%. Розныя наратывы для заходняй і беларускай аўдыторый. Калі меркаваць па меседжах Святланы для заходняй аўдыторыі, то ў Беларусі дзейнічае падполле, а за мяжой працуе паўнавартасны ўрад у выгнанні!
- Катастрафічная кадравая палітыка. Адмоўная селекцыя. У Офісе і Кабінеце працуюць людзі, якія дыскрэдытавалі сябе дзеяннямі супраць беларусаў. І наадварот, таленавітыя і прынцыповыя людзі не падзяляюць метадаў кіраўніцтва і пакідаюць арганізацыю.
- Міжнародная палітыка Офіса па-камсамольску наіўная і неэфектыўная. Адарваная ад міжнароднага кантэксту, не ўлічвае геапалітычных рэалій.
- Карпаратыўная культура Офіса — гэта культура НДА, а не палітычна адказнага гульца з дзяржаўным бачаннем. Адсутнічае стратэгічнае мысленне. Наўмысная адмова ад пошуку незалежнага фінансавання. Паходы да Сораса — гэта не фандрайзінг, гэта шлях да абмежаванняў у палітыцы. Дзіўная юрыдычная форма. Адсутнічае нават элементарнае справаводства.
- Узаемная грантавая залежнасць Офіса і апазіцыйных СМІ адбіваецца на свабодзе слова, дэвальвуе каштоўнасці і падрывае давер грамадзянскай супольнасці.
- І ўсё гэта — не проста тактычныя памылкі, слабасці і недахопы. У ўсяго гэтага ёсць сур'ёзныя стратэгічныя наступствы: нас няма як фактару міжнароднай палітыкі.
Офіс, валодаючы неверагоднымі рэсурсамі, згуляў у слабую гульню, не змог капіталізаваць патэнцыял 2020 года. Нас няма за сталом перамоў, і нашы інтарэсы не будуць улічаныя ў магчымай здзелцы паміж Масквой і ЕС.
Дыягназ пастаўлены. Рознымі людзьмі, рознай мовай. Віктар Бабарыка, Уладзімір Мацкевіч, Іван Краўцоў і многія эксперты — нават калі паспрачаюцца са мной у дэталях, не разыдуцца са мной у галоўным: дэмсілы даўно знаходзяцца ў глыбокім сістэмным крызісе.
Што з гэтым рабіць? Некаторыя палітолагі лічаць, што трэба чакаць з'яўлення «трэцяй хвалі апазіцыі». У Сяргея Ціханоўскага больш практычная ідэя — круглы стол на шасцярых.
Здавалася б, сядай ды размаўляй. У кожнага з шасцярых, я ўпэўнены, будзе свой рэцэпт выхаду з тупіка. Кожны з шасцярых заслужыў месца за такім круглым сталом. Чаму не? Але, мяркуючы па каментарах Марыі і Віктара, апублікаваных «Люстэркам» 24 лістапада, мой прагноз тыднёвай даўніны рызыкуе спраўдзіцца: «яны пагрэбуюць саюзам з гучным і грубым Ціханоўскім».
Дарагія Маша і Віктар, адчуваю сваім абавязкам сказаць вам наступнае: мяч на вашым баку. Ад вас цяпер залежыць курс.
«Грэблівасць — пачуццё інфантыльнае», — сказаў неяк добры пісьменнік. Сяргей, якім бы «нявыхаваным» ён ні быў, — ваш палітычны саюзнік.
Ён зняў белае паліто і зрабіў усю непрыемную работу, праклаўшы вам шлях. Зрабіў усё, каб паставіць пытанне рубам, прыняў на сябе ўвесь хейт і ўсю крытыку і нават не прэтэндуе на месца ў кіраўніцтве.
Я вам скажу, што будзе, калі вы, Віктар і Маша, не скарыстаецеся фортачкай магчымасцяў, якую для вас адчыніў Сяргей.
Маша, вы не прападзеце. Вы станеце нямецкай зоркай сярэдняй велічыні ў гуманітарнай сферы. Ваш палітычны ўплыў застанецца нязначным.
Віктар, вы станеце дзэн-філосафам. Ваша жыццёвая місія застанецца нявыкананай.
Офіс ачомаецца ад чарговага крызісу і працягне сваю (не сваю) палітыку. Журналісты не зададуць ніводнага вострага пытання.
Альтэрнатыўнага палітычнага Офіса не ўзнікне. Жыццё ОСЦ донары яшчэ доўга будуць падтрымліваць на грантавых прэпаратах, а рэсурсы тым часам скончацца ва ўсіх астатніх.
У Беларусі доўга не будзе нармальнай апазіцыі проста таму, што вам не захацелася канфрантацыі ў лістападзе 2026 года.
Дарагія Віктар і Маша, калі вы ставіце перад сабой вялікія палітычныя мэты, лепшага моманту не будзе».
* * *
Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.
Каментары